Паліцыя і Караль Наўроцкі каля Канстытуцыйнага трыбунала ў Варшаве, 30 кастрычніка 2026 / Onet
Увечары 30 кастрычніка перад будынкам Канстытуцыйнага трыбунала сабраліся праціўнікі ўрада і змен і складзе суда. Нехта казаў пра "дзяржаўны пераварот" — гэтыя словы актыўна падхапілі беларуская і расійская прапаганды і ўжо распавядаюць амаль што пра рэвалюцыю ў Польшчы. Але што адбываецца насамрэч?
Жорсткі палітычны канфлікт разгарнуўся вакол Канстытуцыйнага трыбунала. Яшчэ ў 2015-м Сейм з большасцю партыі "ПіС" абраў трох суддзяў на месцы, на якія папярэдні склад парламента ўжо законна абраў іншых. Дональд Туск і ягоныя саюзнікі крытыкавалі палітызацыю Трыбунала і абяцалі аднавіць яго незалежнасць. Крытыкавалі тыя падзеі таксама суд ЕС і ЕСПЧ.
Пасля перамогі кааліцыі на чале з Тускам Сейм абраў новых суддзяў, але прэзідэнт Караль Наўроцкі (якога падтрымлівае "ПіС") не прыняў прысягу ў часткі з іх. Яны прынеслі яе ў Сейме без фізічнай прысутнасці прэзідэнта. У выніку кіраўнік Трыбунала Багдан Свянчкоўскі (прызначэнец "ПіС") не дапускаў новых суддзяў да працы.
І вось 30 кастрычніка адна з іх, Анна Корвін-Пятроўская, абвясціла пра часовае адхіленне ад выканання службовых абавязкаў Свянчкоўскага і ягонага намесніка. Таксама Корвін-Пятроўская выклікала паліцыю — "каб забяспечыць бяспеку суддзяў".
У пятніцу каля Трыбунала сабраліся праціўнікі такіх зменаў, у тым ліку вядучыя палітыкі "ПіС". Наўроцкі праз гэтыя падзеі перапыніў палёт у Сенегал: ягоны самалёт развярнуўся над Іспаніяй і вярнуўся ў Польшчу. Ужо ўначы прэзідэнт прыйшоў у будынак Трыбунала. Але вынікам яго візіту стала відэа супрацьстаяння з некаторымі суддзямі, а не рашэнне канфлікту.
https://t.co/sni7uvIVke
— Maciej Berek (@MaciejBerek) October 30, 2026
Пад раніцу Наўроцкі абвясціў пра тэрміновыя кансультацыі з прадстаўнікамі парламенцкіх сілаў. Ці дамовяцца яны пра нешта — вялікае пытанне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут