Іван Чурыловіч на экране кампутара / rp.pl
"Апазіцыянер з "Маладога фронту", які кансультаваў польскіх еўрадэпутатаў, запісаны ў электронных базах грамадзянінам Расіі. У журналістаў Rzeczpospolita узніклі пытанні да 52-гадовага Івана Чурыловіча. Пэўныя факты яго біяграфіі ўвогуле не пацвердзіліся, іншыя выглядаюць падазрона.
"Фармальна, быццам ён ніколі не вучыўся [у Варшаўскім універсітэце] і не скончыў навучанне. Здаецца, быццам хтосьці ўнёс яго даныя ў нейкі нявызначаны час", — кажа былы супрацоўнік ВНУ, гледзячы на асабістую справу Чурыловіча. Менавіта там слова "Расія" ўжытае ў трох месцах: як краіна выдачы яго пашпарта, як краіна паходжання і як яго грамадзянства.
Чурыловіч нарадзіўся ў Століне і з пачатку 2000-х пазіцыянаваў сябе як лідар "Маладога фронту". Аднак Павел Севярынец, хаця і памятае яго, кажа, што ў "першую дзясятку" ў арганізацыі ён ніколі не ўваходзіў.
Тым не менш, "апазіцыйнае мінулае" адкрыла Чурыловічу дзверы ў польскую палітыку. Неўзабаве ён стаў дарадцам дэпутата Еўрапарламента Януша Анышкевіча.
"Ніхто не памятае, хто парэкамендаваў Чурыловіча Анышкевічу і навошта былому міністру нацыянальнай абароны спатрэбіўся беларускі апазіцыйны дзеяч", — піша выданне. І далей цытуе ананімную крыніцу: "Ён быў адным з нешматлікіх беларусаў, якія добра валодалі англійскай мовай. У той час [прыкладна 2006 год. — Еўрарадыё] у Беларусі адбываліся важныя для дэмакратыі рэчы. А Анышкевіч працаваў у арганізацыях, якія мы цяпер назвалі б аналітычнымі цэнтрамі, якія падтрымлівалі шырокія кантакты з беларусамі і ўкраінцамі".
Праца ў Еўрапарламенце стала для Чурыловіча трамплінам да кар'еры ў бізнэсе. Ён перайшоў у сферу энергетыкі. Дзіўна, але тагачасны гендырэктар кампаніі Enea Павел Мортас не памятае, чаму прыняў яго на працу. А ў архівах Enea няма рэзюмэ Чурыловіча, якое падчас уладкавання на працу мусіла разглядаць праўленне кампаніі.
А ўвагу польскіх журналістаў Чурыловіч прыцягнуў праз канфлікт вакол дыптэх-стартапа Saule, які развівае перспектыўную тэхналогію пераўскітных сонечных батарэяў. Ураджэнец Беларусі падтрымлівае заснавальніцу стартапа, навукоўцу Вольгу Малінкевіч, якая цяпер змагаецца за кантроль над кампаніяй са сваім стратэгічным інвестарам Columbus Energy S.A.
"Columbus Energy даведалася пра Чурыловіча толькі ў 2025 годзе — паралельна з эскалацыяй ірацыянальных дзеянняў Вольгі [Малінкевіч]. Між тым, пра пагрозу, якая ад яго сыходзіць, яна ведала яшчэ ў 2017 годзе: тады яна замовіла дэтэктыўную справаздачу, якая кідае цень на Івана, і разарвала з ім кантакт.
Наша цана за выкрыццё Івана была высокай. У снежні ў Катавіцах двое мужчын, якія выдавалі сябе за супрацоўнікаў разведкі, перадалі майму калегу падрабязныя пагрозы ў мой адрас і адрас маёй сям'і. Тады я зразумеў, з якім небяспечным і рашучым чалавекам мы маем справу за спінай Вольгі", — расказвае гендырэктар Columbus Energy S.A. Давід Зялінскі.
На думку Чурыловіча, менавіта аднекуль з таго боку на яго вядзецца медыйная атака. У той жа час, ён адмаўляецца адказваць на пытанні Rzeczpospolita пра адукацыю, польскае грамадзянства і іншыя факты сваёй біяграфіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут