17-гадовы юнак з Гродзеншчыны купіў восем машын на крадзеныя грошы

31/03/2026 - 17:13

Аўтамабілі, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

У Воранаве (Гродзенская вобласць) 17-гадовы падлетак скраў у знаёмага больш за 23 тысячы еўра з сейфа, паведамляе Следчы камітэт.

Юнак дапамагаў свайму 39-гадоваму знаёмаму па гаспадарцы, ведаў, дзе захоўваюцца каштоўнасці і ключы. Пры канцы сакавіка, калі гаспадара не было дома, юнак узяў схаваныя ключы, забраўся ў дом і адчыніў сейф. Адтуль ён забраў больш за 23 тысячы еўра.

На гэтыя грошы хлопец купіў восем аўтамабіляў. Адзін з іх аказаўся няспраўным, таму юнак вырашыў яго спаліць.

Неўзабаве гаспадар дома выявіў прапажу і звярнуўся ў міліцыю. Выкрадальніка вылічылі хутка. Дома ў яго знайшлі 1500 еўра і больш за 8 тысяч рублёў, якія ён не паспеў патраціць.

Паведамляецца, што падлетак жыве са сваёй сям'ёй і вучыцца ў каледжы ў Гродне. Раней ён судзімасцяў не меў. На хлопца пачалі крымінальную справа аб крадзяжы ў асабліва буйным памеры і ўзялі яго пад варту.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі