Памылкі маладосці: як беларускі палітвязень трапіў на "СВА" і змог збегчы

17/03/2026 - 14:36

Антон Лысаў / асабісты архіў

Афіцыйна Антон лічыцца зніклым без вестак. У паведамленні, якое атрымала яго сястра, напісана, што радавы вайсковай часці 52033 Лысаў Антон Сяргеевіч прапаў без вестак пры выкананні задач спецыяльнай ваеннай аперацыі ў населеным пункце Ваўчанск Чугуеўскага раёна Харкаўскай вобласці.

Насамрэч Антон — дэзерцір. З журналісткай Новай газеты Еўропа” Ірынай Халіп ён размаўляе з Ерэвана. Гаворыць павольна, часам з цяжкасцю падбіраючы словы — тры кантузіі ўсё ж даюцца ў знакі. Ён не ведае, што з ім будзе заўтра. Будучыня туманная, гарызонт планавання адсутнічае, але ён шчаслівы, што змог уцячы. Тым больш што шлях да свабоды быў значна даўжэйшы па часе, чым вайна — з верасня 2021 года, а па сюжэце, напэўна, увогуле адзіны ў сваім родзе — ад беларускага палітвязня да расійскага дэзерціра.

За падпал генеральскай машыны мне паабяцалі 2000 долараў

Упершыню пра Антона Лысава загаварылі ў кастрычніку 2021 года. З вясны і да восені беларускі рэжым вёў татальную зачыстку, і колькасць палітвязняў павялічвалася з кожным днём. Справа Лысава стала вельмі гучнай: малады чалавек падпаліў аўтамабіль старшыні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Беларусі, генерал-маёра юстыцыі Аляксея Волкава. Яго затрымалі 1 кастрычніка 2021 года і абвінавацілі ў тэрарызме. Па той жа справе арыштавалі грамадзяніна Беларусі Захара Таразевіча.

Дарэчы, Аляксей Волкаў узначаліў Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз толькі ў кастрычніку 2020 года, пасля піка беларускіх пратэстаў. А да таго ён быў першым намеснікам старшыні Следчага камітэта Беларусі і курыраваў крымінальную справу супраць Сяргея Ціханоўскага і Мікалая Статкевіча. Таму многія думалі, што падпал машыны — гэта свядомая помста Волкаву за ўдзел у рэпрэсіях. Беларускія праваабарончыя арганізацыі 12 лістапада 2022 года, пасля прысуду, прызналі Антона Лысава палітвязнем. Сваю ролю адыгралі і асоба пацярпелага, і закрытае судовае пасяджэнне без працэсуальных падстаў, і парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва. Але матывы Антона аказаліся іншымі.

— Я тады быў зусім малады — 22 гады, — кажа Антон. — Шукаў падпрацоўку. Прапанова спаліць машыну прыйшла ў даркнэце. За падпал мне прапанавалі дзве тысячы долараў. Гэта ўжо потым, пасядзеўшы ў беларускіх турмах і пазнаёміўшыся з іншымі палітвязнямі, я пачаў многае разумець і выпрацаваў уласную палітычную пазіцыю. А тады мне было ўсё роўна, проста патрэбны былі грошы. У мяне з родных — бабуля, якой цяпер 85, а тады было 80, і сястрычка 15-гадовая. Я пагадзіўся і паехаў.

У сталіцу Беларусі Антон накіраваўся з Чабаксараў, дзе жыў. Зняў кватэру і некалькі дзён запар ездзіў на разведку ў пасёлак Зацень пад Мінскам, дзе жывуць многія беларускія чыноўнікі. Дакладны адрас ён атрымаў ад таго самага інкогніта ў даркнэце. Вялікіх праблем з выкананнем замовы ён не бачыў. І нават адзін раз здзейсніў спробу падпалу, але няўдалую: увесь тыдзень ліў дождж, і машына не загарэлася. Затое наступнай раніцай уладальнік аўтамабіля ўбачыў пляму бензіну на асфальце, і з таго дня каля яго дома дзяжурыла ахова.

— Пасля той няўдалай спробы Волкаў пачаў заганяць машыну ў двор, а ахова знаходзілася звонку. Дом быў абнесены плотам, але ў адным месцы кавалка плота не было — звычайная рабіца, якую я ў ноч на 1 кастрычніка паспяхова разрэзаў і пранік на тэрыторыю. Ахоўнікі былі з другога боку дома. Я абліў машыну бензінам і падпаліў. Потым хутка сеў на ровар і з’ехаў у цемру. Мяне ніхто не бачыў.

З моманту падпалу да затрымання прайшло 11 гадзін. Антон думаў, што калі яго не заўважылі проста на месцызначыць, усё зрабіў чыста, і можна цяпер не спяшацца. Калі б ведаў, кажа ён, то не паехаў бы на здымную кватэру спаць — за 11 гадзін паспеў бы не толькі дабрацца да Расіі, але і вылецець у Грузію, як і планаваў. Але ў кватэру ўвайшлі а чацвёртай гадзіне дня 1 кастрычніка. Далей — СІЗА, суд, прыгавор.

Спалены аўтамабіль Land Cruiser, які належаў меркавана старшыні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Аляксею Волкаву / МотолькоПомоги

Другі абвінавачаны па справе аб падпале — 19-гадовы Захар Таразевіч. З Антонам яны ніколі не былі знаёмыя. Захар таксама шукаў у даркнэце магчымасць зарабіць. І ў ноч падпалу нарэшце знайшоў падпрацоўку: той жа невядомы заказчык прапанаваў яму паехаць у Зацень і сфатаграфаваць згарэлую машыну. Захар паехаў, там яго і ўзялі. Вакол дома мітусіліся сілавікі, і ў кожнага, хто праходзіў міма, правяралі дакументы і тэлефоны. Зрэшты, адзіным прахожым аказаўся Захар. У яго тэлефоне знайшлі ўсю перапіску з заказчыкам. Ён так і не зразумеў, што там увогуле адбылося, — падрабязнасцей яму ніхто не казаў.

Спроба сфатаграфаваць згарэлы аўтамабіль для Захара Таразевіча скончылася прысудам у сем з паловай гадоў узмоцненага рэжыму. Антона Лысава прысудзілі да дзесяці. І гэта яшчэ можна лічыць шанцаваннем: ён прызнаў віну, даў паказанні, і тэрарызм перакваліфікавалі на артыкул 218 КК Беларусі (“Наўмыснае знішчэнне і пашкоджанне чужой маёмасці, здзейсненае грамадска небяспечным спосабам, арганізаванай групай, што пацягнула прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры).

— Пасля затрымання, калі мяне даставілі ў ГУБАЗіК, туды прыехаў міністр унутраных спраў Беларусі Кубракоў. Ціснуў на болевыя кропкі, потым ударыў мяне галавой аб сцяну і сказаў, што калі я не буду гаварыць, то мяне пусцяць па крузе. Я даў прызнальныя паказанні, віну не адмаўляў. Мяне адразу ўнеслі ў спіс экстрэмістаў, і ў калоніі я адразу атрымаў жоўтую бірку. Начальнікам было ўсё роўна, чаму я гэта зрабіў: спаліў машыну генерала — значыць, класавы вораг. У мяне была ў Маскве дзяўчына, я кахаў яе. Дык вось, два гады яна мне пісала, і я ёй пісаў, але ніводнага ліста не атрымаў. Яна таксама. Гэта значыць яны проста не прапускалі нашы лісты.

Паспрабуеш уцячы — застрэлім на месцы

У сакавіку 2023 года Антон напісаў заяву аб экстрадыцыі ў Расію, і яе, на здзіўленне, задаволілі. Звычайна палітвязняў-расіян з Беларусі не адпраўляюць на радзіму. Але тут, імаверна, сама крымінальная справа і матывы адыгралі сваю ролю: не пратэстовец, не з апазіцыі, проста вырашыў зарабіць грошы такім чынам, таму, па вялікім рахунку, цікавасці для беларускіх улад для “перавыхавання” не ўяўляе. І 7 снежня 2023 года Антона Лысава экстрадзіравалі ў Расію. Расійскі суд змяніў прыгавор: замест дзесяці гадоў — сем з паловай. Адбываць пакаранне Антона прывезлі ў Чабаксары. Праўда, перад экстрадыцыяй паспелі ўнесці ў асабістую справу, акрамя экстрэмізму, паметку “схільны да ўцёкаў.

— Я для сябе адразу вырашыў, што калі мне адмовяць у экстрадыцыі, буду спрабаваць уцячы, — кажа Антон. — Думаў, няхай лепш застрэляць, чым сядзець дзесяць гадоў. І на падвойным сшыткавым лісце намаляваў падрабязны план калоніі. Зразумела, пры апошнім “шмоне”, калі мяне ўжо вывозілі з калоніі, яго знайшлі. Начальнік рэжымнага аддзела ўбачыў і кажа: “Так, тваё шчасце, што цябе ў Расію вывозяць, інакш мы б цябе адразу на паўгода ў БУР закрылі (БУР — барак узмоцненага рэжыму. — Рэд.). Але схільнасць да ўцёкаў запісаць паспелі. Так што ў чабаксараўскую калонію я прыбыў з усімі “рэгаліямі” — экстрэміст, схільны да ўцёкаў.

Потым Антона пачалі вазіць у Ноўгарад: паўтары тысячы кіламетраў у адзін бок, і так некалькі разоў.

— Я калісьці даўно быў у Наўгародскай вобласці ў невялікім горадзе — прыгожы горад, прыгожая прырода. Гэта ўсё, што я памятаю. Але, аказваецца, у той дзень у горадзе быў падпал машыны. А тут гатовы падпальшчык, па такой жа беларускай справе сядзіць. У мясцовых следчых тэрміны даўнасці выходзілі, ім трэба было на кагосьці гэты стары глухар” павесіць. І мяне вазілі туды-сюды, ціснулі. Каб вы разумелі, туды ў вагонзаку ехаць з Чабаксараў — тры тыдні. А ў гэты час я яшчэ даведаўся, што мая дзяўчына выйшла замуж. Увогуле, мяне гэта ўсё маральна раздавіла. Я зламаўся. Прызнаў віну і напісаў заяву з просьбай адправіць мяне на СВА. Мяне выклікалі, я нешта падпісаў, і праз некалькі дзён, 6 мая 2025 года, усіх жадаючых проста з наўгародскага СІЗА вывезлі.

Байцы штурмавых падраздзяленняў расійскай арміі ў ходзе баявой падрыхтоўкі перад адпраўкай ва Украіну, Растоўская вобласць, 4 кастрычніка 2024 года / Сяргей Півавараў / Sputnik / Imago Images / Scanpix / LETA

З наўгародскай турмы Антона і іншых арыштантаў прывезлі ў ваенкамат, дзе далі паперы на подпіс і ўручылі банкаўскія карткі. Адтуль — у Варонеж. Адразу папярэдзілі: калі хтосьці задумае ўцячы — страляць будуць на паражэнне, без папярэджання. У Варонежы навабранцы правялі месяц. Гэта называлася баявой падрыхтоўкай, але, паводле слоў Антона, на самой справе іх нічому не вучылі: вывозілі на палігон, дзе салдаты былі пакінутыя самі сабе, а потым забіралі назад. А праз месяц прывезлі ў ЛНР — у пункт часовай дыслакацыі (ПЧД).

— У мяне ў справе была паметка, што я схільны да ўцёкаў, — распавядае Антон. — І мяне адразу перад усім строем папярэдзілі: Лысаў, паспрабуеш уцячы — застрэлім на месцы. ПЧД быў вялікі — чалавек 500, каля 30 бліндажоў у лесе, некалькі рот. Усе былыя зняволеныя былі ў роце В. Цяпер у жывых засталося чалавек пяць. Гэта 82-і мотастралковы полк. Адтуль нас адправілі ў Белгародскую вобласць, у Шабекіна. Там таксама ёсць ПЧД, толькі маленькі — туды прывозяць непасрэдна перад заходам ва Украіну. Там ужо выдалі зброю і гранаты. Толькі практычна ніхто імі не паспявае скарыстацца: або дроны забіваюць, або мінамёты, або проста расстрэльваюць. Я ўзяў беларускі пазыўны — Волат.

Я 200, я 200!

Антона Лысава і яго саслужыўца ў канцы мая 2025 года адправілі ў Ваўчанск (сумна вядомы горад у Чугуеўскім раёне Харкаўскай вобласці, ад якога крыху больш за пяць кіламетраў да мяжы з Расіяй; месца інтэнсіўных баявых дзеянняў). Пра тое, каб уцячы, гаворкі не было. Тым больш што з імі праз лес ішлі два праваднікі, якія адначасова выконвалі ролю канваіраў. На кожнай пазіцыі, да якой яны даходзілі, праваднікі змяняліся, і салдат перадавалі з рук у рукі. Антон успамінае, што вакол стаяў моцны пах трупаў, якія гнілі — целы ніхто і не думаў вывозіць. На чацвёртай па ліку пазіцыі сабраліся дзесяць чалавек, і прагучаў загад: ісці і замацавацца на агрэгатным заводзе. Апошні ўжо некалькі разоў на той момант пераходзіў з рук у рукі. Калі ў Ваўчанск прыйшоў Антон, завод якраз адбілі расіяне.

— Нам сказалі, што трэба туды перабрацца, а гэта метраў дзвесце, — кажа Антон. — А там няма такога, што палова горада ў руках адной арміі, другая палова ў руках другой. Там усё хаатычна раскідана, паўсюль страляніна і дроны. З намі яшчэ два лейтэнанты былі. Мы пабеглі. Па нас пачалі страляць з усіх бакоў. І мы пабеглі назад. Горада там ужо няма — расіяне зраўнялі яго з зямлёй. І наша пазіцыя была ў руінах катэджа. Там дзвярэй няма, каб адчыніў, зайшоў і зачыніў — там скачаш у падвал, а зверху чымсьці накшталт самаробнага люка закрываеш, каб дрон не заляцеў. І толькі мы пачалі заскакваць назад, спрацавалі АГС (аўтаматычныя гранатамётныя сістэмы. — Рэд.), кітайцу, які быў з намі, адарвала ногі, лейтэнант загінуў, мне асколкі трапілі ў нагу і ў трыцэпс, прычым у нагу пад каленам, сухажылле зачапіла. Я дапамог сабе сам, наклаў жгуты, але кульгаў. І мне, параненаму і кульгаваму, кажуць: Заўтра ты, Волат, пойдзеш адзін.

Від на Ваўчанск з вышыні, верасень 2024 года / Асобная прэзідэнцкая брыгада імя гетмана Багдана Хмяльніцкага / Facebook

Куды – на гэтае пытанне камандзіры яму не адказалі. Ты, маўляў, ідзі і слухай рацыю, а мы цябе дронам суправаджаць і накіроўваць будзем. А чацвёртай раніцы Антон выйшаў і нарэшце атрымаў загад: зайсці ў падвал разбуранага дома і там акапацца. Пачаў капаць у куце падвала. У гэты момант дрон скінуў гранату. Асколкамі прабіла шчаку, выбіла некалькі зубоў, на твары – рваныя раны, кроў свішча. Па колькасці страчанай крыві Антон не зразумеў, куды паранены, і стаў крычаць у рацыю: “Я 200, я 200!” Потым сцяміў, што рукі-ногі цэлыя, пакалечаны толькі твар, і працягнуў капаць. Ляталі дроны, білі мінамёты, а потым у нейкі момант у падвал заляцеў дрон на оптавалакне. Антон заціснуў вушы і рот у чаканні ўзрыву. Дзесяць секунд – і чорны экран перад вачыма. 

— Я нічога не чуў, не бачыў і не разумеў, — кажа Антон. — Мяне выключыла цалкам. Потым пачуў жудасны хрып, быццам побач душаць каго. Аказваецца, гэта я так дыхаў. Я не ведаю, колькі праляжаў без памяці — мне здаецца, некалькі дзён. Падвал быў разбураны, я ляжаў пад цэглай. Паступова пачаў рухаць рукамі і нагамі. Дроны над маёй галавой ужо не ляталі: верагодна, усе падумалі, што я мёртвы. Я і сам падумаў: мне не выбрацца з гэтай лісінай нары, так лепш перарэзаць сабе горла, каб не паміраць у муках. Але нажа ў мяне таксама не было.

У Антона не было не толькі нажа – ежы, вады, рацыі таксама не было. Рукамі ён выкапаў ямку ў зямлі, і праз нейкі час там пачала збірацца брудная вада. Таксама рукамі паступова разграбаў цэглу вакол. Але ў асноўным ляжаў, час ад часу ўпадаючы ў забыццё. Ад голаду пачаліся галюцынацыі: яму здавалася, што туды, у падвал, спускаюцца людзі і прыносяць згушчонку. Ён падносіць банку згушчонкі да рота — і яна знікае.

А потым даюць ваду, і яна таксама знікае. Самую выразную галюцынацыю Антон добра памятае: яму паказаліся два чалавекі, якія прыйшлі ў падвал і прапанавалі: Давай мы цябе за два мільёны рублёў эвакуіруем. Антон у забыцці паспеў падумаць, што грошай у яго няма, але згадзіўся. А потым два дні, вынырваючы з бессвядомага стану, чакаў выратавальнікаў. І здзіўляўся, чаму яны да гэтага часу не прыйшлі. У такім стане ў тым падвале ён правёў шмат дзён.

— Прыходзячы да прытомнасці, я працягваў капаць у надзеі адкапать што-небудзь патрэбнае для захавання жыцця. І аднаго разу адкапаў рацыі. У мяне з сабой іх было дзве. У адной да таго часу ўжо села батарэйка, у другой заставалася крыху зараду. Я кожны дзень уключаў яе літаральна на хвіліну і выходзіў на сувязь. Але мяне ніхто не чуў. Вайсковыя ж перыядычна змяняюць хвалі, каб не праслухоўвалі, і тая хваля ўжо была пустая. Урэшце я адчуў, што цяпер ужо дакладна ўсё. У мяне не заставалася сіл. Да таго часу я патрошкі адкапаўся з завалаў, але што рабіць далей? Выйсці? А куды, калі вакол стральба? І ў той дзень, калі я вырашыў, што выходжу на сувязь у апошні раз, мяне выпадкова пачуў радыст, які якраз у гэты час змяняў хвалі. Ён сказаў: Добра, мы адпраўляем дрон, ідзі за ім, ён цябе выведзе.

Пасля трох тыдняў голаду і забыцця, паранены і кульгавы, Антон ішоў праз лес за дронам. Ён успамінае, што часам падаў і траціў прытомнасць, часам поўз. Але адлегласць у сем кіламетраў пераадолеў (расказ пра тое, што з ім адбывалася ў тым лесе падчас баявых дзеянняў, немагчыма незалежна пацвердзіць. — Рэд.). Праўда, хадзіць ужо не мог — у белгародскую бальніцу яго везлі ляжачым, і па бальніцы першыя дні вазілі на каталцы. Вада, якой цяпер было дастаткова, пралівалася праз прабітую шчаку. Антон вырашыў бегчы і пачаў прасіць адправіць яго ў маскоўскі шпіталь, дзе яму змогуць зрабіць пластычную аперацыю, а сам у гэты час думаў: адтуль уцячы будзе лёгка. Урэшце галоўны ўрач сказаў: Лысаў, ты вынес мне мозг, заўтра я цябе выпісваю. І выпісаў. На наступны дзень па Антона прыехалі і забралі ў часць — прама з мыліцамі.

Вайна ва Украіне / Станіслаў Красільнікаў / Sputnik / Imago Images / Scanpix / LETA

На тэрыторыі часці адкапалі сем трупаў

— Я быў у той час проста калекам, — кажа Антон. — Месяц у часці проста на пасту стаяў, па гаспадарцы дапамагаў. У гэты час у нас камандзір штаба, падпалкоўнік, падарваў сябе гранатай. У яго пазыўны быў Студэнт. Пакінуў запіску. Пачаліся вельмі сур’ёзныя праверкі. І на тэрыторыі часці адкапалі сем трупаў. То-бок расстрэльвалі прама ў часці за адмову выконваць нейкі загад. Прычым іх потым толькі праз некалькі месяцаў аб’яўлялі зніклымі без вестак. А да таго проста забіралі карткі і кожны месяц спакойна з іх здымалі налічэнні. Увесь камандны састаў пасадзілі, ім пагражае пажыццёвае. Я з імі потым перасякаўся ў ваеннай паліцыі, калі мяне затрымалі.

А затрымалі Антона пры спробе ўцячы. Пасля тых праверак большасць кантрактнікаў хутка адправілі на фронт, у лес пад Ваўчанскам. Антон толькі тыдзень як пачаў хадзіць без мыліц, але гэта нікога не хвалявала. У лесе ён месяц займаўся дробнымі гаспадарчымі справамі і капаў бліндажы. А потым камандзіры абвясцілі, што заўтра адправяць яго зноў на фронт, у самае пекла. Ён вырашыў, што цяпер самы час уцякаць. Дакладней, ісці. І пайшоў у бок Расіі, пакуль не выйшаў з лесу і не апынуўся тварам да твару з ваеннай паліцыяй. ВэПэшнік спытаў: Ты што, Волат? Ну, пойдзем. Антон адказаў: Пойдзем, толькі давайцекаб усё па законе.

Яго адвезлі ў ваенную паліцыю і пасадзілі ў камеру. Там ён і сустрэўся са сваімі былымі камандзірамі з часці 52033. Ён быў шчыра рады таму, што апынуўся там менавіта цяпер, а не месяцам раней: тады, да самагубства падпалкоўніка, праверак і знаходжання трупаў, яго б проста расстралялі. А цяпер у часці баяліся рэзкіх рухаў і, прынамсі, не забівалі кантрактнікаў проста так.

Праз два дні па яго прыехаў маёр з часці і адвёз у Шабекіна. А яшчэ праз тры дні паступіў загад вяртацца на фронт. І тады Антон адмовіўся яго выконваць. Пасля НЗ у часці пастаянна дзяжурылі ВэПэшнікі. Антон разумеў, што яго не расстраляюць.

— ВэПэшнік, які быў у часці, кажа мне: Ты адмаўляешся ехаць на фронт? Тады едзеш у турму. У турме я правёў ноч, а раніцай мне сказалі: Ты ж разумееш, што мы цябе ўсё роўна вывезем. Скотчам прыматаем да грузавіка, і калі прыляціць дрон, мы ўсе разбяжымся, а ты застанешся і загінеш. Я адказваў, што мне ўжо ўсё роўна. У выніку мяне хоць і не прыматалі да грузавіка, але кінулі ў кузаў з абкручанымі скотчам рукамі. І адвезлі ў той жа Ваўчанскі лес. Само сабой, там мяне сустрэлі сардэчна”. Прывязалі да дрэва, дзе я прастаяў з раніцы да вечара, а вакол ляталі дроны. Яны, верагодна, гэтага і дамагаліся: каб мяне забіў дрон. А вечарам сказалі: Ты павінен загладзіць віну, заўтра ідзеш на заданне.

Антону разам з двума іншымі салдатамі загадалі перайсці раку Северскі Данец і перакінуць праз яе вяроўку, каб па ёй штурмавікам маглі перадаваць правізію.

— Я гэтым 19-гадовым хлопцам кажу: “Вы разумееце, што нас адразу заб’юць дроны, мы не пяройдзем гэтую раку? — Яны адказваюць: “А што рабіць, выбару няма. Я разумею, што звальваць трэба зараз, потым ужо не будзе каму. Хлопцы згадзіліся. І мы пайшлі, быццам на заданне, а самі абходнымі шляхамі ў зваротным кірунку. Гэта было 3 верасня мінулага года. Па дарозе нас дагнала машына з “ахматаўцамі. Я папрасіў падвезці да мяжымаўляў, мы аператары беспілотнікаў, на пазіцыю вяртаемся. Ніхто нічога і не спытаў — ім да нас справы не было, падвезлі. Ад мяжы схапілі таксі да бліжэйшага населенага пункта. Адтуль — да Белгарада. І там раз’ехаліся з мэтай бяспекі ў розныя бакі. Дзякуй таксістам, якія вазілі абходнымі шляхамі, каб не натрапіць на пост ваеннай паліцыі.

Стэла на ўездзе ў Белгарад / "Новая газета Еўропа"

У бліжэйшым населеным пункце Антон купіў цывільную вопратку, спаліў форму, выкінуў жэтон і дабраўся да Чабаксараў. Да сваякоў нават не сунуўся — схаваўся ў сяброў, праз іх і падтрымліваў сувязь з сястрой і бабуляй. Ён заблытваў сляды, але аказалася, што яго ніхто не шукае: праз некаторы час сястра Антона атрымала паведамленне з ваенкамата, што яе брат прапаў без вестак 3 верасня (ёсць у распараджэнні рэдакцыі). У гэты час ён ужо быў у Чабаксарах і чакаў інструкцый ад Ідзіце лесам.

Аказалася, што сістэма мае гіганцкія дзіркі: першыя паўгода пасля адпраўкі паведамлення пра тое, што чалавек прапаў без вестак пры выкананні баявых задач, інфармацыя застаецца ўнутранай і з ваенкамата ў ніякія грамадзянскія структуры не паступае. Праз шэсць месяцаў па заяве сваякоў суд прызнае чалавека зніклым без вестак, і вось тады аб гэтым паведамляецца міграцыйнай службе і іншым дзяржаўным органам. І Антон Лысаў, будучы афіцыйна зніклым без вестак, спакойна пайшоў у міграцыйную службу і заявіў аб згубе пашпарта. Атрымаў новы і ў той жа дзень вылецеў у Ерэван: пашпартыстка папярэдзіла, што аб выдачы пашпартоў яны паведамляюць ваенкамату, таму часу не заставалася. Дарэчы, выезд прайшоў без усялякіх праблем на мяжы. Выходзіць, што з моманту падпісання кантракта Антон Лысаў быў дэ-юрэ свабодным чалавекам: ні турмы, ні забароны на выезд.

— Калі я падпісваў кантракт, я думаў, што я самы разумны і зараз усіх перахітру і проста ўцяку. У выніку мне гэта і ўдалося, але якой цаной? Калі б я загадзя ведаў цану свабоды, аддаў бы перавагу варыянту дасядзець тэрмін, — кажа Антон.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі