Украіна дапаможа сваім кампаніям, калі яны пацерпяць ад беларускіх санкцый

29/05/2021 - 11:03
МЗС Украіны

МЗС Украіны гатовае дапамагчы украінскім кампаніям знайсці альтэрнатыўныя рынкі збыту іх тавараў, калі Беларусь вырашыць прымяніць супраць іх "неабгрунтаваныя абмежавальныя меры". Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Украіны Зміцер Кулеба.

"Любая ўкраінская кампанія, якая пацерпіць ад беларускіх санкцый, павінна адразу звярнуцца ў міністэрства, і мы разам з гандлёвым прадстаўніком Украіны знойдзем спосабы і прыкладзем усе намаганні, каб знайсці гэтай кампаніі альтэрнатыўны рынак продажу яе тавараў", — цытуе чыноўніка БелаПАН.

Ён дадаў, што ва Украіне сектаральныя эканамічныя санкцыі супраць Беларусі не ўведзеныя. Маўляў, краіна выкарыстоўвае іншыя інструменты ціску. А ўвядзенне Беларуссю ліцэнзавання ўкраінскіх тавараў ён назваў палітычным сігналам, "паколькі гэтыя абмежаванні могуць як быць ужытыя да канкрэтных кампаній, так і не".

"Калі хаця б адна кампанія пацерпіць, — мы будзем яе абараняць", — рэзюмуе Кулеба.

Напярэдадні Саўмін Беларусі пастановай №292 ўвёў ліцэнзаванне часткі імпарту, якое можа ўдарыць па украінскіх вытворцах кандытаркі, сокаў, піва, керамічнай пліткі, туалетнай паперы і іншых тавараў. Дакумент яшчэ не апублікаваны. Намеснік міністра эканомікі Украіны Тарас Качка паведамляе, што рашэнне беларускага ўрада пачне дзейнічаць праз дзесяць дзён пасля публікацыі і разлічанае на шэсць месяцаў.

Першы намеснік міністра замежных спраў Беларусі Аляксандр Гур'янаў тлумачыць рашэнне беларускага ўраду тым, што "Украіна ў апошні час сістэматычна парушае рэжым свабоднага гандлю".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі