Лукашэнка з вайскоўцамі / прэс-служба Лукашэнкі
Аляксандр Лукашэнка загаварыў пра мабілізацыю ў войска. Заява прагучала падчас ягонай паездкі ў Баранавіцкі раён.
На агульнавайсковым палігоне Абуз-Лясноўскі ён выступіў перад журналістамі і паведаміў, што праверкі ў войску будуць працягвацца: "Я ўжо казаў па-народнаму: войска трэба страсянуць, прыйшоў час. Усё войска. Усіх праверым. Аж да мабілізацыі".
Размовы пра мабілізацыю перыядычна ўзнікаюць у Расіі, якая вядзе вайну супраць Украіны. Аднак расійскія ўлады пастаянна заяўляюць, што ніякай мабілізацыі не плануюць.
Таксама Лукашэнка заявіў, што ягоны малодшы сын Мікалай цяпер служыць у войску:
"Ніхто і не ведаў нават. Віктар (міністр абароны Віктар Хрэнін. — Рэд.) прызваў. Служыць у войску, як мае быць, як усе. Лейтэнант. Не буду казаць дзе, але ў самым складаным падраздзяленні".
Пры гэтым ён дадаў, што ў вольны час Мікалай надалей вывучае біятэхналогіі — гэта асноўны профіль, па якім ён атрымліваў вышэйшую адукацыю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут