Што рабіць, калі нехта скраў ваш нумар пашпарта для свайго падпіснога ліста

04/09/2015 - 13:53

Збор подпісаў завяршаецца 21 жніўня. Яшчэ 10 дзён іх правяраюць і 31 жніўня кіраўніцтва ЦВК радасна абвяшчае краіне — забракавалі толькі Цярэшчанку, рэшта патэнцыйных кандыдатаў маюць шансы на рэгістрацыю. Пазней Лідзія Ярмошына расказвае, што шмат фальшывак знайшлі таксама ва Улаховіча — ён увогуле ледзьве прайшоў. 7 тысяч несапраўдных подпісаў было ў Лукашэнкі, па некалькі тысяч — у Гайдукевіча і Караткевіч. Фальшавалі подпісы з дапамогай каляровага ксеракса, банальнага перапісвання і падробкі, трапляліся нават непраўдзівыя звесткі і пашпартныя дадзеныя людзей, якія насамрэч не падпісваліся ні за каго.

 

“Даказаць віну Цярэшчанкі будзе складана”

 

Віктар Цярэшчанка здаў у выбарамы 130 тысяч подпісаў за сваё вылучэнне. Пасля 10 дзён праверкі ад іх застаецца ўсяго 6699 штук — рэшту выбаркамы забракоўваюць. “Даказаць, што гэта менавіта Цярэшчанка вінаваты ў падачы несапраўдных звестак, будзе вельмі складана. За гэта павінны адказваць тыя людзі, якія здавалі падпісныя лісты. Там ёсць іх прозвішчы, яны адказвалі і за збор, за сапраўднасць звестак. Каб прыцягнуць да адказнасці самога Віктара Цярэшчанку, трэба даказаць, што подпісы фальшаваліся па яго ініцыятыве і ўказаннях”, — каментуе юрыст Сяргей Альфер.

У дадатак выбарчае заканадаўства прадугледжвае толькі адну форму адказнасці за падачу несапраўдных подпісаў — нерэгістрацыю. Далей гэтым, тэарэтычна, павінна цікавіцца Генпракуратура.

 

“Зоймемся, калі будзе заява ад Цэнтрвыбаркама”

 

У прэс-службе Генпракуратуры да пытання Еўрарадыё пра рэакцыю на фальшывыя подпісы ставяцца з зразуменнем. Там нават бачылі заявы Лідзіі Ярмошынай, зробленыя з гэтай нагоды. Аднак рэагаваць без звароту з боку ЦВК пакуль не будуць. “Працэдура рэгістрацыі яшчэ не завершаная, будзе 10 верасня. Паглядзім, што там здарыцца далей. Пакуль афіцыйнай інфармацыі для прэсы няма”, — кажуць у Генпракуратуры.

Мы раней спрабавалі звяртацца ў праваахоўныя органы з такімі пытаннямі, але належнага выніку гэта не мела. Таму сёлета пакінем гэтую справу самому Цярэшчанку. Калі ён захоча высветліць праўду пра свае подпісы і іх зборшчыкаў, хай сам звяртаецца ў міліцыю

Ярмошына

“Хай Цярэшчанка сам гэтым займаецца”

 

Лідзія Ярмошына ў каментарыі Еўрарадыё кажа, што ў ЦВК вырашылі пакінуць справу аб фальшывых подпісах самому няўдаламу кандыдату. “Мы раней спрабавалі звяртацца ў праваахоўныя органы з такімі пытаннямі, але належнага выніку гэта не мела. Таму сёлета пакінем гэтую справу самому Цярэшчанку. Калі ён захоча высветліць праўду пра свае подпісы і іх зборшчыкаў, хай сам звяртаецца ў міліцыю”, — мяркуе Ярмошына.

 

Сам Цярэшчанка, для якога сёлетняя кампанія складваецца больш чым няўдала, пакуль ніяк не каментуе гісторыю з фальшывымі подпісамі і заняты ўласным здароўем. Пасля таямнічай гісторыі з маркоўным фрэшам у сталічнай кавярні небараку можна зразумець.

 

 

“Калі нехта падпісаўся за вас — можна ісці з заявай у міліцыю”

 

“Гэта цікавае пытанне”, — кажа кіраўнік Беларускага хельсінкскага камітэта Алег Гулак калі чуе, пра што я хачу ў яго даведацца. Пытаюся пра тое, што рабіць, калі раптам мне пазванілі з выбарчага камітэта і спыталі, ці насамрэч я падпісаўся за вылучэнне кандыдата, скажам, Валодзі, а я ні сном, ні духам пра гэта.

На думку Гулака, знайсці жартаўніка, які ўпісваў маё імя, прозвішча, хатні адрас і нумар пашпарта ў падпісны ліст, даволі проста. Усе яны падпісваюцца і здаюцца рэальнымі людзьмі, пра каторых ЦВК ведае амаль усё. Так што, пры жаданні міліцыя можа вельмі хутка высветліць, хто і навошта займаецца фальшаваннем.

“Тут ёсць і яшчэ адзін аспект. Адна справа, калі нумар вашага пашпарта ў падпісны ліст трапіла выпадкова ад суседа, які яго тэарэтычна мог неяк даведацца. І зусім іншы абарот, калі ўцечка звестак адбылася,скажам, з міліцэйскай базы. Тады вынік расследавання можа быць куды больш моцным”, — папярэджвае старшыня БХК.

Гулак дадае, што правільным рашэннем у такім выпадку будзе звярнуцца ў міліцыю. “Цікавы будзе прэцэдэнт, такога ў Беларусі яшчэ не здаралася”, кажа ён. І папярэджвае, што дакладна значэнне словаў “персанальныя дадзеныя” у беларускім заканадаўстве не прапісанае. Таму трэба быць гатовым да любой рэакцыі праваахоўнікаў.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі