Як калектыўны досвед 2020 года рэалізаваць у 2026-м. Меркаванне Севярына Квяткоўскага

30/03/2026 - 11:53

Беларусь у 2020-м / Unsplash/Euroradio

У тэмы беларускага 2020 года няма "галоўнага героя". Сімвал ёсць, героя няма. Чаму цяжка асэнсоўваць беларускі "2020" з гледзішча мас-культуры? Бо няма галоўнага героя. Гэта быў трыумф калектыўнай свядомасці і калектыўнай інтуіцыі. Але досвед застаўся, і мусіць працаваць цяпер: і ў 2026-м, і далей.

Піша Севярын Квяткоўскі, пісьменнік, кіраўнік Фундацыі Belarus 2020

А кінажвачка патрабуе супергероя, які ратуе людзей, а пасля вядзе іх, вырваўшы сваё сэрца, каб асвятляць шлях надзеі.

Маса фізіялагічна патрабуе сабе куміра — пункт збору пад крыло самалёта, пад якім можна хорам спяваць, не будучы заўважанымі індывідуальна.

А калі хтосьці выходзіць і кажа: "Не ствары сабе куміра!", яго робяць кумірам.

Каб зарабіць грошы на кіно, трэба ганяць па коле нескладаныя канструкты.

Бо калі чалавек увесь час гарбаціцца, каб выжыць, ён пасля хоча адпачыць, а не грузіць сябе разважаннямі.

Паўсталыя ў 2020 і, вядома, перад ім сацыяльныя сувязі нікуды не зніклі. А на эмацыйным узроўні замест страху копіцца энергія адплаты.

Але праціўнік моцны, хоць і ў меншасці. Ягоная моц — пірамідальнасць сувязяў. Але моц лёгкім рухам рукі ператвараецца ў слабасць, калі пазбавіць увесь набор пірамід сувязі.

Калі ў грамадзян былі чаты, то ў праціўніка — толькі "пэйджары". Яны працуюць на прыём загаду.

Таму, калі я чытаю разважанні пра вызваленне Беларусі ў стылі "вы што там, на белым танку праз палескія балоты збіраецеся заехаць?", я разумею, што такія людзі жывуць у ХХ ст.

Спрошчана кажучы, сёння трэба выпрацоўваць план дзеянняў на момант "Х", калі ў пірамідальных "матрошак" упадзе сувязь. Вы спытаеце як, я скажу, што ніхто вам тэхнічныя дэталі не распавядзе, але тое, што мы бачым у сучаснасці, яшчэ не так далёка падавалася фантастыкай.

Перамагаюць тэхналогіі.

І сіла волі.

І падрыхтаванасць.

Першы этап падрыхтаванасці — у аналізе і высновах па феномене самаарганізацыі беларусаў у 2020 годзе. І ролі сучасных тэхналогій, даступных усім.

Хакерскія войскі можна фарміраваць за мяжой ужо сёння. Але падобныя захады залежаць ад палітычнага рашэння.

"Жывую мапу Беларусі" таксама трэба рабіць — каб падкрэсліць беспрэцэдэнтны маштаб для еўрапейскай найноўшай гісторыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі