Загадчыцу дзіцячага садка судзяць за вымаганне грошай з падначаленых

17/12/2019 - 06:18

Чэрыкаўскі раённы суд Магілёўскай вобласці разглядае крымінальную справу былой загадчыцы дзіцячага садка №19 з Крычава Алы Пастуховай. Жанчыну вінавацяць па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу, перадае Радыё "Свабода". Сярод іх — злоўжыванне ўладай і перавышэнне службовых паўнамоцтваў з карыслівай зацікаўленасці. Па гэтых артыкулах ёй пагражае да 6 гадоў зьняволення.

Пацярпелымі прызнаныя 16 супрацоўніц дзіцячага садка, якім кіравала Пастухова. Сама 62-гадовая жанчына знаходзіцца пад хатнім арыштам. Падчас суда яна была без міліцэйскага канвою.

Следчыя высветлілі, што дырэктарка садка збірала грошы з падначаленых пастаянна і сістэмна. Ім налічвалі матэрыяльную дапамогу, але большую частку грошай супрацоўніцы аддавалі сваёй начальніцы. Сума вагалася ад 25 да 120 рублёў.

Зборам грошай, не ведаючы, што гэта незаконна, займалася справавод садка. Яна ж называла супрацоўніцам суму, якуюя яны павінны былі перадаць Пастуховай. Такая схема пабораў існавала з 2015-га па 2018 год. За гэты час Пастухова нанесла шкоду падначаленым больш, чым на 10 тысяч рублёў.

Акрамя таго, Пастухова пасылала падначаленых у працоўны час дапамагаць ейнаму старому бацьку, рамантаваць сваю кватэру і лецішча. Акрамя таго прыбіральшчыца напрыклад, вазіла ў Магілёў грошы і харчы для дачкі Пастуховай. Усе гэтыя "работы" адзначаліся ў табелі ўліку працоўнага часу як праца ў садку. Следчыя ацанілі, што такія дзеянні Пастуховай нанеслі шкоду яе падначаленым на амаль 9000 рублёў. 

Таксама дырэктарку садка вінавацяць у крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Паводле следства, жанчына прысабечвала будаўнічыя матэрыялы, вылучаныя на рамонт садка. Крадзенае выявілі ў падвале садка і кваліфікавалі дзеянні Пастуховай як замах на злачынства.

Сама Пастухова абвінавачанне не прызнала. Сваю пазыцыю яна вырашыла патлумачыць пасля допыту пацярпелых і сведкаў. 

Пра затрыманне Пастуховай стала вядома 1 красавіка 2019 года. Па словах былых падначаленых, арыштавалі яе на працоўным месцы. Некалькі месяцаў жанчыну трымалі ў следчым ізалятары магілёўскай турмы №4, потым адпусцілі пад хатні арышт. У садку яна больш не працуе — на пенсіі. Пакуль ішло следства, у яе памёр бацька.

Дарэчы, дзіцячы садок, якім кіравала Ала Пастухова з 2002 года, у Крычаве лічыўся прывілеяваным. Пра яго пісала дзяржаўная прэса. Сама загадчыца была на раённай Дошцы гонару і мела грамату Магілёўскага аблвыканкаму. Яна нязменна старшынявала ва ўчастковых камісіях падчас выбарчых кампаніяў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі