Вёску спалілі — а там няма забітых жыхароў і разбураных дамоў / Еўрарадыё
У меню кадастравай карты Нацыянальнага кадастравага агенцтва (НКА) з'явіўся пункт, націснуўшы на які можна ўбачыць месцазнаходжанне вёсак, "спаленых фашысцкімі акупантамі і іх памагатымі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд". У сацсетках гэты пункт выклікаў нямала нараканняў: маўляў, пазначанае не заўсёды адпавядае рэчаіснасці.
Беларусы не аспрэчваюць факта зверства нацыстаў, яны сумняваюцца ў дакладнасці нанесеных на карту звестак. Сям-там спаленыя вёскі, мяркуючы па апісанні, зусім не ёсць такімі. Забіта людзей — нуль, разбурана дамоў — нуль.
І як быць з адкрытымі недакладнасцямі ў апісаннях? Напрыклад, ёсць выпадак, калі колькасць вясковых дамоў, разбураных у часе меркаваных карных аперацый, большая, чым была ў вёсцы да пачатку вайны. Ці калі вёска, у якой нуль забітых і нуль разбурэнняў, была "спаленая" аж два разы — гэта як разумець?
Здзіўляюцца і тыя, чые сваякі жылі ў спаленых вёсках, пры гэтым не пазначаных на карце НКА. Маўляў, чаму пра нас забыліся?
Журналістка і пісьменніца Ганна Севярынец піша ў фэйсбуку, што яе вёска, пазначаная спаленай, на самай справе такой не ёсць.
Некаторыя гісторыкі выказваюць меркаванне, што матэрыялы крымінальнай справы, заведзенай Генпракуратурай па факце генацыду беларусаў, складзеныя не на падставе ведамаснага расследавання, а ўзятыя з ужо наяўнай базы звестак Нацыянальнага архіва Беларусі.
Дарэчы, над складаннем гэтай базы навукоўцы працуюць дагэтуль, таму што з'яўляюцца не толькі новыя звесткі пра злачынствы гітлераўцаў, але і досыць гістарычных недакладнасцяў, якія падлягаюць выпраўленню.
Каб даведацца, ці дапушчальныя на публічнай карце недакладнасці ў апісанні, Еўрарадыё патэлефанавала вядучаму навуковаму супрацоўніку цэнтра ваеннай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН РБ Анатолю Крывароту. Навуковец перанакіраваў нас у Нацыянальны архіў Беларусі: маўляў, там ёсць людзі, якія непасрэдна займаюцца тэмай. З пытаннем пра тое, хто вінаваты ў недакладнасцях на кадастравай карце, мы вырашылі патурбаваць загадчыка аддзела публікацый Нацыянальнага архіва Святаслава Кулінка.
— Я звязаўся са Святаславам Валянцінавічам, ён мне сказаў, што ён удзелу ў складанні гэтай карты не прымаў і не знаёміўся з ёй. Таму ён не можа даць каментар, — адказвае Еўрарадыё супрацоўнік архіва.
— Хутчэй за ўсё, асновай паслужыла база звестак "Спаленыя вёскі", якая была створана ў Нацыянальным архіве некалькі гадоў таму, — расказвае Еўрарадыё кандыдат гістарычных навук Аляксандр Пашкевіч. — Я думаю, пракуратура асабліва доўга не разглядала, а ўзяла і прыстасавала яе для сваіх мэт.
У цэлым гэта сведчыць пра метады нашай пракуратуры, якая, выконваючы "палітычны заказ", не асабліва хвалюецца пра дакладнасць і доказную базу. У кожным разе для таго, каб выкарыстоўваць такія звесткі, трэба кожны населены пункт разглядаць асобна. Я думаю, што да стварэння такой карты варта ставіцца як да прапагандысцкай ідэалагічнай акцыі, а не да юрыдычнага кроку.
Ці дарэчы на карце кадастравага агенцтва згадваць жахлівыя злачынствы?
— Сайт кадастравага агенцтва — гэта відавочна не той рэсурс, на якім павінна размяшчацца такая інфармацыя, — упэўнены гісторык. — Тут, хутчэй, адбіваецца жаданне ўсе такія прапагандысцкія моманты засоўваць у не адпаведныя такому зместу пляцоўкі. Вядома, можа, гэта ўсё праз абыякавасць і нізкую кваліфікацыю тых, хто гэтым [стварэннем карты. — Еўрарадыё] займаецца. Маўляў, сказалі ім размясціць дзе-небудзь — вось і размясцілі, выбралі месца. А можа быць, што гэта супадзенне двух фактараў — некампетэнтнасці і жадання рабіць справу "для птушачкі".
Звесткі пра спаленыя вёскі для НКА дала Генеральная пракуратура Беларусі. "Напаўненне слоя звесткамі пра спаленыя населеныя пункты працягваецца", — кажуць у Генпракуратуры. Але пра выпраўленне нестыковак з забітымі людзьмі і разбуранымі дамамі на сайце ведамства не згадваецца.
— Не стаіць задача глыбока разабрацца, знайсці гістарычную праўду, — працягвае Аляксандр Пашкевіч. — Гэта не навуковая праца, не навуковае даследаванне. Ставіцца задача кагосьці закляйміць, каб выкарыстоўваць гэта супраць унутраных апанентаў і пашумець на міжнароднай арэне. Да гісторыі, да навукі гэта не мае ніякага дачынення.
Як ставіцца да таго, што памяць пра загінулых людзей і страты ў часе вайны — знарок ці выпадкова — падаецца недакладна?
— Безумоўна, гэта непавага, гэта ўспрыманне людзей як расходнага матэрыялу. Калі да жывых беларусаў ва ўладаў такое сабе стаўленне, то што ўжо гаварыць пра мёртвых? Тут і думак у некаторых не ўзнікае, што памяці мёртвых гэта неяк шкодзіць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут