Галоўны мінскі медык расказаў пра планы вакцынацыі супраць грыпу

30/09/2024 - 09:44

Летась у Мінску, паводле справаздачаў, супраць грыпу прышчапілі каля 417 тысяч чалавек / pixabay.com

Сёлета мінскія медыкі плануюць прышчапіць каля 420 тысяч гараджанаў. Пра гэта заявіў старшыня камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Ігар Юркевіч. Паводле яго слоў, пакуль "мы знаходзімся ў міжэпідэмічным сезоне, захворванне на ВРВІ стабільная". Але ўжо ідзе падрыхтоўка да ўздыму захворвання. У сувязі з гэтым медыкі агітуюць рабіць прышчэпкі супраць грыпу.

"За мінулы год прышчапілі каля 417 тысяч чалавек. У 2024-м плануем павялічыць паказчык", — заявіў Юркевіч.

Нагадаем, надоечы намесніца галоўнага доктара Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ала Дашкевіч заявіла, што ў Беларусі расце захворванне на ВРВІ і кішачныя вірусы. Яна заклікала выконваць простыя захады прафілактыкі і вакцынавацца. Акрамя таго, "у асенне-зімовы перыяд мэтазгодна скараціць актыўнасць у месцах масавага збору людзей, абмежаваць кантакты з людзьмі, у якіх адзначаюцца бачныя прыкметы рэспіраторнай інфекцыі", — адзначыла спецыялістка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі