Экс-палітвязень, якога мабілізавалі ва Украіне: “Я ўжо вярнуў даўгі дзяржаве”

30/03/2026 - 17:56

Аляксандр Катовіч падчас вайсковага навучання / Асабісты архіў Аляксандра Катовіча / Еўрарадыё

Грамадзяніна Украіны і былога палітвязня Аляксандра Катовіча, які адбыў пакаранне ў шклоўскай калоніі №17 па палітычных артыкулах, у лютым мабілізавалі.

Гэта адбылося таму, што Катовіч, пасля памілавання і дэпартацыі ў лістападзе 2025 года з Беларусі ва Украіну, так і не атрымаў ад дзяржавы статусу ахвяры краіны-агрэсара. Украінскае заканадаўства Беларусь краінай-агрэсарам не лічыць, у адрозненне ад Расіі.

У Еўрарадыё атрымалася ўзяць інтэрв’ю ў Катовіча, якому засталося два тыдні да заканчэння навучання перад непасрэднай вайсковай службай.

— Аляксандр, як вы? Які ў вас фізічны і эмацыйны стан?

— Спачатку было вельмі цяжка і незразумела — спаць на ложках, збітых уручную з дошак рознага памеру, пад зямлёй. Быў шок, але паступова прывык. Цяпер, калі засталося два тыдні да канца навучання, ужо значна лягчэй.

Вяртанне 31 грамадзяніна Украіны з Беларусі 22 лістапада 2025 года / Суспільне Новини / Іван Антипенко

— Якім чынам склаліся абставіны, што вас так хутка мабілізавалі ў армію пасля вызвалення? Раскажыце гэтую гісторыю.

— Я выйшаў у краму, і мяне падрэзаў “каблук” Volkswagen Caddy [Тэрытарыяльнага цэнтра камплектавання. — Еўрарадыё]. На мае дакументы ніяк не адрэагавалі, сказалі, што трэба пад’ехаць. Маўляў, там паліцыя, выпішуць дакумент і мяне адпусцяць, я змагу з адвакатам пазней прыйсці. У выніку мяне нікуды не выпусцілі, і 19 лютага я ўжо быў у навучальным лагеры.

— Як адрэагавалі на такую мабілізацыю вашы бацькі з Адэсы і сваякі ў Беларусі? Ці вядома, што з імі цяпер адбываецца?

— Жахліва адрэагавалі, яны не чакалі такога павароту. Яны мне, як могуць, дапамагаюць і падтрымліваюць: фінансава і маральна. Я ім вельмі ўдзячны.

— Раскажыце, чым вы займаецеся падчас навучання ў арміі? Які распарадак дня, чаму вас вучаць?

— Распарадак дня наступны: у 5:30 пад’ём і паход па сняданак. Потым прыём ежы, уборка. У дзевяць — пачатак навучання.

Заняткі розныя: ад тактычнай падрыхтоўкі і тактычнай медыцыны да вывучэння характарыстык кулямётаў і мін, сапёрная справа і гэтак далей. Усё гэта да трынаццаці гадзін, потым абед з 13 да 14. Затым з 14 да 18 зноў навучанне. Пасля — саманавучанне або чыстка зброі. У 22 гадзіны — адбой.

— Як да вас ставяцца вайскоўцы і іншыя прызыўнікі? Ці ведаюць яны пра ваш досвед палітычнага пераследу ў Беларусі? Што кажуць і як рэагуюць?

— Усе ведаюць, і шакіраваныя такой гісторыяй. Кажуць, што па справядлівасці я ўжо аддаў доўг дзяржаве, адседзеўшы за сваю праўкраінскую пазіцыю ў беларускай турме.

Мабілізаваныя вайскоўцы ва Украіне ў 2023 годзе / Getty Images

— Вы казалі, што пытаннем адтэрміноўкі займаецца адвакат. Ці вядома, на якім этапе справа? Чаго не хапае, каб вырашыць яе на вашу карысць?

— Заява зарэгістравана 27 сакавіка ў Міністэрстве развіцця абшчын і тэрыторый Украіны. Вырашаць будзе камісія, што паўплывае — невядома.

— Як вы самі лічыце, ці справядлівая сітуацыя, у якой вы апынуліся? І чаму так адбылося?

— Я лічу, што не. Мне б хацелася прайсці рэабілітацыю пасля турмы і сустрэцца з маці, якую я не бачыў чатыры з паловай гады.

— На што вы цяпер спадзяецеся? Ці гатовы да развіцця сітуацыі, калі адвакат не зможа дамагчыся адтэрміноўкі і вы трапіце на фронт?

— На жаль, гэты статус не дае адтэрміноўкі, бо я ўжо служу з 19 лютага. Статус дае магчымасць адтэрмінаваць мабілізацыю, але калі ўжо прызвалі — са службы не здыме.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі