Падоўжылі спрошчаную выдачу "пашпарта замежніка" для беларусаў у Польшчы

02/07/2024 - 06:18

Праязны дакумент замежніка / MOST

У Польшчы да канца 2024 года для беларускіх эмігрантаў падоўжылі спрошчаную працэдуру выдачы праязнога дакумента замежніка, які замяняе пашпарт. Пра гэта гаворыцца на сайце польскага ўрада.

Спрошчаны парадак выдачы гэтых праязных дакументаў для грамадзян Беларусі быў уведзены ў ліпені 2023 года. Для беларусаў былі прадугледжаныя такія паслабленні:

— вызваленне ад выплаты збору за выдачу праязнога дакумента для замежніка;
— заяву з просьбай аб выдачы дакумента маглі падаць нават тыя беларусы, якія ніколі не мелі праязнога дакумента (у першую чаргу пашпарта), у тым ліку дзеці;
— беларусам не трэба было даказваць, што яны не могуць атрымаць пашпарт ад уладаў сваёй дзяржавы;
— заяву на выдачу праязнога дакумента маглі падачць беларусы, якія маюць у Польшчы толькі часовы від на жыхарства незалежна ад мэтаў яго выдачы.

Усе гэтыя меры будуць дзейнічаць для беларусаў як мінімум па 31 снежня 2024 года.

Ва ўрадзе Польшчы кажуць, што гэта адзін з інструментаў актыўнай падтрымкі беларускага грамадства, якое польскія ўлады аказваюць са жніўня 2020 года. 
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі