Савет па правах чалавека ААН падоўжыў мандат спецдакладчыка па Беларусі

31/03/2026 - 10:20

Сцяг ААН

Савет па правах чалавека (СПЧ) ААН падоўжыў на год мандаты групы незалежных экспертаў і спецдакладчыка па Беларусі.

Галасаванне па гэтай рэзалюцыі прайшло 30 сакавіка. За падаўжэнне мандата прагаласавалі 28 краін, устрымаліся 15, а Куба, Кітай, В'етнам і Бурундзі галасавалі супраць.

Абноўленую інфармацыю пра стан правоў чалавека ў Беларусі спецдакладчык і эксперты павінны прадставіць на 63-й сесіі СПЧ, а на 64-ю яны павінны падаць усёабдымныя даклады.

Таксама СПЧ настойліва заклікае афіцыйны Мінск наладзіць поўнае ўзаемадзеянне з усімі праваабарончымі механізмамі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, у тым ліку са спецдакладчыкам і групай незалежных экспертаў.

Сярод іншага СПЧ заклікаў улады Беларусі неадкладна вызваліць і рэабілітаваць усіх адвольна або незаконна затрыманых, арыштаваных, абвінавачаных або асуджаных па палітычных матывах або за ажыццяўленне імі сваіх правоў чалавека. Таксама СПЧ заклікаў афіцыйны Мінск спыніць рэпрэсіі і ціск, якія могуць прывесці да прымусовага выезду, дэпартацыі або пазбаўлення консульскіх паслуг.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі