Латушка адказаў Бабарыку на крытыку Каардынацыйнай рады

30/03/2026 - 17:32

Павел Латушка / Еўрарадыё

"Упершыню чую, што нехта спрабаваў перанесці выбары ў Каардынацыйную раду на восень. Для мяне заява аргкамітэта партыі "Разам" пра гэта гучыць вельмі дзіўна".

Так Павел Латушка пракаментаваў сённяшнюю заяву Віктара Бабарыкі, што партыя "Разам" вырашыла не ўдзельнічаць у выбарах у Каардынацыйную раду.

Латушка падкрэслівае, што адкрытыя выбары — самы дэмакратычны спосабам зразумець, каго людзі падтрымліваюць, а каго не. Ён нагадвае, што на мінулых выбарах у КР Кааліцыя Латушкі і Руху "За Свабоду" атрымала каля 2400 галасоў: "І таму мы маем права сёння казаць ад імя беларусаў і беларусак, якія прагаласавалі за нас падчас выбараў. Я не ведаю, ад чыйго імя будуць казаць іншыя палітыкі. Але, хутчэй, у іх будзе толькі магчымасць прадстаўляць сваю асабістую пазіцыю".

Кіраўнік НАУ называе дзіўнай сітуацыю, калі задэклараваная палітычная партыя адмаўляецца ўдзельнічаць у выбарчым працэсе: "Тыя, хто не ўдзельнічае ў выбарах, як правіла, сыходзяць з палітычнай сцэны".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі