Вацлаў Арэшка / svaboda.org
Навошта рэжым Лукашэнкі здзекуецца з 71-гадовага палітвязня Вацлава Арэшкі, які ў зняволенні страціў зрок? Адказаць на гэтае пытанне спрабуе Мікалай Статкевіч у сваім чарговым допісе ў тэлеграм-канале.
Ён мяркуе, што тут шмат фактараў. Па-першае Арэшка ўдзельнічаў у кіруючым органе Беларускага Нацыянальнага Кангрэса, "які рэжым лічыць адказным за падрыхтоўку рэвалюцыі". Па-другое, кіраўніцтва рэжыму перажыло страх падчас рэвалюцыі 2020 года і цяпер стараецца запалохаць грамадства, каб не было паўтору тых падзеяў.
"Але ёсць яшчэ адна. Самі па сабе кіраўнікі рэжыму не могуць рабіць над нашым народам тое, што робіцца з ім зараз. Яны дзейнічаюць праз "машыну" з выканаўцаў. І самы галоўны жах для кіраўніцтва рэжыму — што раптам выканаўцы адмовяцца выконваць іх загады, што машына рэпрэсій зломіцца. І тады іх нібыта моцная і страшная ўлада рассыплецца ў прах", — піша Статкевіч.
Таму, на яго думку, рэжым імкнецца задзейнічаць у злачынствах як мага болей людзей: "Каб прымусіць сілавікоў да пакоры, у ход ідуць розныя сродкі — ад запалохвання пазбаўленнем званняў і пенсій, нават абвінавачваннем у дзяржаўнай здрадзе. Да павышэння заробкаў і выдзялення жытла. А некаторых нават публічна называюць магчымымі пераемнікамі".
Таксама экс-палітвязень звяртае ўвагу, што ў беларускім Крымінальным кодэксе змякчылі пакаранне за злачынства супраць чалавечнасці, якое не мае тэрміну даўніны. Раней максімальнае пакаранне паводле артыкула "Злачынства супраць бяспекі чалавецтва" прадугледжвала смяротную кару ці пажыццёвае зняволенне.
"А з 2021 года максімальным пакараннем стала 25 гадоў зняволення. Яны разумеюць, што робяць, што ім можа быць за гэта, і спрабуюць падсцяліць саломкі на будучыню. А многія проста спадзяюцца дацягнуць да пенсіі ў спадзяванні, што новая дэмакратычная ўлада пра іх забудзе альбо не стане жорстка караць старога чалавека. Галоўнае — не занадта свяціцца ў тых рэпрэсіях, калі да пенсіі ўжо блізка".
Здзекам з Вацлава Арэшкі, на думку Статкевіча, рэжым дае сігнал тым, хто хоча ўхіліцца ад такіх злачынстваў: "Гэта стварэнне прэцэдэнта, сігнал выканаўцам: не спадзявайцеся на бяспечную старасць. Бо за тое, што мы робім зараз са сляпым культуролагам, "бэчэбэшнікі" потым адпомсцяць і вам. Так што не спрабуйце ўхіліцца, працуйце, каб выпаліць тут усё. Такая вось у іх логіка".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут