Чыя спецслужбы зладзілі правакацыю на мяжы Беларусі і Латвіі? / delfi.lv
— Няма ніякіх сумненняў, што гэта была правакацыя — узброеная правакацыя з боку спецслужбаў. Пытанне толькі ў тым, чыіх менавіта: лукашэнкаўскіх ці пуцінскіх, — так каментуе палітолаг Павел Усаў здарэнне на беларуска-латвійскай мяжы і ўпершыню агучаную рэакцыю на яе з боку Аляксандра Лукашэнкі.
У эфіры Еўрарадыё Усаў разважае на тэму напружанасці ў рэгіёне, спрабуе разабрацца каму гэта можа быць выгадна і да чаго прывясці. На яго думку правакацыя на мяжы “сведчыць пра павелічэнне напружанасці на межах не толькі з Літвой, але і з Еўрапейскім саюзам і NATO, у тым ліку з Латвіяй”.
— Гэтая правакацыя адбылася пасля выбараў у Латвіі, вынікі якіх былі не такімі адназначнымі. Даволі значную колькасць месцаў у латвійскім парламенце — Сейме — атрымалі партыі, якія прытрымліваюцца ўмерана прарасійскіх поглядаў. Яны выступаюць за паляпшэнне адносін з суседзямі, супраць канфрантацыі і за захаванне нейтралітэту Латвіі ў пытаннях бяспекі.
Такая пазіцыя папулярная ў часткі латвійскага грамадства, асабліва з улікам значнай расійскай меншасці, якая пражывае на тэрыторыі краіны. На гэта ўплываюць і ўнутраныя палітычныя працэсы, нестабільнасць у грамадстве, незадаволенасць тым, што сродкі з латвійскага бюджэту накіроўваюцца ў тым ліку на дапамогу Украіне, а таксама агульныя пагрозы бяспецы.
Вядома, Расія спрабуе выкарыстаць гэтыя слабасці: арганізоўвае правакацыі, стварае атмасферу істэрыі і чакання вайны, спрабуе дэстабілізаваць сітуацыю ўнутры Латвіі, — лічыць палітолаг.
Ён адзначае, што ў здарэнне на мяжы было нешта новае — наяўнасць парамілітарнай групы людзей, якая паводзіла сябе нахабна.
— Гэта асаблівы выпадак, бо гаворка ідзе ўжо не пра мігрантаў, якія пашкоджваюць абсталяванне, а пра пэўную парамілітарную групу людзей, якая пранікае на тэрыторыю суседняй краіны, парушае яе мяжу, знішчае інфраструктуру і абсталяванне, а затым вяртаецца ў Беларусь.
Умоўна кажучы, гэта даволі сур'ёзная правакацыя, падобная да таго, што калісьці адбылося ў Гляйвіцы. Тады нацысты правялі так званую аперацыю "Кансервы" — правакацыю супраць Польшчы, якая стала адным з эпізодаў, выкарыстаных для абгрунтавання пачатку Другой сусветнай вайны.
Цяпер сітуацыя і атмасфера іншыя, але сутнасць падобная: ствараецца ўмоўны casus belli — падстава, якая можа справакаваць суседнія з Беларуссю краіны на пэўныя дзеянні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут