Падаражэла мяса, патаннела ікра. Як змяніліся цэны на навагоднія прадукты

29/12/2022 - 12:34
Як змяніліся цэны на навагоднія прадукты / Еўрарадыё

Увесь год улады ўсімі спосабамі спрабавалі спыніць інфляцыю: абмяжоўвалі гандлёвыя надбаўкі, забаранялі цэнам расці, складалі спісы таго, што не павінна даражэць без іх дазволу. Нават заводзілі крымінальныя справы на “нядобрасумленных” прадаўцоў, якія падпарадкоўваліся законам рынку, а не беларускім законам, і ўсё ж падымалі цэны.

У кастрычніку чыноўнікі узрадаваліся: у нас дэфляцыя! Зніжаліся цэны і ў лістападзе. Прынамсі так кажа статыстыка Белстата. Агулам гадавая інфляцыя ў мінулым месяцы склала 13,3%.

Нягледзячы на запэўніванні ўладаў, што ўсё таннее (ці прынамсі не даражэе), пакупнікі пастаянна заўважаюць рост кошту то аднаго, то другога. Не кажучы ўжо пра тое, што асартымент у крамах стаў значна вузейшы.

Еўрарадыё паглядзела, як за год змяніліся сярэднія цэны на прадукты для навагодняга стала, а таксама як паказчыкі Белстата адрозніваюцца ад кошту прадуктаў харчавання ў асобна ўзятай краме.

Белстат штомесяц публікуе сярэднія цэны на мноства тавараў па Беларусі і абласцях. Паколькі снежаньскія з'явяцца толькі ў студзені, мы бралі цэны за лістапад (ва ўмовах рэгулявання яны, хутчэй за ўсё, будуць адрознівацца зусім трошкі) і параўноўвалі іх з лістападам 2021 года.

У наш харчовы кошык патрапілі прадукты, якія беларусы часта выкарыстоўваюць для падрыхтоўкі навагодніх страў: аліўе, селядца пад футрам, бутэрбродаў і г. д.

Амаль на рубель з тых часоў патаннела чырвоная ікра. Але залішне радавацца гэтаму не варта. Дзяржстандарт раз-пораз знаходзіць падробкі. Апошні такі выпадак быў у пачатку снежня. Расійская фірма прадавала ў Беларусь імітацыю пад выглядам чырвонай ікры без якіх-небудзь згадак пра гэта на ўпакоўцы.

Што сапраўды зараз прадаюць па больш нізкіх цэнах, дык гэта моркву, цыбулю, бульбу, буракі і часнок. Чыноўнікі ўжо даўно абяцалі разабрацца з цэнамі на айчынную гародніну. Але на некаторыя пазіцыі апошнімі гадамі цэны з восені да вясны павялічваліся ў разы. Пра тое, што яны стрымалі слова, казаць рана, яшчэ не сакавік-красавік. Але цэны відавочна ніжэйшыя, чым гэтай парой у мінулым годзе.

Больш радавацца няма чаму. На ўсё астатняе з нашага спісу цэны выраслі. Асабліва моцна на шакаладныя цукеркі, свініну, сыр і мандарыны.

Розніца ў кошце прадуктаў для навагодняга стала ў гэтым (215,24 рубля) і мінулым (187,06 рубля) годзе ў нас атрымалася 28,18 рубля ці крыху больш за 15%. Калі б улады не "нармалізавалі" цэны, прадуктовы набор каштаваў бы нам яшчэ даражэй. І не забываемся, што гэта падлікі ў сярэдніх цэнах.

Мы вырашылі паглядзець, як жа будзе адрознівацца кошт прадуктаў з нашага спісу ў асобна ўзятай краме. Гэта значыць зрабілі разлік для звычайнага чалавека, які пайшоў па пакупкі ў бліжэйшы да дома супермаркет.

Мы бралі не самыя танныя прадукты, а па сярэдніх коштах у гэтай краме. Там былі значна даражэйшыя, чым у сярэднім, цукеркі (калі не браць беларускія), фарэль, сыр і памідоры. Але штосьці было і ніжэйшае па кошце, напрыклад, мандарыны.

Аднак, чэк з цэнамі з крамы ў нас атрымаўся на 10 рублёў, або на 4,6%, большы, чым чэк з сярэднімі цэнамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі