Для прагнозаў занадта шмат нявызначанасці / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
У 2023 годзе беларускую эканоміку можа чакаць як аднаўленчы рост, так і працяг рэцэсіі. Паводле ацэнак старэйшага навуковага супрацоўніка BEROC Дзмітрыя Крука, шанцы прыкладна аднолькавыя.
Справа ў тым, што ў эканоміцы назапасіліся супярэчнасці. Ёсць тры чыннікі, ад якіх будзе залежаць развіццё сітуацыі. Першы — экспарт. Другі — манетарная палітыка, гэта значыць тое, што будзе адбывацца на грашовым рынку. І трэці — фіскальная палітыка, што ўлады будуць рабіць з даходамі і выдаткамі краіны, каб прастымуляваць рост. Пра гэта эканаміст расказаў на прэзентацыі маніторынгу эканомікі.
Еўрарадыё даведалася, што адбываецца па гэтых напрамках.
Паспяховасць экспарту будзе залежаць ад таго, як складзецца гандаль нафтапрадуктамі і калійнымі ўгнаеннямі. Уладам удалося часткова перанакіраваць экспарт, які пачаў прападаць праз санкцыі, аднак на даваенны ўзровень ён не вярнуўся. Акрамя таго, важна, што будзе з эканомікай Расіі. Калі справы там будуць зусім кепскія, то, можа, будзе і не да беларускіх нафтапрадуктаў.
Яшчэ адзін фактар — якой будзе коштавая канкурэнтаздольнасць беларускіх тавараў за мяжой. Апошнія два кварталы беларускія тавары па цане былі "экстра канкурэнтаздольныя", што дапамагала экспарту, адзначае Дзмітрый Крук.
Шмат у чым так склалася з-за таго, што беларускі рубель знізіўся ў стасунках да расійскага. Значыць, беларускія тавары сталі таннейшыя для асноўнага гандлёвага партнёра. Хутчэй за ўсё ў 2023 годзе беларускі рубель будзе паступова падцягвацца да расійскага, што забірае перавагу, лічыць эксперт.
— Цэнавая канкурэнтаздольнасць з вялікай верагоднасцю дасягнула свайго піку. У верасні, кастрычніку можна бачыць, што трэнд разгарнуўся і знешняя цэнавая канкурэнтаздольнасць звужаецца.
Таксама для экспарту важна, што будзе адбывацца з сусветнай эканомікай. Бо прасцей расці і гандляваць, калі растуць і іншыя вакол. Аднак у трэцім квартале стан сусветнай эканомікі пагоршыўся, падкрэслівае эксперт.
Унутры краіны Нацбанк пакуль пакідае манетарную палітыку мяккай. Гэта значыць дазваляе грашам напаўняць эканоміку і нават сам іх дадрукоўвае.
— Нацыянальны банк вельмі ўпарта генеруе той самы імпульс, каб надаць эканоміцы дадатковую актыўнасць, але распаўсюджванне гэтага імпульсу ў эканоміцы запавольваецца. Ключавую ролю тут адыгрываюць банкі, выступаючы шлюзам, які стрымлівае многія індукаваныя Нацбанкам дзеянні. Паколькі банкі бачаць для сябе ў гэтым рызыкі. Прарвецца ці не прарвецца гэтая плаціна — гэта адзін з чэленджаў на дваццаць трэці год, — кажа Дзмітрый Крук.
З іншага боку, шмат нявызначанасці і эканамічны рост сціскаецца праз скарачэнне інвестыцый і ў меншай ступені праз зніжэнне спажывецкага попыту.
— Калі мы глядзім на сярэднюю і доўгатэрміновыя перспектывы, то вельмі шмат негатыўных фактараў, якія мы можам вылучыць. Фактычна мы знаходзімся ў стане глыбокай рэцэсіі. Гэтая рэцэсія дагэтуль не купіраваная, мы працягваем у яе апускацца, — заключае Дзмітрый Крук.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут