Беларускія сілавікі праводзяць масавыя затрыманні ў Мінску і Бабруйску. Сярод затрыманых бізнэсоўцы, супрацоўнікі МУС і МНС, дэмакратычныя актывісты.
Пэўны час таму міліцыя амаль перастала затрымліваць апазіцыянераў. Падчас пікетаў сілавікі складалі на пратэстоўцаў пратаколы, а суды каралі іх вялікімі штрафамі. Але ў лютым 2017 года актывізаваліся пратэсты супраць дэкрэта №3 Аляксандра Лукашэнкі "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства". 17 лютага ў Мінску прайшоў "Марш абураных беларусаў", які сабраў блізу дзвюх тысяч удзельнікаў. Наступнымі днямі аналагічныя акцыі прайшлі ў рэгіёнах. Пратэстоўцы патрабавалі адмены дэкрэта, але ўлады вырашылі падкарэктаваць, а не адмяніць дакумент. Таму ў сакавіку масавыя пратэсты працягнуліся. Улады адказалі на іх адміністрацыйнымі арыштамі: цягам двух тыдняў за краты трапіла больш за 200 чалавек.
Не. Але па версіі беларускага КДБ, збіраліся ўдзельнічаць. Супраць затрыманых распачатая крымінальная справа за навучанне і падрыхтоўку да ўдзелу ў масавых беспарадках (ч.3 арт.293 Крымінальнага кодэкса). У сюжэтах пра затрыманні паказалі хлопца, які распавядае пра планы “радыкалаў”: "Паступіла паведамленне, што 25 сакавіка калона дэманстрантаў будзе атакаваная прарасійскімі сіламі, якія могуць пакалечыць людзей. Нам было сказана, каб мы былі напагатове, каб у выпадку чаго маглі аказаць ім супраціўленне". У хлопцы апазналі колішняга студэнта гістарычнага факультэта БДУ Яўгена Палтаржыцкага. Верагодна, ён таксама затрыманы.
Блогер і былы палітвязень Эдуард Пальчыс мяркуе, што напярэдадні акцыі 25 сакавіка ўлады затрымліваюць усіх апазіцыянераў, якія маюць хаця б якія-небудзь лідарскія здольнасці.
25 сакавіка — Дзень волі. У гэты дзень апазіцыя традыцыйна ладзіць шэсце ў памяць аб абвяшчэнні Беларускай народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 года. Неўзабаве Рада незалежнай беларускай дзяржавы была вымушаная пакінуць Мінск, а пасля і Беларусь, і па сёння дзейнічае ў выгнанні.
Звычайны маршрут мінскага шэсця на 25 сакавіка — ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор. Але сёлета акцыя наклалася на пратэсты супраць "дармаедскага" дэкрэта №3, таму апазіцыянеры вырашылі пайсці ў цэнтр сталіцы, на Кастрычніцкую плошчу. Мінскія ўлады акцыю не дазволілі, але і не забаранілі, пакінуўшы зварот яе арганізатараў без адказу.
Увечары 18 сакавіка Ніна Шыдлоўская паведаміла пра ўзлом старонкі свайго сябра Міраслава Лазоўскага ў "Фэйсбуку". Лазоўскі быў адным з лідараў падпольнай спартова-патрыятычнай арганізацыі "Белы легіён", якая дзейнічала з 1996 па 2006 год. "Цяпер ад яго [Лазоўскага] імя рассылаюць правакацыйны заклік адносна 25 сакавiка, да якога ні ён асабіста, ні агулам "Белы легіён" не мае дачынення. Гэта правакацыя! Заяўляю адказна і кампетэнтна!" — напісала Шыдлоўская.
Праз тры дні пасля публікацыі гэтага паведамлення Лазоўскі быў затрыманы.
"Белы легіён" — спартова-патрыятычная арганізацыя, якая падпольна працавала ў Беларусі ў 1990-я. Яна была заснаваная на базе моладзевага крыла ДРАБ (Дружыны рэгіянальнай аховы і бяспекі), ліквідаванага ўладамі Беларускага згуртавання вайскоўцаў. У 1996-1999 гадах у "Белым Легіёне" было прыкладна 200 чалавек. "Легіянеры" ўдзельнічалі ва ўсіх буйных акцыях апазіцыі канца 1990-х. Але пасля 1999 года арганізацыя, фактычна, спыніла сваю дзейнасць. Частка сяброў БЛ сышла ў бізнес, іншыя былі заўважаныя ў ахове апазіцыйных лідараў. Апошняя згадка пра "Белы Легіён" з'явіліся ў 2008 годзе, калі былых кіраўнікоў арганізацыі Ігара Корсака, Міраслава Лазоўскага і Сержука Чыслава затрымалі па справе выбуху 3-га ліпеня 2008 года. У хуткім часе іх вызвалілі з пад варты.
Міраславу Лазоўскаму 43 гады. У "Белым легіёне" ён быў заўважнай фігурай, але пасля ліквідацыі арганізацыі адыйшоў ад справаў і заняўся кнігавыдавецкім бізнэсам. Лазоўскі працаваў у выдавецтве "Беларускі кнігазбор".
Увечары 21 сакавіка сілавікі ў цэнтры Мінска спынілі аўтамабіль Лазоўскага, які ехаў з офіса дадому. Па словах яго нявесты, каля васьмі вечара яго прывезлі ў кватэру. Лазоўскі быў скрываўлены, рукі былі ў кайданках. У яго дома адбыўся вобшук.
На гэты момант адзінай крыніцай звестак пра затрыманне Лазоўскага з'яўляюцца сюжэты, паказаныя па беларускім тэлебачанні ўвечары 23 сакавіка. Там сказана, што бізнесовец вазіў у машыне "аўтамат без прыклада і нумара, а таксама два магазіны з патронамі да яго".
Таксама ўвечары 21 сакавіка былі затрыманыя гандляр кнігамі Алесь Яўдаха і ратавальнік з МНС Андрэй Дундукоў.
Палітолаг Андрэй Партонікаў звязаў іх затрыманне з заявай Аляксандра Лукашэнкі пра разгорм беларускімі спецслужбамі лагера для падрыхтоўкі баевікоў. "Беларускія сілавікі трапілі ў сітуацыю, калі ўмовы трэба падганяць пад вынік. Калі вынік абвешчаны, што затрыманыя дзясяткі баевікоў, недзе ж трэба гэтых баевікоў узяць. І таму сістэма запрацавала. Яны паднялі свае ўліковыя базы дадзеных і паглядзелі на людзей, якія там значацца, як, умоўна кажучы, схільныя да экстрэмісцкіх ці сілавых дзеянняў — вось і ўсё. І я думаю, што гэта не апошнія затрыманні", — мяркуе Паротнікаў.
На сустрэчы з рабочымі завода "Кранаспан" на Магілёўшчыне Аляксандр Лукашэнка распавёў пра затрыманне "некалькіх дзясяткаў баевікоў", якія "рыхтавалі правакацыю са зброяй". Адзін з лагераў, у якіх трэніраваліся баевікі, па словах кіраўніка дзяржавы, "быў у раёне Бабруйска і Асіповіч". Іншыя лагеры — у суседніх дзяржавах: былі названыя Украіна, Польшча і Літва.
"Выказванні кіраўніцтва Беларусі пра нібыта падрыхтоўку на тэрыторыі Украіны ўзброеных баевікоў не адпавядаюць рэчаіснасці, з'яўляюцца правакацыйнымі і шкодзяць развіццю добрасуседскіх адносін паміж Украінай і Беларуссю", — адказалі на словы Аляксандра Лукашэнкі ў Міністэрстве замежных справаў Украіны. У той жа час, Служба бяспекі Украіны запатрабавала ад беларускіх уладаў пацвярджэння інфармацыі пра існаванне на ўкраінскай тэрыторыі лагераў з баевікамі.
Міністр замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус назваў заяву Аляксандра Лукашэнкі выдумкай і высмактанымі з пальца небыліцамі. "У недалёкім мінулым мы бачылі пазітыўныя знакі, мы б хацелі, каб сітуацыя не разгарнулася ў горшы бок. Спадзяемся, што мы не вернемся да сітуацыі, калі ў Беларусі былі палітычныя зняволеныя", — сказаў Лінкявічус. Кіраўнік парламенцкага камітэта па нацыянальнай бяспецы і абароне Вітаўтас Бакас быў не менш катэгарычны. На яго думку, заява Лукашэнкі — "поўная бязглуздзіца".
Палякі таксама звярнулі ўвагу на хвалю рэпрэсій у Беларусі. "Маўчанне Польшчы для прэзідэнта Лукашэнкі гэта заахвочванне, зялёнае святло, каб гэтыя рэпрэсіі абвастрыць. Заклікаем польскі МЗС і кіраўніцтва Польскага сейма агалосіць пратэст супраць таго, што робіцца ў Беларусі. Гэта трэба спыніць, — выказаўся Старшыня камісіі Сейма Польшчы па справах Беларусі, дэпутат Роберт Тышкевіч. — Гэта тэст для Польшчы і польскай дыпламатыі: альбо Польшча як заўсёды заступіцца за арыштаваных, альбо будзем хаваць галаву ў пясок і рабіць выгляд нейкага пацяплення ў час, калі людзі ў Беларусі робяцца вязнямі".
У прэс-службах МУС, КДБ і Пракуратуры даваць афіцыйныя каментарыі адмаўляюцца.
Праваабаронцам на гэты момант вядома пра 22 затрыманых. Спіс папаўняецца. Дзяржаўныя тэлеканалы паведамляюць пра 26 затрыманых.
Не менш як 14 чалавек затрымана 21-22 сакавіка, гэта колішнія сябры "Белага легіёна", былыя ўдзельнікі бабруйскага клуба "Патрыёт" і гандляр кнігамі Алесь Яўдаха, дачыненне якога да абедзвюх арганізацый не пацверджанае. Таксама ўлады абвясцілі паляванне на колішніх сяброў зарэгістраванай у Чэхіі арганізацыі "Малады фронт". Былі затрыманыя Зміцер Дашкевіч, Арцём Леўчанка і Сяргей Пальчэўскі, бізнесовец Павел Юхневіч (асуджаны на 7 сутак), актывісты Зміцер Крамянецкі і Раман Васільеў. Прычым, Дашкевіча і Леўчанку "павязалі" ў кватэры пісьменнікаў Уладзіміра Арлова і Валянціны Аксак, дзе яны ўсталёўвалі кухню. Цяпер яны знаходзяцца ў СІЗА КДБ.
З раніцы 23 сакавіка затрыманні працягнуліся. Прычым, за краты пачалі трапляць людзі, вельмі не падобныя да баевікоў. Каля 11:45 затрыманы лідар прадпрымальніцкага аб'яднання "перспектыва" Анатоль Шумчанка. Яго даставілі ў аддзел міліцыі Маскоўскага раёна, з таго часу камунікацыя з ім адсутнічае.
Прыкладна ў той жа час на вачах сына адбылося затрыманне палітолага Алеся Лагвінца. "Падбеглі пяць чалавек, трое схапілі бацьку, яшчэ двое — мяне. Без формы. Гадоў па 35, каротка стрыжаныя, — распавёў пра затрыманне Антось Лагвінец. — Я моцна крычаў. Людзі паспрабавалі нас адбіць, але адзін з нападнікаў пачаў тыкаць ім у твар коркай. Ні прозвішча, нічога разабраць нельга было". Увечары Алеся Лагвінца пачалі судзіць, але неўзабаве звезлі ў лякарню: у палітолага зламаны нос і страсенне мазгоў.
Спартова-патрыятычны клуб "Патрыёт" шмат гадоў працуе ў Бабруйску пры Цэнтры творчасці Ленінскага раёна. Сэнс існавання клуба ў патрыятычным выхаванні беларускай моладзі. Сюды ўваходзіць вывучэнне гісторыі Беларусі з ранняга Сярэднявечча да сучаснасці і фізічнае выхаванне.
"Мы ніякага дачынення не маем да экстрэмізму. Баевікоў я не рыхтую — гэта адназначна, — распавядае кіраўнік клуба Мікалай Міхалькоў. — Нашы выхаванцы паступаюць у вышэйшыя навучальныя ўстановы, у тым ліку і сілавога блоку. Больш за тое: нас "гэтая" структура сама кантралюе. У нас ёсць куратар "зверху". Таму я ў шоку ад раздзьмутага скандалу і ад гэтага ўсяго".
"Задачай "Патрыёта" было прывіць дзецям любоў да войска, каб яны не "касілі", — распавядае пра свае ўражанні ад заняткаў у клубе адзін з яго выхаванцаў Мікалай Парфёнаў.
Увечары 22 сакавіка на беларускім тэлебачанні з'явіліся сюжэты пра затрыманні былых удзельнікаў "Белага легіёна". Сюжэт на канале "Беларусь-1" зроблены ў адказ незалежным медыя, якія, па словах дыктаркі, спрабуюць "абяліць" баевікоў. У кадры ― архіўныя здымкі і свежае відэа: КДБ штурмуе кватэру колішняга сябра "Белага легіёна" Віктара Данілава.
Шмат увагі нададзена быццам бы заляпанай кроўю карціне, на якой трое ўдзельнікаў “БЛ” у масках і са зброяй выяўленыя на Плошчы Незалежнасці. Па падлозе раскладзены "арсенал": некалькі ствалоў, гранаты, патроны.
Сюжэт, паказаны па тэлеканале АНТ, яшчэ цікавейшы: на аператыўных здымках бачна, што"баявік" Дзянісаў трымаў "гранаты"... на палічках з кнігамі!
Увечары 23 сакавіка затрыманням прысвяцілі яшчэ некалькі сюжэтаў. У іх паведамляецца, што адзін з затрыманых паказаў схованку зброі ў раёне вёскі Церабейнае ў Стаўбцоўскім раёне. Пералічаюць тое, што знайшлі ў актывістаў "Белага легіёна" і "Маладога фронту": аўтамат Калашнікава, 59 патронаў, пісталеты, гранаты, нажы і сякеры, бронекамізэлькі, шаўроны батальёна "Азоў", дапаможнікі па вядзенні баявых дзеянняў у горадзе, прадметы для вырабу самаробных выбуховых прыстасаванняў.