Дональд Трамп, прэзідэнт ЗША / unsplash.com
Калі вас уражваюць разборкі беларускіх палітыкаў і актывістаў — значыць, вы проста не сочыце за амерыканскай палітыкай. Там не менш горача, толькі яшчэ з папраўкай на маштаб.
Дык вось, у ЗША набліжаюцца прамежкавыя выбары. Гэта азначае, што хутка амерыканцы будуць вырашаць, ці захавае Рэспубліканская партыя большасць у Палаце прадстаўнікоў і Сенаце, ці ў апошнія два гады прэзідэнцтва Трампа ўладу там возьмуць у свае рукі дэмакраты.
За два месяцы да гэтых выбараў рэспубліканцы правялі двухдзённы з’езд партыі. А партыя перажывае няпростыя часы: тут вам і Трамп, і вайна з Іранам, і рост коштаў на бензін як яе наступства. Адзіны шанец перамагчы — зрабіць выгляд, што апаненты яшчэ горшыя. І нават горш чым горшыя.
І таму на працягу двухдзённага з’езду большасць выступоўцаў ад Рэспубліканскай партыі абыходзілі бокам праблемы самой партыі, піша CNN. Замест гэтага яны падкрэслівалі рост уплыву крайне левых і прыпісвалі іх палітыку ўсім дэмакратам. Адным словам, паказвалі, што рэспубліканцы прынамсі больш нармальныя, чым дэмакраты.
“Не аддавайце краіну ў рукі купкі вар’ятаў толькі таму, што вы не згодны з намі па нейкім палітычным пытанні”, — сказаў віцэ-прэзідэнт Джэй Дзі Вэнс.
Кажуць, гэты вечар у цэлым быў “праслухоўваннем” для Вэнса, бо адразу пасля таго, як пройдуць прамежкавыя выбары, пачнецца падрыхтоўка да прэзідэнцкай гонкі.
Хоць Вэнс дагэтуль не казаў, што будзе балаціравацца, яго лічаць адным з найбольш верагодных пераемнікаў Трампа. Калі Вэнс выступаў на рэспубліканскім вечары, нехта ў натоўпе пачаў скандзіраваць “48” — той, хто зменіць Трампа, стане 48-м прэзідэнтам краіны.
“У лістападзе нам трэба разабрацца са справамі. А далей ужо будзем думаць”, — адказаў на гэта Вэнс.
У сваёй прамове Вэнс засяродзіўся на сямейных каштоўнасцях і падрабязна апісваў, якой ён хоча бачыць краіну для свайго нованароджанага сына.
“Тое, чаго я хачу для сваёй сям’і, я хачу і для вашай сям’і”, — сказаў Вэнс.
Але не ўсё выступленне было такім ужо бясхмарным: яго перапыніў пратэстоўца, які разгарнуў мексіканскі сцяг.
“Калі вы так любіце Мексіку, едзьце туды. Я куплю вам білет на самалёт”, — сказаў Вэнс, і натоўп пачаў скандзіраваць “ЗША”.
Далей — яшчэ весялей.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп паабяцаў кожнаму паўналетняму амерыканцу 5 тысяч долараў, калі рэспубліканцы атрымаюць большасць у абедзвюх палатах Кангрэса на прамежкавых выбарах. Адзіная ўмова — грошы можна будзе выдаткаваць толькі ў ЗША. Гэта абыдзецца казне больш чым у трыльён долараў, піша BBC.
З такой прапановай Трамп звярнуўся да выбарцаў падчас таго самага з’езду партыі. Як менавіта будуць ажыццяўляцца гэтыя выплаты, ён не сказаў. Паводле слоў Вэнса, Трамп можа зрабіць такую шчодрую прапанову дзякуючы даходам, якія краіна атрымала ад увядзення тарыфаў на імпартныя тавары.
Хтосьці сказаў, што гэта пустыя абяцанні, хтосьці засумняваўся, ці законна гэта наогул. Падобна на подкуп выбарцаў, праўда? Але пасля таго, як прэзідэнт агучыў сваю нетрывіяльную ідэю, прысутныя на з’ездзе заапладзіравалі.
Праўда, не ўсе рэспубліканцы так ужо ўхваляюць гэтую ідэю. “Наш доўг складае 40 трыльёнаў долараў”, — нагадаў член Палаты прадстаўнікоў Ральф Норман, рэспубліканец ад Паўднёвай Караліны.
Відаць, гэтыя 5 тысяч долараў павінны кампенсаваць выдаткі, якія амерыканцы нясуць праз вайну з Іранам. Трамп ужо сказаў, што да прамежкавых выбараў вайна дакладна не скончыцца, а пакуль яна не скончыцца, кошты на нафту (а значыць, і на паліва) не знізяцца.
Але нехта можа разлічваць і на больш дарагія падарункі. У мінулым годзе прэзідэнт Трамп зрабіў “грашовы падарунак да свят” тром супрацоўнікам Белага дома.
Кожны атрымаў па 45 тысяч долараў. Сярод іх — Наталі Харп, пра якую мы распавядалі ў іншым выпуску “Амерыканскага весніка”.
Акрамя Харп, падарункі атрымалі Марго Марцін — дарадца Трампа па сувязях з грамадскасцю, і Чэмберлен Харыс — намеснік дырэктара па аперацыях у Авальным кабінеце. Усе трое — найбліжэйшыя памочнікі прэзідэнта.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут