Памёр заслужаны артыст Беларусі Іван Мацкевіч

11/12/2017 - 06:17

10 снежня ва ўзросце 70 гадоў памёр заслужаны артыст Беларусі Іван Мацкевіч, перадае БЕЛТА.

Мацкевіч вядомы шырокай публіцы па сваіх кінаролях — у фільмах "Хрусталёў, машыну!", "Анастасія Слуцкая", "Людзі на балоце" ды інш. У тэатры апошняй галоўнай роляй Мацкевіча стаў спектакль "К-19 "Падводнікі", які ішоў сёлета.

Іван Мацкевіч нарадзіўся 9 красавіка 1947 года ў вёсцы Грабава ў Ваўкавыскім раёне Гродзеншчыны. Нейкі час разам з сям'ёй жыў у Казахстане, потым вярнуўся на радзіму і жыў у Баранавічах. Закончыўшы дзевяцігодку, ён працаваў на мясцовым заводзе будаўнічых дэталяў.

Пасля Мацкевіч паступіў на акцёрскі факультэт Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. 13 гадоў ён граў у Брэсцкім тэатры драмы, у 1981-м перайшоў у Тэатр-студыю кінаакцёра.

А з 1996 года і да канца жыцця артыст граў у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага. Яго калегі адзначылі ў некралогу: "Мы страцілі таленавітага актора, які пакінуў важкі след у тэатральным мастацтве краіны. Яго сыход — вельмі цяжкая і незаменная страта для блізкіх, для сяброў, для калег і для прыхільнікаў яго таленту, велізарная страта для тэатра, служэнню якому ён прысвяціў многія гады".

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі