Начальнік ГУБАЗіК заявіў пра ліквідацыю анархісцкага руху ў Беларусі

31/03/2026 - 14:19

Андрэй Ананенка / СБ

"Прадпрынятымі мерамі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ліквідаваны анархарух", — такую заяву ў інтэрв'ю дзяржаўнаму выданню "СБ. Беларусь сегодня" зрабіў начальнік Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС Андрэй Ананенка.

Таксама ён паведаміў пра кантроль міліцыі над фанацкім рухам у краіне: "Радыкальна настроеныя каляфутбольныя групоўкі і агулам фанацкі рух узятыя пад кантроль".

Ананенка расказаў, якімі задачамі займаецца трэцяе ўпраўленне ГУБАЗіК (па супрацьдзеянні экстрэмізму). Сярод іх — "недапушчэнне і спыненне экстрэмісцкай дзейнасці дэструктыўна настроеных асоб і груп грамадзян, якія робяць актыўныя дзеянні па дэстабілізацыі абстаноўкі"; "недапушчэнне фінансавання экстрэмісцкіх ініцыятываў"; "своечасовае выяўленне і блакаванне рахункаў экстрэмісцкіх фарміраванняў"; "супрацьдзеянне экстрэмізму ў радыкальных грамадскіх і іншых фарміраваннях, этнічных, рэлігійных утварэннях"; "спыненне нацызму і рэабілітацыі нацызму, адмаўлення генацыду беларускага народа".

ГУБАЗіК — адзін з рэпрэсіўных органаў рэжыму Лукашэнкі. Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца з 2020 года.  Сярод іншага пад іх трапілі і прадстаўнікі ідэалогіі анархізму.

Некалькі дзён таму міліцыя паведамляла, што спецназ затрымаў групу маладых людзей, якія нібыта плявалі на помнік і абражалі памяць ветэранаў. Іх таксама назвалі прыхільнікамі анархісцкага руху, але праверыць гэтае сцвярджэнне немагчыма.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі