TUT.BY: Новым кіраўніком "Барысаўдрэва" стаў банкір Генадзь Сысоеў

31/05/2017 - 13:52

Выканаўцам абавязкаў гендырэктара "Барысаўдрэва" прызначаны былы старшыня праўлення Белінвестбанка Генадзь Сысоеў, піша tut.by са спасылкай на крыніцы на прадпрыемстве і ў фінансавым сектары.

Суразмоўца журналістаў мяркуе, што ў гэтым прызначэнні няма нічога дзіўнага бо "Барысаўдрэў" уваходзіць у склад дрэваапрацоўчага холдынгу Банка развіцця. Яшчэ адна крыніца паведаміла, што паручыцелем экс-банкіра выступіў яго даўні таварыш — кіраўнік Банка развіцця Сяргей Румас

Сысоеў пакінуў пасаду старшыні праўлення Белінвестбанка ў лістападзе 2016 года. Прэс-служба банка адзначала, што гэта адбылося "па сямейных акалічнасцях". Пры гэтым у банкаўскіх колах хадзілі чуткі, што да банкіра ўзніклі пытанні ў "кампетэнтных органаў". Сілавікі не каментавалі гэтую інфармацыю. 

За пасадай кіраўніка "Барысаўдрэва" цягнецца шлейф кепскай славы. У 2013 годзе Аляксандр Лукашэнка ўчыніў разнос за праваленую мадэрнізацыю прадпрыемства. Пасля гэтага шэраг высокапастаўленых чыноўнікаў пазбавіўся сваіх пасадаў (у тым ліку кіраўнік Міншчыны Барыс Батура), а гендырэктар прадпрыемства Уладзімір Мальцаў трапіў у турму. Праўда, у 2015 годзе яго амніставалі, а "Барысаўдрэвам" стаў кіраваць Аляксандр Елсукоў, які меў праблемы са здароўем.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі