Дарадца Ціханоўскай папрасіў Касцюгову не перапісваць гісторыю

05/11/2026 - 16:30

Дзяніс Кучынскі / LookByMedia

Дарадца Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі на сваёй старонцы ў Фэйсбуку звярнуўся да эксперткі ў палітычнай камунікацыі Анастасіі Касцюговай і папрасіў яе не перапісваць гісторыю вызвалення палітвязняў. Ён падрабязна распісаў працу Святланы Ціханоўскай у гэтым кірунку, дадаўшы, што вызваленне людзей — гэта не толькі яе заслуга.

Еўрарадыё цалкам публікуе пост Кучынскага ў рубрыцы “Меркаванне”.

***

Настасья Костюгова, мы з табой знаёмыя яшчэ значна да 2020 году, і, думаю, ты добра ведаеш, што ў мяне няма ні да цябе, ні да кагосьці іншага асабістай злосьці ці раздражненьня праз розныя погляды. Мы заўсёды маглі адкрыта абмяркоўваць нават самыя нязручныя пытаньні. І з табой, і з тваімі паплечнікамі.

Таму я хачу адкрыта папрасіць цябе не перапісваць гісторыю. Асабліва калі гаворка ідзе пра вызваленьне палітвязьняў і пытаньня таго, хто працаваў над гэтым.

Ты пішаш, што ў 2023–2024 гадах «тема политзаключенных ушла на второй план», а іх вызваленьне нібыта адклалі да лепшых часоў — «пока не победим режим».

Я разумею, што ты пішаш найперш з уласнага адчування, у тым ліку як дачка былой палітзьняволенай. І калі ты кажаш, што ў нейкі момант адчула сябе сам-насам са сваёй праблемай, я не зьбіраюся аспрэчваць твае пачуцьці. Яны абсалютна зразумелыя.

Але на той момант ты і частка тваіх цяперашніх паплечнікаў ужо не працавалі ў Офісе і, натуральна, маглі ня ведаць многіх дэталяў нашай працы. Гэта нармальна. І дзякуй табе за ўсе, што вы рабілі.

Ты пішаш: «И единственные люди в моем поле зрения, которые начали активно заниматься именно поисками путей освобождений — это были Ольга Горбунова, Татьяна Хомич и Валерий Ковалевский». Разумею, што ў цябе свая оптыка, але давай па фактах:

1. Яшчэ ў сьнежні 2023 году адбыўся першы Стратэгічны дыялёг паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і ЗША, які праводзілі Сьвятлана Ціханоўская з Торыяй Нуланд і Крысам Сьмітам. Пытаньне палітвязьняў - адно з цэнтральных. Менавіта гэты момант стаў адной з важных перадумоваў далейшай працы, у тым ліку стварэньня Кааліцыі па вызваленьні палітвязьняў, дзясятая сустрэча якой адбылася літаральна на мінулым тыдні (тры сустрэчы якой таксама адбыліся ў 2024 годзе).

2. Кажучы пра 2024 год, давай перанясемся ў красавік. Ціханоўскую запрашаюць на сустрэчу міністраў замежных справаў G7 у Італіі. Там адбываюцца размовы з дзяржсакратаром ЗША Блінкенам, Бэрбок, Кэмэранам, Сэжурнэ, Таяні, Барэлем. І адна з галоўных тэмаў — беларускія палітвязьні.

Мы асобна працавалі над тым, каб гэтае пытаньне было адлюстраванае ў выніковых дакумэнтах. І 19 красавіка кіраўнікі МЗС G7 у сваім камюніке заклікалі да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня беларускіх палітвязьняў. Дарэчы, гэта адбывалася акурат напярэдадні дня народзінаў Maria Kalesnikava. І мы тады шмат гаварылі ў тым ліку пра яе становішча, умовы ўтрыманьня, і пра неабходнасьць яе вызваленьня.

Можна, вядома, сказаць, што заявы самі па сабе людзей не вызваляюць. І гэта праўда. Але такія рашэньні на ўзроўні G7 не ўзьнікаюць з паветра. За імі стаяць перамовы, праца з урадамі і канкрэтныя палітычныя дамоўленасьці. А пасьля на іх можна абапірацца, калі размова пераходзіць ужо да практычных крокаў.

Гэта красавік 2024 году. Калі, паводле тваёй вэрсіі, тэма палітвязьняў ужо нібыта адышла на другі плян.

3. У чэрвені Сьвятлана едзе ў Вашынгтон. Адбываюцца сустрэчы ў Белым доме з ключавымі людзьмі ў адміністрацыі — дарадцамі прэзыдэнта і віцэ-прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы Джэйкам Саліванам і Філіпам Горданам. І мы зноў абмяркоўваем тэму вызваленьня нашых палітвязьняў.

У Дзярждэпартамэнце сустракаемся з Джонам Басам і Крысам Сьмітам. Безумоўна пра Крыса варта казаць асобна. Бо ён быў адным з найважнейшых людзей ва ўсім далейшым гуманітарным працэсе. Ягоным архітэктарам. Ягоная настойлівасьць, разуменьне Беларусі і здольнасьць рухаць гэтыя пытаньні ўнутры амэрыканскае сыстэмы адыгралі велізарную ролю. Пасьля ў нас зь ім адбудзецца яшчэ з тузін сустрэчаў і практычна пастаянная, штотыднёвая камунікацыя.

4. 14 чэрвеня Сьвятлана выступае на слуханьнях ў Кангрэсе ЗША, прысьвечаных беларускім палітвязьням. Адбываюцца сустрэчы з Нэнсі Пэлосі і амэрыканскімі сэнатарамі.

Тады ж Сьвятлана атрымлівае Democracy Service Medal ад NED. Ва ўрачыстасьці ўдзельнічае сэнатарка Шахін, якая шмат гадоў пасьлядоўна ўздымала пытаньне беларускіх палітвязьняў перад Дзярждэпартамэнтам і амэрыканскай адміністрацыяй.

5. У тым жа чэрвені, ужо на саміце кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў G7, у выніковай заяве ад упершыню на такім узроўні зьяўляецца асобны параграф пра Беларусь:

«We also condemn the ill treatment of political prisoners and ask for their immediate and unconditional release».

Гэта ўжо ўзровень кіраўнікоў найбуйнейшых дэмакратычных дзяржаў сьвету. І гэта таксама вынік папярэдняй працы, у тым ліку красавіцкіх сустрэчаў.

То бок за першую палову 2024 году тэма палітвязьняў абмяркоўваецца на ўзроўні Белага дому, Дзярждэпартамэнту, Кангрэсу і Вялікай сямёркі. Калі, паводле тваёй вэрсіі, тэма палітвязьняў ужо нібыта адышла на другі плян.

6. У ліпені Сьвятлана зноў у Вашынгтоне. Сустракаецца з кіраўніцтвам Кангрэсу, у тым ліку з Хакімам Джэфрысам. Мы наладжваем кантакты з камандамі Рубіё і Вэнса, бо ўжо тады разумеем, што сітуацыя ўвосень можа зьмяніцца і трэба захаваць падтрымку беларускай справы незалежна ад вынікаў выбараў.

7. Далей надыходзіць 1 жніўня.

Вялікі міжнародны абмен зьняволенымі паміж Расеяй і заходнімі краінамі. На свабоду выходзяць Уладзімір Кара-Мурза, Ільля Яшын і іншыя. У абмене ёсьць і беларускі элемэнт — грамадзянін Нямеччыны Рыка Крыгер, якога ўтрымлівалі ў Беларусі.

Але беларускіх палітвязьняў у сьпісах няма.

Я добра памятаю нашыя чаканьні. Мы спадзяваліся, што ў абмен могуць трапіць нашыя героі, магчыма нехта, хто зьвязаны з ЗША, можа Igor Losik, ці іншыя журналісты, зьвязаныя з Радыё Свабода, альбо іншыя беларускія палітвязьні.

Але гэтага не адбылося.

Памятаю сваю размову з высокапастаўленым прадстаўніком Белага дому адразу пасьля абмену. Гэта была адна з самых няпростых маіх размоваў з амэрыканскай адміністрацыяй. Мы былі сапраўды расчараваныя, і я гэтага не хаваў.

Але менавіта пасьля гэтага яшчэ больш настойліва пачалі ставіць пытаньне: што трэба зрабіць, каб наступныя гуманітарныя працэсы ўжо не абыходзілі Беларусь?

8. І ўжо тады праз тыдзень у Politico выходзіць матэрыял, дзе Ціханоўская адкрыта гаворыць пра магчымасьць практычных дамоўленасьцяў дзеля вызваленьня людзей.

Politico апісвае працу Ціханоўскай з Дзярждэпартамэнтам ЗША, нагадвае пра Стратэгічны дыялёг у сьнежні 2023 году, дзе пытаньне палітвязьняў было адным з ключавых, і піша, што Сьвятлана абмяркоўвае магчымыя будучыя дамоўленасьці дзеля вызваленьня прадстаўнікоў беларускай апазыцыі — «possible deals in the future that would free members of the Belarusian opposition».

Пры гэтым Дзярждэпартамэнт у тым жа матэрыяле афіцыйна пацьвярджае, што дыялёг з беларускімі дэмсіламі працягваецца і амэрыканскі бок па-ранейшаму заклікае вызваленьня палітвязьняў.

Зьвярні ўвагу: гэта не нашыя сёньняшнія тлумачэньні заднім чыслом. Гэта публічная пазыцыя Ціханоўскай і Дзярждэпу яшчэ ў 2024 годзе. Мы ўжо тады адкрыта гаварылі пра магчымыя практычныя дамоўленасьці, якія маглі б прывесьці да вызваленьня людзей.

І таму, калі ты пішаш, што ідэя гуманітарных вызваленьняў узьнікла як спосаб «перестать увязывать вопрос освобождений тяжело больных с вопросом политической победы над режимом», я хачу падкрэсьліць: мы якраз і працавалі над практычнымі шляхамі вызваленьня людзей, не чакаючы нейкай будучай палітычнай перамогі, але, вядома, не забываючы пра важнасьць працы над тым, каб у Беларусі адбыліся сыстэмныя зьмены.

9. Верасень 2024 году быў асабліва важным.

13 верасьня ў Вільні адбываецца сустрэча Сьвятланы з першым намесьнікам дзяржсакратара ЗША Куртам Кэмпбэлам.

І там мы ўжо абмяркоўваем ня толькі тое, што палітвязьняў трэба вызваляць. Мы гаворым пра магчымыя практычныя перамовы з рэжымам, пра сцэнары, абмежаваньні і тое, як гэты працэс увогуле можа выглядаць.

27 верасьня, менш чым праз два тыдні, адбываецца другая сустрэча з Кэмпбэлам, ужо ў Вашынгтоне.

Каб было зразумела: першы намесьнік дзяржсакратара ЗША — адзін з найвышэйшых чыноўнікаў амэрыканскай дыпляматыі. І дзьве працяглыя сустрэчы за два тыдні — гэта не звычайная ветлівасьць, а пацьверджаньне таго, што мы тады вельмі інтэнсіўна абмяркоўвалі канкрэтныя дэталі гуманітарнага трэку, магчымыя крокі з боку ЗША, санкцыі, стымулы для перамоваў і ўмовы, пры якіх можна было б дамагчыся вызваленьня людзей.

Я ня буду раскрываць усіх дэталяў гэтых размоваў. Ня ўсё яшчэ можна агучваць публічна. Але магу сказаць адназначна: у верасьні 2024 году ішлі вельмі шчыльныя кансультацыі менавіта пра практычныя мэханізмы вызваленьня палітвязьняў.

Так, тагачасныя прапановы ў некаторых дэталях адрозьніваліся ад таго, што мы ўбачылі ў 2025–2026 гадах. Але сама лёгіка гуманітарнага трэку і пошуку дамоўленасьцяў ужо тады была сфармаванай.

10. У лістападзе 2024 году мы зноў сустракаемся з Крысам Сьмітам у Бэрліне. У сьнежні я асабіста еду ў Вашынгтон, сустракаюся з Крысам, а таксама з Дырэктарам Майклам Карпэнтэрам у Белым доме.

5 сьнежня ў Вільні праходзіць другі раўнд Стратэгічнага дыялёгу паміж ЗША і дэмакратычнымі сіламі Беларусі пад сустаршынствам Ціханоўскай і Сьміта. Палітвязьні, дапамога сем'ям, рэабілітацыя вызваленых і гуманітарныя пытаньні — асобная частка размоваў.

Я тут нават не спрабую пералічыць усё, што адбывалася на эўрапейскім кірунку, дзе ,лічы, на кожнай сустрэчы уздымалася пытаньне палітвязняў, у тым ліку з Макронам, Трудо, Тускам, Мецолай і інш. Працавала і Кансультацыйная група Беларусь — ЭЗ.

Але адну рэч наконт ЭЗ і 2024 адзначу асобна: Міжнародны гуманітарны фонд дапамогі беларускім палітвязьням, створаны быў таксама ў 2024 годзе. Сёньня ўсе ўжо ўспрымаюць яго як нешта звыклае: больш за 3 мільёны эўра дапамогі, 15 эўрапейскіх краін, рэальная дапамога вызваленым палітвязьням, іх сем’ям, рэабілітацыя і лячэньне. Але я добра памятаю, як яшчэ ў 2022 годзе мы ўпершыню абмяркоўвалі гэтую ідэю і атрымалі адмову. Нам казалі, што стварыць новы міжнародны фонд — гэта надзвычай складана, што патрэбныя новыя мэханізмы, працэдуры, фінансаваньне. І тады дамагчыся гэтага не атрымалася.

Але ў 2024 годзе, калі ўжо пачалі ўзьнікаць практычныя пытаньні магчымых вызваленьняў палітвязьняў, калі людзі выходзілі па сканчэньні тэрмінаў ці іншых акалічнасьцях, мы зноў актывізавалі гэтую працу. Ціханоўская паехала ў Нарвэгію, правяла перамовы з прэм’ер-міністрам і МЗС, і ўвесну было абвешчана пра стварэньне фонду зь першым нарвэскім унёскам у 10 мільёнаў крон. Я добра памятаю ўсе гэтыя «не, гэта складана», «не, гэта немагчыма», «так хутка гэта ня робіцца». Але менавіта дзякуючы настойлівай адвакатыўнай працы Ціханоўскай, і падтрымцы нарвэскіх партнэраў фонд усё ж такі быў створаны. І сёньня ён дапамагае сотням беларусаў і беларусак. Гэта таксама канкрэтны вынік працы 2024 году.

Так, пасьля перамогі Трампа на выбарах і падчас транзіту адміністрацыяў частка працэсаў запаволілася на пэўны час, што лагічна. Але былі напрацоўкі, кантакты, кансультацыі, людзі ў амэрыканскай сыстэме як Крыс, якія разумелі сутнасьць пытаньня і працягвалі ім займацца. Таму гуманітарны трэк і не давялося потым пачынаць з чыстага аркуша.

Вярнуся да яшчэ адной тваёй фразы. Ты пішаш, што выбар выглядаў як «снижение давления» против «ну там оно как-то сложится».

Але гэта вельмі спрошчанае апісаньне таго, што адбывалася. Бо ў рэальнасьці мы якраз і шукалі спосабы вызваляць людзей цяпер, а не пасьля нейкай гіпатэтычнай перамогі. І адначасова разумелі, што трэба думаць пра тых, хто застаецца за кратамі, пра новыя арышты, пра тое, каб кожнае вызваленьне не суправаджалася новай хваляй рэпрэсіяў.

Таму дыскусія пра санкцыі і пра тое, якія крокі могуць быць зробленыя ў адказ на вызваленьні, — гэта ня выбар паміж чалавечым жыцьцём і нейкімі абстрактнымі прынцыпамі. Гэта складаная размова пра тое, як дамагчыся вызваленьня людзей і пры гэтым не стварыць умоваў, пры якіх рэжым будзе проста набіраць новых закладнікаў.

І, дарэчы, гэтыя пытаньні мы таксама абмяркоўвалі з амэрыканцамі яшчэ ў 2024 годзе. Пра 2025–2026 гады ўжо гаварылася значна больш. Адзначу толькі, што я непасрэдна ўдзельнічаў ва ўсіх сямі вызваленьнях, пра якія мы цяпер гаворым. Мы сустракаліся з амэрыканскімі дэлегацыямі, дапамагалі арганізоўваць прыём вызваленых людзей, сустракалі нашых герояў і гераіняў у Вільні, Варшаве і Ўкраіне.

Таму для мяне гэта ня нейкая абстрактная палітычная дыскусія пра заслугі. Я бачыў гэты працэс на ўласныя вочы, удзельнічаў у ім і вельмі асабіста перажываў кожнае вызваленьне. Кожнае зь іх было сапраўдным шчасьцем. І адначасова болем за тых, хто застаўся ў палоне.

І менавіта таму мяне зьдзіўляе твая вэрсія таго, што адбывалася напярэдадні гэтых вызваленьняў і хто над імі працаваў.

Ты вельмі слушна пішаш, што «люди не обязаны быть вам комфортными, чтобы работать на результат».

Я цалкам згодны. І хацеў бы, каб гэты прынцып працаваў ва ўсе бакі.

Бо Ціханоўская і яе каманда таксама не абавязаныя быць камусьці палітычна камфортнымі, каб наша праца прызнавалася.

Я ніколі ня буду сьцьвярджаць, што вызваленьне палітвязьняў — гэта выключная заслуга Ціханоўскай, нашага Офіса ці нейкай адной структуры. Гэта было б няпраўдай.

Перадусім, вядома, гэта велізарная праца амэрыканцаў — Джона Коўла, Крыса Сьміта і іншых прадстаўнікоў адміністрацыі і дыпляматаў, якія непасрэдна займаліся перамовамі. Гэта праца сэнатараў, кангрэсмэнаў, эўрапейскіх партнэраў, праваабаронцаў, сем'яў палітвязьняў, грамадзкіх ініцыятываў. І, безумоўна, саміх палітвязьняў, чыя мужнасьць і стойкасьць увесь гэты час не давалі сьвету забыцца пра Беларусь.

Але гэтаксама несправядліва выкрэсьліваць з гэтай гісторыі Сьвятлану і яе каманду.

Нельга прадстаўляць вынікі 2025–2026 гадоў так, нібыта да гэтага ніхто нічога не рабіў і ўсе проста чакалі перамогі над рэжымам.

Я магу адказаць за кожнае сваё слова. У мяне захаваліся дакумэнты, храналёгія, публічныя пацьверджаньні і значна больш інфармацыі, якую пакуль немагчыма раскрываць.

Можна па-рознаму ставіцца да Офіса і Сьвятланы. Можна не пагаджацца наконт санкцыяў, перамоваў, стратэгіі.

Можна крытыкаваць, спрачацца, прапаноўваць іншыя падыходы. Але гэта не падстава рабіць выгляд, што ўсёй гэтай працы не было.

Таму прапаную усё ж такі паважаць працу адзін аднаго і не падмяняць факты асабістымі ацэнкамі.

Бо ў гэтай гісторыі сапраўды важна ня тое, хто атрымае больш палітычных дывідэндаў. Важна, што людзі выходзяць на свабоду. І што нам усім разам яшчэ трэба зрабіць вельмі шмат, каб выйшлі астатнія і не з'явіліся новыя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі