За ўдзел у "Гуканні вясны" ў Гомелі аштрафавалі міліцыянта з прэміяй Лукашэнкі

30/03/2026 - 14:23

Віктар Шыпкоў / СБ

Вядомага ў Гомелі міліцыянта аштрафавалі за ўдзел у народным абрадзе "Гуканне вясны". Гэта інтэрпрэтавалі як "несанкцыянаванае масавае мерапрыемства".

Як расказвала Еўрарадыё, 21 сакавіка група жыхароў Гомеля ў закрытым двары рэстарана зладзіла "Гуканне вясны". Пасля гэтага сярод удзельнікаў пачаліся затрыманні, а потым іх судзілі.

Як піша выданне "Флагшток", затрыманні адбыліся праз некалькі дзён пасля свята, а суды працягваюцца дагэтуль. Гэта можа сведчыць пра тое, што міліцыя і ідэолагі даведаліся пра свята ўжо пасля самой падзеі. Хутчэй за ўсё яны заўважылі відэа пра святкаванне ў сацсетках.

На ўдзельнікаў склалі адміністрацыйныя пратаколы паводле арт. 24.23 Адміністрацыйнага кодэкса "Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў". За гэта ў Беларусі пагражае штраф да 100 базавых велічынь (4500 рублёў на сёння), грамадскія работы ці адміністрацыйны арышт.

Паводле інфармацыі "Флагштока", як мінімум адзін удзельнік асуджаны на 15 сутак арышту. Пяць чалавек аштрафаваныя на 4500 рублёў кожны (больш за 1,5 тысячы долараў). Гомельцу, якога палічылі арганізатарам, прысудзілі штраф у 150 базавых велічыняў (6750 рублёў, ці амаль 2,3 тысяч долараў).

Сярод тых, каго судзілі і аштрафавалі — старшы ўчастковы інспектар Гомельскага РАУС маёр Віктар Шыпкоў. Па выніках 2025 года ён атрымаў ад Лукашэнкі прэмію "За духоўнае адраджэнне". Так Шыпкова ўзнагародзілі "за значны асабісты ўнёсак у захаванне народных традыцый, этнаграфічныя даследаванні і рэканструкцыю касцюмаў Гомельскага раёна".

Шыпкоў шмат гадоў займаецца фальклорам і краязнаўствам, удзельнічае ў мерапрыемствах прыхільнікаў традыцыйнай беларускай культуры. Дзяржаўная прэса хваліла яго не толькі як узорнага ўчастковага, але і як бацьку шасцярых дзяцей.

У 2025 годзе гэта міліцыянт атрымліваў узнагароду ад кіраўніка МУС Івана Кубракова — наручны гадзіннік з сімволікай міністэрства.

Віктар Шыпкоў / СБ
Міністр Іван Кубракоў і Віктар Шыпкоў / МУС

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі