Выбары: дырэктар СШ супраць памочніка прэзідэнта, пракурор супраць намміністра

14/07/2016 - 14:14

Часам не толькі апазіцыя, але і прадстаўнікі ўлады не могуць паміж сабой дамовіцца. У Дзятлаўскай выбарчай акрузе №56 зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы намесніка міністра ўнутраных спраў — начальніка крымінальнай міліцыі Валянціна Міхневіча — і пракурора Дзятлаўскага раёна Віталя Зайца. Можа, пракурор не ведаў, хто будзе яго канкурэнтам на акрузе?

У адказ пракурор толькі загадкава ўсміхаецца. І прызнаецца, што канкурэнцыі з намеснікам міліцэйскага міністра не баіцца. Не баіцца адміністрацыйнага рэсурсу.

“Гэта нават цікавей — больш захоплівае і падштурхоўвае крыху, — весела адказвае мне Віталь Заяц. — Я не з тых людзей, якія баяцца! Я лічу так: жыццё складаецца з двух бакоў, дзе адзін бок — сіла, а другі — слабасць. Кожны сам абірае свой бок. Я на баку сілы, і калі ўжо робіш крок наперад, то нават не ведаю, што трэба, каб прымусіць мяне здаць назад. Ну, хай зраблю крок назад, але тады два крокі наперад яшчэ пойдзе”.

Еўрарадыё: Выкліча кіраўніцтва і “папросіць” зняцца з выбараў на карысць годнага чалавека…

— Ну, не ведаю… Калі такое будзе… Але спадзяюся, што мае калегі мяне падтрымаюць.

Дарэчы, Віталь Заяц шчыра прызнаецца: хоць рашэнне ісці ў дэпутаты і было яго асабістае, жонкай падтрыманае, пра свае планы начальству ён паведаміў. І згоду на ўдзел у выбарчай кампаніі атрымаў. А на пытанне, навошта яму гэта трэба, чакана адказвае: хоча сваёй працай дамагацца зменаў да лепшага ў краіне. Праз удасканаленне законаў, натуральна.

Віталь Заяц: “Паглядзіце, колькі ў нас ідзе зменаў і дапаўненняў у законы. Чаму? Бо спачатку некаторыя рэчы не прадумалі. Можа, гэтым займаюцца людзі, якія, па сутнасці, маюць агульнае ўяўленне пра гэтую сферу і непасрэдна з ёй не былі звязаныя”.

Са старшынёй Івацэвіцкага райвыканкама Анатолем Ткачуком у выбарчай акрузе №11 за дэпутацкі мандат будзе змагацца начальнік аддзела падаткаабкладання фізасоб інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Івацэвіцкім раёне Іван Шульга. У размове з Еўрарадыё падаткавік гаворыць, што ягонае кіраўніцтва ні пры чым.

Іван Шульга: “Неяк так, здалёк агаворваў нібыта свае намеры… Пытанняў з іх боку не ўзнікала: “Малайчына, добра — малады, ініцыятыўны”. Але адсоткаў на 90% гэта маё рашэнне, якое сфармавалася за шмат гадоў — яшчэ ў каледжы калі вучыўся, то паставіў сабе гэта за мэту”.

Супрацьстаяць старшыні райвыканкама падаткавік не баіцца, саступаць не збіраецца. Нават калі начальства будзе настойліва прасіць!

“Не! Катэгарычна. Разумееце, выбары праходзяць раз на чатыры гады, і проста таму, што мяне папрасіла кіраўніцтва, губляць чатыры гады свайго жыцця я не гатовы”.

Выбарчая праграма фактычна гатовая, нават чарнавікі некалькіх законапраектаў. Але наракае, што прыгожыя, здавалася б, законы на месцах не заўжды працуюць. І ў якасці прыкладу, кажа пра… Дэкрэт “аб дармаедах”.

“Ёсць у нас такая група грамадзян, асацыяльных, маргінальных розных асоб, з імі найбольш праблем у падатковых органаў. Спагнаць з іх выстаўленую суму будзе немагчыма — няма гэтых грошай. Дэкрэтам прадугледжаны адміністрацыйны арышт, але не прадугледжаная база па выкананні. Бо ў тых жа ізалятарах часовага ўтрымання заўжды ёсць свае кліенты. А з гэтымі… А калі такіх будзе вельмі шмат, давядзецца чакаць сваёй чаргі, каб адбыць гэты адміністрацыйны арышт!”

А вось дырэктар СШ №1 з Бялынычаў Таццяна Балдышэўская нават дазволу ў кіраўніцтва не пыталася, калі прымала рашэнне ісці ў дэпутаты. Кажа, ужо саспела для таго, каб у парламенце падтрымліваць “палітыку кіраўніка краіны”. Цікава, што па той жа Шклоўскай акрузе №90 у дэпутаты ідзе памочнік прэзідэнта — галоўны інспектар па Брэсцкай вобласці Дзмітрый Гобараў.

Таццяну Балдышэўскую гэты факт не бянтэжыць, "А што такое адміністрацыйны рэсурс?" — пытаецца яна. Дырэктар школы лічыць, што “людзі такія, што кожны мае сваю думку”.

І прызнаецца, што ёй падабаецца сам працэс удзелу ў выбарах: сустракацца з людзьмі, выслухоўваць іх меркаванні і праблемы. З гэтым, відаць, у выпадку перамогі і пойдзе ў Авальную залу, бо на пытанне пра праграму і задумы будучых законапраектаў цьмяна адказвае: нешта ёсць, нечага няма…

Ёсць яшчэ Крычаўская акруга №83. Там за дэпутацкае крэсла мяркуюць змагацца галоўны санітарны доктар Чэрыкаўскага раёна Людміла Шматава і следчы Магілёўскага міжраённага аддзела Следчага камітэта Павел Зінін. Цікава, што ў прэс-цэнтры Следчага камітэта пра намеры Зініна даведаліся толькі ад Еўрарадыё. Па нашай інфармацыі, следчы зараз у адпачынку, пагаварыць з ім пакуль што не атрымалася. 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі