Што цяпер з сябе ўяўляе рэжым Ільхама Аліева? / pixabay.com
Пасля звароту беларускіх палітвязняў да еўрапейскіх палітыкаў з просьбай актыўней дамагацца іх вызвалення загучала тэма "азербайджанізацыі" адносінаў Захаду з Мінскам. Гэта сцэнар, калі геапалітычныя і эканамічныя інтарэсы становяцца важнейшымі за правы чалавека, свабоду слова і лёс палітвязняў.
У Азербайджане больш за 300 чалавек знаходзяцца за кратамі па сфабрыкаваных справах, незалежныя медыя разгромленыя, а журналісты застаюцца ў турмах.
Пра сітуацыю ў краіне Еўрарадыё распавяла рэдактарка Meydan TV Сеўда Самедава. Нагадаем, што абедзве рэдакцыію працуюць у выгнанні за межамі сваіх краін.
Што цяпер з сябе ўяўляе рэжым Ільхама Аліева? Як увогуле азербайджанцы ставяцца да яго? Ці ўзнікаюць у Азербайджане пратэсты?
— У 2003 годзе Ільхам Аліеў прыйшоў да ўлады пасля смерці бацькі. Калі называць рэчы сваімі імёнамі, гэта была поўная ўзурпацыя ўлады.
Тады, 15 кастрычніка, адбыўся жорсткі разгон мітынгу супраць яго прыходу да ўлады. Я, напэўна, ніколі не забуду гэтую дату, бо сама была на той плошчы і бачыла, як людзей збівалі на вуліцах. Гэта было жудасна і страшна. Менавіта на гэтым фоне ён прыйшоў да ўлады і з таго часу, на жаль, нікуды не сышоў, — распавядае Сеўда.
Былі нейкія спадзяванні, што сын будзе больш дэмакратычны, чым яго бацька. Але ж у рэчаіснасці адбылося наадварот.
— Яго жонка прыгожа і сучасна апраналася, дочкі размаўлялі па-англійску і па-руску, сам ён скончыў МДІМА, добра гаварыў па-англійску і гэтак далей. Але ў выніку рэпрэсіі сталі значна больш жорсткімі, чым за часам яго бацькі. Бацька быў чалавекам старой загартоўкі, чэкістам, але, магчыма, больш разумным і хітрым.
Паступова гайкі закручваліся ўсё мацней, і гэта прывяло да таго, што мы бачым сёння, — кажа Самедава.
Як Аліеву атрымоўваецца захоўваць уладу? Ці ёсць у Аліева падтрымка? Сеўда распавядае пра фактар вайны з Арменіяй.
— Мы думаем, што вайна пачалася, у тым ліку, для таго, каб ён атрымаў гэтую падтрымку. Да таго часу ілюзія развеялася. Стала зразумела, што ён зусім не сучасны лідар, а тое, як апранаюцца і паводзяць сябе яго блізкія, ніяк не адлюстроўвае становішча ў краіне і адносіны да насельніцтва. Ён не збіраўся дзяліцца нафтавымі даходамі з людзьмі.
Пачалася вайна, якая, натуральна, мабілізавала людзей вакол яго і аб'яднала нават тых, чыя падтрымка нас здзіўляла. Тэма Карабаха для азербайджанцаў вельмі важная і балючая. Людзі хацелі вярнуць свае землі і лічылі гэта неабходным. Таму ў той час Аліеў атрымаў вельмі вялікую падтрымку — не стоадсоткавую, вядома, але значную.
Людзям казалі: "Вось цяпер мы вернем землі, пераможам, і тады зможам патрабаваць сваіх правоў". Да гэтага, калі ўздымаліся сацыяльныя ці эканамічныя праблемы, людзям адказвалі: "У нас жа ёсць такая праблема, як Карабах. Вы тут кажаце, што ў вас вада з крана не цячэ. У вас сумленне ёсць?"
Людзі думалі, што пасля вяртання Карабаха можна будзе заняцца сацыяльнымі, эканамічнымі праблемамі, правамі чалавека і ўсім астатнім. Але нічога гэтага не адбылося. Як мы і папярэджвалі, людзей не вярнулі ў Карабах на іх, здавалася б, спрадвечныя землі, а сітуацыя толькі пагоршылася.
Аліеву, на жаль, заўсёды шанцуе. Пачалася вайна ва Украіне — ён выйграе. Пачалася гісторыя з Іранам — ён зноў выйграе. Чаму? Таму што ў яго ёсць нафта, — лічыць Самедава.
Ад рэдакцыі: Ікбал Абілаў — гэта навуковец, які займаецца даследаваннямі, звязанымі з талышамі. Гэта асобны народ, але азербайджанскія ўлады лічаць, што талышаў як асобнага народа не існуе. Ікбал выкладаў у БДУ, на факультэце журналістыкі. Быў арыштаваны ў Азербайджане і ў 2025 годзе асуджаны да 18 гадоў турмы.
Улады запалохваюць людзей. Ёсць, магчыма, характэрная для Азербайджана гісторыя, калі братам кажуць, што іх сястра ўдзельнічала ў акцыі, і намякаюць, што яна мае нізкі сацыяльны статус. Карацей, выкарыстоўваюцца розныя спосабы ціску, якія, магчыма, характэрныя для нашага грамадства, але прымяняюцца ў розных формах.
Усё гэта прывяло да таго, што людзі баяцца зноў выходзіць на мітынгі.
Я кожны раз успамінаю новыя прыклады. Вось, напрыклад, у мяне ёсць інфармацыя пра 2019 год, калі выстаўляліся прамыя патрабаванні да ўрада. У 2020 годзе таксама былі пратэсты пасля парламенцкіх выбараў. У 2022–2023 гадах адбываліся лакальныя сацыяльныя пратэсты супраць пераследу крытыкаў улады.
Былі лакальныя пратэсты, напрыклад у вёсках. Але гэтыя вёскі фактычна ізалявалі: там стаяць патрулі, і ты не можаш уехаць, калі не з'яўляешся жыхаром гэтага населенага пункта. А калі з'яўляешся, трэба паказаць пашпарт, — кажа Сеўда Самедава.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут