Святлана Ціханоўская / Еўрарадыё
Пасля пераезду ў Польшчу Святлана Ціханоўская і яе Офіс маюць такую ж ахову, як у Літве. Пра гэта лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў расказала ў інтэрв'ю выданню "Позірк".
"Тут ахова на такім жа ўзроўні, як была ў Літве. І я за гэта вельмі ўдзячная Польшчы", — расказала Ціханоўская.
Адной з прычын пераезду часткі Офіса Ціханоўскай з Вільні ў Варшаву называлася пытанне аховы. Улады Літвы ў кастрычніку нечакана панізілі ўзровень аховы, заявіўшы, што пагроза для Ціханоўскай і яе Офіса зменшылася.
Разам з тым, сама лідарка дэмсілаў адзначае: "У нас да моманту ад’езду не было праблем, скажам так, з аховай, бо ўсё было дамоўлена".
Ціханоўская падкрэслівае, што афіцыйная Вільня застаецца саюзнікам беларускіх дэмсілаў: "Тое, што змяніліся, скажам так, нейкія тэхнічныя моманты, не робіць з Літвы менш важнага саюзніка. Літва вырашыла, што мой статус госця дзяржавы застаецца, дыпламатычны статус офіса таксама застаецца. То бок ёсць сур’ёзнае палітычнае рашэнне".
Яна нагадвае, што Літва працягвае выдаваць беларусам гуманітарныя візы і падала заяву ў Міжнародны крымінальны суд, па якой цяпер пачынаецца расследаванне за злачынствы рэжыму Лукашэнкі супраць чалавечнасці. У Вільні засталася і частка Офіса Ціханоўскай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут