Фота з асабістага архіву Паўла Гарбачова
У 2014 годзе Павел Гарбачоў вярнуўся з Тайланда, правёў там амаль паўгода, разлічваў на працу, але, не. Да ад'езду працаваў у кампаніі Heineken вядучым спецыялістам па сэрвісным абсталяванні, па адукацыі — інжынер-механік хімічных вытворчасцяў і прадпрыемстваў будаўнічых матэрыялаў. Нейкіх падыходячых вакансій па спецыяльнасці ў краіне не было, альбо прапаноўвалі зусім невялікія зарплаты. Час ішоў. Зберажэнні заканчваліся. Павел прыглядаўся ўжо да ўсіх прапаноў. А тут яшчэ дэкрэт аб дармаедстве. І Павел вырашыў зарэгістравацца беспрацоўным у Цэнтры занятасці Савецкага раёна Мінска. Далей ён прайшоў класічны шлях афіцыйнага беспрацоўнага....
"Штомесяц трэба было прыходзіць, браць накіраванне на адпрацоўкі, разглядаць прапановы па вакансіях. Усе яны — ну такія, скажам, якія не маюць нічога агульнага з маім вопытам работы, а часам нават фіктыўныя. Прыходжу, а мне кажуць: "У нас вакансіі няма". Я ім, маўляў, ну вось учора яшчэ вы абнавілі ў базе. У адказ: "Для стварэння бачнасці таго, што поўна працоўных месцаў, мы часам адпраўляем дадзеныя, быццам вакансіі існуюць. Так трэба".
Такога, каб я казаў, што не хачу недзе працаваць, не было. Бачыў нешта падобнае і блізкае мне, згаджаўся з'ездзіць і паразмаўляць. А калі нават непадобнае, усё адно трэба было ўзяць накіраванне, з'ездзіць і прывезці адказ — бяруць мяне, ці не. Гэта абавязковая ўмова: мне прапануюць працу — і я езджу на гэтыя размовы. У месяц бывала 2-3-4 такія накіраванні. Часцей за ўсё, працадаўцы казалі, маўляў, досвед работы ў вас іншы, вы з такім не сутыкаліся, прабачце, нам не падыходзіце.
Каб атрымліваць дапамогу, трэба раз на месяц прыходзіць на адпрацоўку. Мяне накіроўваюць у “Зелянбуд”. Там кажуць, што неабходнасці нешта рабіць няма, выпісваюць паперку, ставяць штамп, нібыта я фармальна нешта зрабіў. І атрымліваў дапамогу — 18 рублёў. Гэтага хапала роўна, каб заплаціць за тэлефон і інтэрнэт, што неабходна для пошуку працы.
Калі вярнуўся ў краіну, думаў, пажыву месяц-два ў мамы, знайду працу і з'еду, а затрымаўся дома надоўга. Ну, хоць было жыллё — ужо плюс. Дапамагаць мне асабліва не было каму, мама — пенсіянерка, брат у інстытуце. І наогул, калі табе амаль 40 гадоў, жыць з бацькамі не зусім нармальна. Дзякуючы знаёмым і сваім захапленням, шукаў іншыя спосабы падзарабіць. Дзесьці дапамагаў на будаўніцтве прыватных дамоў, дзесьці зарабляў тым, што фатаграфую, дзесьці яшчэ нейкія падпрацоўкі знаходзіў. Вось, зарабіў трохі грошай, а калі наступныя з'явяцца, невядома. Адкладваў максімальна. Як толькі мог.
Дапамогу па беспрацоўі атрымліваў некалькі месяцаў. Аднойчы трэба было ўжо канкрэтна ехаць збіраць бульбу і буракі на пару дзён у нейкі калгас. Я не паехаў, проста не пайшоў у Цэнтр занятасці, таму што толку ніякага. Толькі бясконцыя хаджэнні і марнаванне часу. І мяне знялі з уліку як беспрацоўнага.
Я асабліва ні з кім не кантактаваў. У асноўным, наведвальнікі цэнтра стаялі ў чарзе да камп’ютараў — паглядзець вакансіі, хоць там жа ёсць свой сайт. Два разы на тыдзень у цэнтры яшчэ выкладваліся бясплатныя газеты пра вакансіі. Ну, і трэба было зайсці, каб адзначыцца ў інспектара. Каб трапіць на прыём, трэба было некалькі гадзін прастаяць у чарзе. Займаў чаргу, кудысьці сыходзіў па справах, потым вяртаўся.
У чарзе большай часткай былі альбо мужчыны, у якіх па твары бачна, што яны нармальна выпіваюць, альбо жанчыны — ну, ведаеце, такога таксама незразумелага ладу жыцця, па знешнім выглядзе. І, хоць, вядома, не вельмі добра судзіць людзей па знешнасці, але, усё роўна, гэта ж адбіваецца. Ну і яшчэ моладзь без адукацыі, яны шукалі, дзе б падпрацаваць. Людзі, па якіх можна было меркаваць, што ў іх раней была добрая праца, туды, мабыць, не ходзяць.
Дарэчы, базы вакансій у цэнтры занятасці і на tut.by вельмі адрозніваюцца. У інтэрнэце яна больш пашыраная, у Цэнтры — напалову не існуе.
Атрымліваецца, адзіны сэнс таго, што я стаў афіцыйна беспрацоўным — пазбег прылічэння да дармаедаў. Нейкай рэальнай дапамогі я не атрымаў.
Так! Я пытаўся пра курсы перанавучання. Сам хадзіў і пытаўся. Мне адказвалі, маўляў, групы доўга набіраюцца, навучанне будзе незразумела калі. Дапамога — тыя ж 18 рублёў. Пры гэтым навучыцца можна было, напрыклад, на швачку, або, памятаю, яшчэ, на кіроўцу пагрузчыка. А што? Спецыяльнасць добрая, запатрабаваная, але, чамусьці патрапіць у гэтую групу было складана. Наборы то адкрывалі, то закрывалі, то групы не набіраліся — навучанне не пачыналася.
Рэальную працу знайшоў гады праз два з паловай. І тое, пайшоў ужо ад няма чаго рабіць. Хоць шукаў, на месцы не сядзеў. Хацеў уладкавацца разносчыкам піцы — адмаўлялі. Здавалася б, ну якія там супер-навыкі трэба мець, каб піцы развозіць? Або ў той жа "Еўраопт" патрабаваліся кіроўцы. Атрымаў адмову і там, паколькі высветлілася, што, каб мяне прынялі на такую працу, трэба, каб у працоўнай быў запіс "кіроўца".
У выніку я пайшоў на трактарны завод. На інжынерныя вакансіі з вуліцы нікога не бяруць. Прапанавалі пайсці рабочым, папрацаваць нейкі час так, і толькі тады ўжо шукаць магчымасць папрацаваць інжынерам або, дапусцім, майстрам.
З вуліцы набіралі толькі на такія пазіцыі, дзе была вельмі брудная і цяжкая праца. Напрыклад, у ліцейны цэх. Там на адлегласці 3-4 метраў ужо не бачна чалавека, таму што вельмі вялікае задымленне, вельмі шмат пылу, вельмі шмат бруду... Вось туды я і пайшоў працаваць слесарам па рамонце абсталявання, а праз месяцы чатыры перавёўся ў іншы цэх — таксама на рабочую спецыяльнасць . Адпрацаваў амаль паўтара года і звольніўся.
Тое, што людзей з вуліцы проста так не бяруць на нармальную працу, гэта вельмі дзіўна, калі працуеш у цэхах бачыш, які там недахоп рабочага персаналу, інжынераў, у тым ліку. Людзей вельмі не хапае.
Часам я натыкаюся на рэпартажы пра трактарны — на самой справе, іх здымаюць у адным-двух цэхах. Скажам так, у адным цэху ёсць сучаснае абсталяванне. Там і ацяпленне маецца, і класныя абагравальнікі стаяць, і чыста — усё здаецца ідэальным. Але ў іншых цэхах холадна. Зімой не топіцца зусім. Працаваў у цэху кабін. Вада, якая выкарыстоўваецца ў вытворчасці, вельмі часта замярзае за выходныя. Калі стаяць маразы, корка лёду — сантыметраў дзесяць часам бывае. Заробкі пры гэтым невялікія. Калі атрымаў пяты разрад наладчыка праз год працы (яшчэ мне дапамагло тое, што ў мяне вышэйшая прафесійная адукацыя), зарплата змянілася рублёў на 30-50. З 450 рублёў да 500 рублёў — гэта максімум. З вучня да пятага разраду.
Вельмі там шмат глуханямых працуе, таму што ёсць цэхі, дзе вельмі шумна. І вось, паколькі глуханямым на слых гэта не цісне, іх і выкарыстоўваюць.
Вельмі шмат прыезджых. Прыязджаюць альбо на электрычках, альбо на машынах. Пакідаюць ля метро, потым на метро едуць на завод. У асноўным, перыферыя — Мінскі раён, Мінская вобласць. Вельмі шмат людзей жыве ў інтэрнатах. Так, праз нейкі час працы ёсць магчымасць атрымаць магчымасць жыць у інтэрнаце яшчэ з двума-трыма людзьмі ў пакоі.
Але, наогул, вельмі складана. Вельмі часта людзей просяць усялякімі спосабамі выйсці на паўтары змены, на выходныя. Работы, нібыта, шмат. Людзей не хапае. А новых людзей набіраць не жадаюць.
Мне яшчэ было цяжкавата на заводзе ў плане зносін, часта проста не было, пра што пагаварыць. Людзі ў вольны час пастаянна гулялі ў карты. Я не вельмі гэтым захапляюся, таму неяк трымаўся часцей за ўсё сам па сабе.
Калі быў студэнтам, я займаўся спортам, а яшчэ цікавіўся тэмай рэабілітацыі пасля траўмаў падчас трэніровак. Калісьці нават скончыў курсы масажыстаў, але амаль ніколі не ўжываў навыкі. Працуючы на трактарным, я скончыў яшчэ адны курсы масажыстаў, потым асвоіў тайскі масаж. Усё гэта дапамагло ўладкавацца ў аквапарк "Лебядзіны" на месца дзяўчыны, якая сышла ў дэкрэтны адпачынак. Але мая дамова заканчваецца дзесьці ў сярэдзіне лютага, і мне ўжо даслалі апавяшчэнне, маўляў, "дзякуй-да пабачэння, мы вас звальняем". Вельмі шкада. Спрабую, усё ж, зачапіцца, праца мне падабаецца.
Вядома, дэкрэт №3 мяне закрануў: і паперкі дасылалі, і на мітынг я хадзіў, і нават у раённае аддзяленне міліцыі трапіў. Новы дэкрэт мне каментаваць складана. Як, напрыклад, з'явяцца працоўныя месцы, якіх раней не было, асабліва ў рэгіёнах? Спецыяльныя камісіі будуць разбірацца ў складаных сітуацыях? Ну так. Я ж таксама пісаў у выканкам пра сваю складаную сітуацыю — няма працы, і ў мяне няма грошай, каб заплаціць гэты падатак. Мне прыйшла адмову, маўляў, вы дарослы і здаровы чалавек, павінны працаваць. Дзе хочаце, як хочаце — іх не хвалюе. Наогул, спадзявацца, што табе будуць паблажкі — само па сабе зневажальна".