Жыхар Мазыра вырабіў тысячу "яжоў" для атакі на спецтранспарт

25/11/2020 - 07:20

Жыхар Мазыра вырабіў больш за тысячу "яжоў" для атакі на спецтранспарт супрацоўнікаў праваахоўных органаў. 40-гадовага мужчыну затрымалі пры спробе перадачы вырабаў у Мінск. Расследаванне крымінальнай справы, якім займалася Галоўнае следчае ўпраўленне, ужо завершанае, паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

Вырабам згаданых металічных канструкцый мазыранін займаўся ў ліпені-жніўні 2020-га. Захоўваў "яжы" ён спачатку ў Мазырскім раёне, а пасля перавёз у Калінкавічы. У Telegram мужчына пачаў шукаць чалавека, які завязе яго вырабы ў сталіцу. Відаць, на гэтым этапе ён і трапіў у поле зроку сілавікоў. З паведамлення СК незразумела, ці быў 32-гадовы мужчына, які адгукнуўся і выказаў жаданне завезці металічныя канструкцыі ў Мінск, "падстаўлены" міліцыяй, ці не.

Адразу пасля перадачы вырабаў жыхара Мазыра затрымалі. Яго дзеянні кваліфікаваны як "падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках". Мужчына застаецца пад вартай.

Металічныя "яжы" / sk.gov.by
Перад затрыманнем / sk.gov.by

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі