Пажар у Ніжнякамску / фота з сацсетак
На заводзе "Ніжнякамскнафтахім" у Татарстане (Расія) пачаўся вялікі пажар. Адзін чалавек загінуў, яшчэ 50 пацярпелі, паведамляюць расійскія СМІ. Слуп дыму бачна практычна з любой кропкі горада.
Блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал Baza са спасылкай на свае крыніцы перадае, што пажару нададзены максімальны ўзровень складанасці, плошча ўзгарання складае больш за 2000 квадратных метраў.
Афіцыйнай прычынай пажару кіраўніцтва кампаніі СІБУР назвала збой у працы абсталявання.
Відавочцы кажуць, што перад пажарам адбыўся вялікі выбух. Паводле інфармацыі Baza, выбуховай хваляй выбіла шкло ў дамах каля завода, а на аконных рамах з'явіліся расколіны.
ТАСС перадае, што на месцы здарэння ў Ніжнякамску працуюць 19 брыгад хуткай дапамогі.
"Ніжнякамскнафтахім" — найбуйнейшы ў свеце вытворца ізапрэнавага каўчуку і адзін з вядучых расійскіх нафтахімічных цэнтраў. Яго прадукцыю выкарыстоўваюць у вытворчасці шын для самалётаў, ракетных цягачоў і бранятэхнікі, накладак на гусеніцы, у стварэнні апор і амартызатараў для падлодак, вытворчасці бакаў для авіяцыі ды ў іншай ваеннай тэхніцы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут