Каб правесці дома прагляд рэклам, трэба дазвол гарвыканкама — ідэолаг

17/03/2026 - 09:42

Аляксей Апановіч / sb.by

У сацсетцы Threads актывізаваўся галоўны ідэолаг Гродзенскага гарвыканкама Аляксей Апановіч.

Як заўважыла выданне Hrodna.life, чыноўнік сочыць за мерапрыемствамі, якія гродзенцы арганізуюць праз Threads без узгаднення з гарадскімі ўладамі. Апановіч пагражае карамі за "несанкцыянаваныя мерапрыемствы".

Так, гродзенская маркеталагіня напісала ў сацсетцы, што плануе правесці ў сябе дома прагляд культавых рэклам мінулых гадоў. Да яе ў каментары прыйшоў гродзенскі ідэолаг з заўвагай: "Не забудзьце ўзгадніць усё з гарвыканкамам".

Жанчына здзівілася і запытала ў адказ, ці сапраўды трэба ўзгадняць з гарадскімі ўладамі тое, што адбываецца на тэрыторыі ўласнага дома. На гэта Апановіч даслаў спасылку на артыкул пра масавыя мерапрыемствы на pravo.by і са смайлікам дадаў: "Тут адказы на ўсе пытанні".

У Гродне Апановіч вядомы рэйдамі ў краму беларускай сімволікі "Адметнасць" і рэдакцыю Hrodna.life у 2020–2021 гадах. Ён выступаў за ліквідацыю рэдакцыі і закрыццё крамы. Таксама чыноўнік быў звязаны з ціскам на іншыя незалежныя ініцыятывы ў горадзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі