Ці можа МКС спыніць расследаванне па Беларусі, калі Літва перадумае?

23/03/2026 - 17:30

Ці можа Лукашэнка дабіцца адклікання запыту Літвы ў МКС?  / Euroradio

Міжнародны крымінальны суд у Гаазе расследуе трансгранічныя злачынствы, звязаныя з рэпрэсіямі ў Беларусі. Справа была распачата па запыце Літвы. Але ці могуць у Вільні, напрыклад, дзеля паляпшэння адносін з Мінскам або па просьбе амерыканцаў, перадумаць — і папрасіць МКС спыніць расследаванне?

Еўрарадыё задало гэтае пытанне юрыстцы-міжнародніцы Кацярыне Дзяйкала.

Толькі ў інтарэсах правасуддзя

“Ніякіх неправавых разлікаў [для спынення расследавання], вядома ж, быць не можа. У якім выпадку можа спыніцца расследаванне да выдачы ордараў? Ну, па-першае, проста могуць не знайсціся доказы для выдачы ордараў. Можа таксама здарыцца, што цяпер пракурор установіць адсутнасць дастатковых падстаў для крымінальнага пераследу канкрэтнай асобы. Без гэтага выдача ордара немагчымая. Ну і тады, уласна, пракурор можа вырашыць не працягваць расследаванне”, — кажа экспертка.

Па-другое, тлумачыць Кацярына Дзяйкала, ёсць яшчэ такі момант: пракурор можа перагледзець меркаванне адносна крытэрыю прымальнасці — гэта значыць адносна таго, ці падпадае наогул запыт пад юрысдыкцыю МКС. Напрыклад, калі ў самой краіне пачнуць расследаванне па тых жа самых фактах.

Па-трэцяе, яшчэ адной падставай можа стаць тое, што пракурор палічыць далейшае расследаванне “не ў інтарэсах правасуддзя”. Даволі размытая падстава, звязаная з інтарэсамі ахвяр, станам меркаванага злачынцы і агульнымі акалічнасцямі справы.

“Пры гэтым важна разумець, што ў любым з гэтых выпадкаў пракурор індывідуальна ніякіх лёсавызначальных рашэнняў прымаць не можа. Ён хіба што прымае рашэнне аб адкрыцці расследавання, а выдача ордараў, спыненне дзеяння ордараў і нават спыненне расследавання — усё гэта верыфікуецца Палатай папярэдняга вядзення МКС, калегіяльным органам. Пракурор паведамляе аб сваім рашэнні ў Палату, і Палата можа папрасіць яго перагледзець рашэнне. А ў выпадку самай размытай падставы — “не ў інтарэсах правасуддзя” — Палата можа сама перагледзець яго рашэнне”.

“Будзе выглядаць дзіўна”

Фактычна адзіны “палітычны трэк” прыпынення расследавання Міжнароднага крымінальнага суда, прадугледжаны Рымскім статутам, — гэта просьба Савета Бяспекі ААН: яны могуць папрасіць зрабіць гэта на адзін год. Але гэта толькі прыпыненне. І такая просьба павінна грунтавацца на рэзалюцыі Савета Бяспекі, а прыняцце такіх рэзалюцый, як вядома — таксама вельмі няпростая справа праз права вета.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі