На пачатку снежня Інстытут Reuters сумесна з Оксфардскім Універсітэтам апублікаваў вялікае даследаванне пра тое, якія трэнды будуць кіраваць рэдакцыйнай палітыкай найбуйнейшых СМІ планеты ў 2019-м годзе. Еўрарадыё распавядае, чаго варта чакаць ад вашых любімых выданняў.
Чакаць дапамогі звонку СМІ не давядзецца. Якім жа чынам зарабіць выданням на сваю лусту хлеба? Больш чым палова журналісцкіх босаў прызнаюцца, што выйсце — гэта менавіта платная падпіска, якая, дарэчы, дагэтуль не з’яўляецца папулярнай ды эфектыўнай у Беларусі. Сярод усіх беларускіх выданняў (без уліку інфармацыйных агенцтваў) толькі “Наша Ніва” перайшла на такую мадэль.
Але тут узнікне праблема, асабліва для заходніх медыя. Ужо цяпер існуюць пытанні, звязаныя з балансам платных ды бясплатных артыкулаў. Звесці ўсё выданне ў платную падпіску ці праз абавязковую працэдуру рэгістрацыі — значыць, “адрэзаць” новых чытачоў, якія проста не будуць плаціць за кантэнт у новым для іх СМІ. І вось тады яны могуць сысці ў бясплатныя інтэрнэт-выданні, у якасці і праўдзівасці якіх прыходзіцца сумнявацца.
З’явіўся нават новы тэрмін, так званы paywall (“плацёжная сцяна”. — Еўрарадыё), якая не дае чытаць платныя матэрыялы. У адказ на гэта пачалі з’яўляцца адмысловыя праграмы, якія дазваляюць прыбраць “занавеску” над платным артыкулам. Вядома, што гэта не зусім легальна, але пачынае карыстацца папулярнасцю.
А што думаюць рэдактары наконт спосабаў здабычы прыбыткаў? Адказы падзяліліся наступным чынам: за падпіскай (52%) ідзе паказ рэкламы (27%), натыўная рэклама (8%) і ахвяраванні ад чытачоў (7%). Агулам, графік выглядае наступным чынам.
У якасці другаснай крыніцы магчымых прыбыткаў рэдактары адзначылі паказ рэкламы (81%), падпіску (78%) і натыўную рэкламу (75%).
Аўтары даследавання кажуць, што такія змены з’яўляюцца аднымі з самых значных за шмат гадоў.
З іншага боку, каб рабіць якасны і сур’ёзны кантэнт, на якім немагчыма адразу ж зарабіць, патрэбная дапамога. Кіраўніцтва амаль траціны (29%) СМІ спадзяецца на падтрымку фондаў і некамерцыйных арганізацый. Яшчэ траціна (29%) не спадзяюцца ні на што і разлічваюць толькі на свае сілы. Знайшлося і 11% рэдакцый, якія разлічваюць на падтрымку ўрадаў сваіх краін.
У мінулым годзе Facebook, самая буйная сацсетка ў свеце, трапіла ў вялікі скандал, звязаны з фактычнай перадачай персанальных даных трэцім асобам. Змяніліся шматлікія алгарытмы, прагучалі дзясяткі заяў. Гэта прывяло да дыскусій па ўсім свеце, а карыстальнікі пачалі сыходзіць з платформы. Усё гэта часткова прывяло да ўзмацнення жорсткасці пакета GDPR, дзякуючы якому цяпер кожны жыхар Еўрасаюза можа даведацца пра тое, якія дадзеныя пра яго захаваныя ў канкрэтных рэсурсах і платформах.
87% рэдактараў СМІ арыентуюцца як на асноўную пляцоўку на пошукавую сістэму Google і аптымізаваныя AMP-старонкі, якія дазваляюць хутка чытаць матэрыялы з мабільных прылад. Другое месца займае пляцоўка мабільнага гіганта Apple — за Apple News прагаласавала 43% кіраўнікоў рэдакцый. Такое ж месца заняў і Facebook, хоць і варта адзначыць, што пазіцыі кампаніі падаюць. На трэцяе месца ўстаў YouTube, які належыць Google.
Асобнае месца займае і барацьба з фэйкамі. Сацыяльныя сеткі ды мэсэнджары вядуць барацьбу з распаўсюджваннем ілжывых навін па-рознаму, напрыклад блакуючы магчымыя акаўнты “троляў” ці махляроў. А ў мэсэнджарах, якія паступова перацягваюць на свой бок усё большую колькасць карыстальнікаў, спрабуюць выяўляць масавыя рассылкі, блакаваць магчымасць перасылаць паведамленне больш чым 20 людзям і сачыць за тэндэнцыямі ў грамадстве. Кантраляваць тое, што адбываецца ў закрытых і паўзакрытых чатах, дагэтуль немагчыма, а новыя выклікі абавязкова будуць — тым цікавей, як адрэагуюць кампаніі.
Аднак забываць пра новыя фарматы, звязаныя з сацсеткамі, і аптымізаваны для мабільных прылад кантэнт ніхто не збіраецца — хутчэй, наадварот. Фарматы “сторыз” ці невялікіх кароткіх відэа нікуды не знікнуць. Да таго ж, сацыяльныя сеткі абавязкова выпусцяць новыя “фішкі”, так што, цікава будзе дакладна.
Нечакана для многіх, але факт: падкасты (гукавая праграма, якая распаўсюджваецца праз інтэрнэт. — Еўрарадыё) ўжо шмат гадоў пашыраюць сваю прысутнасць на медыярынку. Звязана гэта не толькі са зручнасцю фармату, але і з пашырэннем папулярнасці так званых “разумных” гукавых калонак ды асістэнтаў. Калі для Беларусі гэта не актуальна хаця б па той прычыне, што большасць сусветных сэрвісаў Google, Apple, Amazon і іншых проста не працуюць, то вось у свеце гэтая будучыня ўжо наступіла. Так, у ЗША 14% апытаных людзей, па стане на верасень 2018 года, ужо маюць дома такіх асістэнтаў, што дае вялікую глебу для медыя ўсіх тыпаў. Агулам жа, колькасць прададзеных калонак у ЗША складае каля 40 мільёнаў, а ў Велікабрытаніі — каля 7.
Рэдактары добра адчуваюць трэнд — 75% апытаных лічаць, што гукавыя тэхналогіі становяцца ўсё больш уплывовым тыпам кантэнту, а 78%, што смарт-асістэнты трансфармуюць спосаб успрымання кантэнту.
Усе гэтыя сучасныя тэхналогіі прывядуць таксама і да аптымізацыі кантэнту, каб чалавек мог паслухаць навіны медыя, якому давярае, “адным радком”. Прагназуецца і з’яўленне агрэгатара галасавых навін, які будзе аўтаматычна падбіраць тыя навіны, якія могуць зацікавіць канкрэтнага чалавека.
Так, гэта ўжо рэальнасць. Сучасныя тэхналогіі поўным ходам крочаць наперад і дэманструюць вынікі, якія шакуюць сваёй праўдападобнасцю. Напрыклад, на кітайскім тэлебачанні ўжо былі эфіры, дзе пра навіны распавядала камп’ютарная копія вядомага вядучага.
Акрамя ўсяго іншага, штучны інтэлект зробіць свой унёсак і ў галіну персаналізацыі. Навіны стануць падбірацца алгарытмамі адмыслова для вас і рэагаваць на тое, што вы шукаеце ў інтэрнэце ці як бавіце час у сеціве. Гэта дазволіць не толькі СМІ, але і шэрагу агрэгатараў даваць роўна тое, што было б вам цікава.
А вось ці заменяць у хуткім часе журналістаў робаты ці штучны інтэлект? Наўрад ці. Па-першае, хоць сучасныя праграмы ўжо і могуць пісаць навіны ды аўтаматычна шукаць неабходную інфармацыю ў інтэрнэце, яны яшчэ не дастаткова развітыя для нечага больш сур’ёзнага. Працэс прафесійнай творчасці ўсё яшчэ застаецца за журналістамі. Гэтак жа лічаць і рэдактары: 51% кіраўнікоў лічыць, што больш трэба інвеставаць у жывых рэдактараў і журналістаў, каб быць гатовымі да змен у будучыні. І толькі кожны чацвёрты рэдактар (27%) упэўнены, што больш інвеставаць трэба ў штучны інтэлект.
Падаецца, павольныя навіны стануць галоўнай навінкай года. У сучасным свеце, насычаным рознага кшталту breaking news, тэмп абнаўлення і ратацыі інфармацыі з усяго свету стаў нязносна хуткім для людзей. Згубіцца ў такім патоку час ад часу нашмат прасцей, чым разабрацца. Таму ў свеце пачынаюць з’яўляцца СМІ, якія зусім не будуць спрабаваць быць першымі і хутка даваць навіны. Іх канцэпцыя будзе як раз адваротнай. Замест паглыблення ў чараду падзей, яны будуць прапаноўваць не спяшацца, а спакойна і ўдумліва разабрацца, што ўсё ж адбываецца. Часта ўжо пасля таго, як звычайны інфармацыйны шум прыціх. Прычым, у розных фарматах — ад дэтальнага разбору таго, што адбылося, да адкрытай канферэнцыі з удзелам журналістаў і экспертаў, дзе чытачы ды гледачы здолеюць таксама ўдзельнічаць у абмеркаванні тэм.
Яскравым прыкладам запатрабаванасці такіх медыя можна лічыць запуск выдання Tortoise (бел. “чарапаха”). На пляцоўцы для краўдфандынгу Kickstarter рэдакцыя сабрала больш за €500.000. Прычым, аказалася, што большасць людзей, якія ўклалі грошы — людзі, чый узрост перавышае 30 гадоў.
Такія праекты працягнуць з’яўляцца, а наколькі вялікі поспех яны будуць мець у рэальным жыцці — паглядзім ужо хутка. Але эксперымент з новым фарматам выглядае як мінімум цікава.