Мігранты спрабавалі трапіць у Польшчу, схаваўшыся ў грузавым цягніку

17/06/2024 - 10:21

Затрыманыя мігранты / Пресс-служба Подляского пограничного управления в Кузнице

Супрацоўнікі польскай мытні выявілі ў чыгуначным пункце пропуску "Кузніца" (з беларускага боку — "Брузгі") чатырох мігрантаў. Мігранты спрабавалі трапіць у Польшчу, схаваўшыся ў паўвагонах таварнага цягніка. Цягнік перавозіў керамзіт, мужчыны неглыбока закапаліся ў груз. Іх выявілі і перадалі памежнай службе ў Кузніцы, піша Honda.life са спасылкай на прэс-сакратарку Падляскага ўпраўлення памежнай службы Кацярыну Здановіч.

Затрыманыя — грамадзяне Алжыра, ім ад 21 да 29 гадоў. Адзін з іх раней быў выправаджаны з ЕС з забаронай уезду на 10 гадоў. Прычынай зрабіліся парушэнні закона: крадзяжы з выкарыстаннем гвалту і пагроз. У 2018 годзе ў Бруге (Бельгія) ён нават быў асуджаны на восем месяцаў турэмнага зняволення.

Усіх знойдзеных у грузавым цягніку мігрантаў пакуль змясцілі ў Цэнтр абароны замежнікаў, але яны павінны будуць пакінуць Польшчу. Ім загадана вярнуцца ў краіну паходжання. Ім таксама будзе забаронены ўезд на тэрыторыю шэнгенскай зоны на пяць гадоў.

Затрыманыя — грамадзяне Алжыра, ім ад 21 да 29 гадоў / прэс-служба Падляскага памежнага ўпраўлення ў Кузніцы

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі