Як цяпер уладкавана медыцынская адукацыя ў Беларусі і што чакае маладога ўрача

18/10/2026 - 16:25

Рукі доктара / LookByMedia

— Паступіўшы ў медыцынскі ўніверсітэт, ты з вялікай верагоднасцю яго скончыш. Пры гэтым якасць тваёй адукацыі ў многім залежыць ад таго, наколькі сур'ёзна ты сам ставішся да вучобы і якія ўмовы табе забяспечаны, — кажа ў эфіры Еўрарадыё гінеколаг Станіслаў Салавей, які займаецца пытаннямі рэфармавання беларускай сістэмы аховы здароўя ў Офісе Святланы Ціханоўскай. 

У праекце "Беларусь 2030" ён апісаў шлях, які давядзецца прайсці маладому чалавеку, які вырашыць звязаць сваё жыццё з медыцынай у Беларусі эпохі позняга Лукашэнкі.

— Тэарэтычна паступіць у Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт цяпер стала даволі лёгка. Няважна, вучуся я на бюджэце ці па мэтавым накіраванні.

Нас чакаюць адносна перапоўненыя вучэбныя групы. Яшчэ ў год майго паступлення і годам раней, наколькі я памятаю, у 2006–2007 гадах, набор у Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт павялічылі на 20%.

Я памятаю, як выкладчыкі дзівіліся: «І што нам цяпер з вамі рабіць на даклінічных кафедрах?» Уявіце сабе сітуацыю: каб разгледзець прэпарат, даводзіцца стаяць бокам і спрабаваць падабрацца бліжэй.

А што рабіць на хірургічных занятках, калі ў адной групе, напрыклад, дзесяць чалавек? Лапараскапічную аперацыю яшчэ можна паглядзець на экране, але калі аперацыя адкрытая, то яе змогуць убачыць у лепшым выпадку два чалавекі. А што рабіць астатнім? Сядзець, хадзіць, чакаць? — расказвае Салавей.

Ён адзначае, што якасць навучання зніжаецца пры нарастаючым адрыве медыцынскай адукацыі ад практыкі. А што потым?

— Затым цябе чакае гадавая інтэрнатура. І тут многае залежыць ад таго, дзе менавіта ты яе праходзіш і наколькі актыўна ўдзельнічаеш у рабоце.

Калі гэта тваё будучае месца працы, то калегі, хутчэй за ўсё, пастараюцца ўкласці ў цябе веды і вопыт. Бо ім самім з табой працаваць, і чым лепш ты падрыхтаваны, тым лягчэй будзе ўсім.

Калі ж інтэрнатура праходзіць у іншым месцы, то многае залежыць ад канкрэтных людзей і акалічнасцей. Умоўна кажучы, хочаш — вучыся, не хочаш — можаш прайсці яе фармальна, — кажа Станіслаў.

Пасля гэтага пачынаецца праца па размеркаванні. І тут усё залежыць ад таго, куды менавіта цябе накіруюць, лічыць урач.

— Калі ты трапіш, напрыклад, у пятую гарадскую бальніцу Мінска, то, працуючы ўрачом стацыянара, атрымаеш пэўныя перавагі. Побач будуць вопытныя калегі, да якіх можна звярнуцца за парадай, удакладніць дэталі і папрасіць дапамогі. 

На дзяжурстве ты, як правіла, не застанешся адзін: звычайна працуе каманда ўрачоў, сярод якіх ёсць больш вопытныя спецыялісты. Гэта ўжо пэўная страхоўка.

Але калі ты трапіш у невялікі горад, сітуацыя можа быць зусім іншай. У нейкі момант нявопытны доктар можа пачуць такое: "Слухай, малады, разбярэшся сам". І ў выніку ўрач можа атрымаць вопыт у нейрахірургіі, дзіцячай хірургіі, практалогіі і іншых напрамках.

Але гэта не азначае, што такая сітуацыя добрая для пацыента, — папярэджвае Салавей.

Пацыенту патрэбны не проста ўрач, яму патрэбны спецыяліст, які валодае дастатковымі ведамі, падрыхтоўкай і вопытам для бяспечнага лячэння.

— Не варта думаць, што французскія хірургі горшыя за беларускіх або што яны не ўмеюць нармальна навучаць студэнтаў. Справа не ў здольнасцях урачоў, а ў сістэме падрыхтоўкі і ў тым, колькі часу неабходна для набыцця прафесійных навыкаў.

Наколькі я памятаю, у Расіі працягласць рэзідэнтуры павялічылі прыблізна да трох гадоў. Ва Украіне падрыхтоўка па асобных напрамках таксама можа займаць да трох гадоў. 

У Беларусі інтэрнатура ў асноўным доўжыцца адзін год, за выключэннем некаторых спецыяльнасцей.

Таму за адзін год немагчыма навучыць урача ўсяму неабходнаму, — упэўнены доктар.

Што чакае маладога спецыяліста на працы ў невялікім горадзе? Салавей папярэджвае пра сцэнарый, калі ён адстане ад сучасных падыходаў.

— Нават калі там працуюць выдатныя калегі, якія шчыра хочуць мяне навучыць, яны змогуць перадаць мне толькі тыя веды і навыкі, якімі валодаюць самі.

У выніку, скончыўшы двух- ці пяцігадовы тэрмін размеркавання, я магу апынуцца спецыялістам, які ўжо адстае ад сучасных медыцынскіх падыходаў. Я не буду ведаць новых тэхналогій проста таму, што ў мяне не было магчымасці з імі пазнаёміцца.

Напрыклад, у Польшчы многія кардыёлагі самастойна выконваюць імплантацыю кардыёстымулятараў. У Беларусі такія працэдуры, як правіла, сканцэнтраваны ў спецыялізаваных цэнтрах, паколькі для іх засваення неабходны адпаведнае навучанне і практыка.

Нельга проста даць маладому ўрачу стэтаскоп, ускласці на яго адказнасць і чакаць, што ён самастойна засвоіць усё неабходнае.

У выніку ў ўрача застаецца няпросты выбар: альбо сумленна прызнаваць межы сваёй кампетэнцыі і рызыкаваць сутыкнуцца з прафесійнымі ці юрыдычнымі наступствамі з-за таго, што ён не можа аказаць неабходную дапамогу, альбо працаваць так, як прынята ў сістэме, стараючыся не вылучацца, — падсумоўвае Станіслаў Салавей.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі