Беларусы па версіі дзяржаўнай прапаганды
У дзяржаўнай прапагандзе беларусы ператварыліся ў "несмяротных" Дунканаў Маклаўдаў. На "Беларусь 1" паведамілі, што працягласць жыцця ў Беларусі за апошнія дзесяць гадоў вырасла ў чатыры разы. Улічваючы, што ў 2010 годзе чаканая сярэдняя працягласць жыцця была каля 70 гадоў, то колькі гадоў беларусам напрарочылі прапагандысты?
Вядома, для разліку працягласці жыцця існуюць розныя методыкі. Але ні адна з іх не пакажа росту ў чатыры разы за дзесяць гадоў.
Дык на колькі ж гадоў за апошняе дзесяцігоддзе змянілася працягласць жыцця ў Беларусі? Еўрарадыё разабралася ў гэтым пытанні.
Паколькі змераць сярэднюю працягласць жыцця для канкрэтнага пакалення можна толькі пасля таго, як усе яго прадстаўнікі памруць, то каштоўнасць такога паказчыка для тых, хто жыве цяпер, невялікая.
Таму ў статыстычных публікацыях выкарыстоўваецца чаканая працягласць жыцця пры нараджэнні. Гэта колькасць гадоў, якую пражыве нованароджаны пры захаванні бягучых паказчыкаў смяротнасці.
У рэальнасці гэтыя ўмовы будуць змяняцца і асобна ўзятая група насельніцтва пражыве больш або менш у залежнасці ад змененых умоў.
Дэпартамент па эканамічных і сацыяльных пытаннях ААН у справаздачы па Беларусі за 2019 год апублікаваў, што сярэдняя працягласць жыцця беларуса ў 2010 годзе была 69,3, а ў 2020-м чакаецца 74,5 года. Атрымліваецца, што за дзесяцігоддзе рост усяго на пяць гадоў, і гэта пры добрым сцэнары.
Паводле звестак Сусветнага банка, у 2010 годзе сярэдняя чаканая працягласць жыцця беларуса — 70,4 года. Апошнія звесткі ў іх за 2018 год, тады нованароджаны беларус павінен быў пражыць 74,1 года. Як бачым, і тут рост зусім не ў чатыры разы.
А што паведамляе наш дзяржаўны Нацыянальны статыстычны камітэт? Паводле яго звестак, у 2010 годзе сярэдняя працягласць жыцця таксама была 70,4 года. Звестак за 2020 год яшчэ няма, але ў 2019 годзе чаканая працягласць жыцця склала 74,5 года. Рост усяго на чатыры гады.
Паводле звестак таго ж ААН і Сусветнага банка — Беларусь у рэйтынгу працягласці жыцця знаходзіцца паміж краінамі Балтыі, дзе працягласць жыцця вышэйшая, і Украінай з Расіяй, дзе працягласць жыцця ніжэйшая. У той жа Літве сярэдняя працягласць жыцця за 2020 год паводле звестак ААН — 76,1 года, а ў Расіі 72,7.
Хочаце дапамагчы незалежнай журналістыцы? Станьце падпісчыкам на Patreon
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.
To see this content visit the full version of this page.