На целе Віталя Шышова выявілі траўмы, "характэрныя для разавага падзення"

03/08/2021 - 13:21

Дырэктар "Беларускага дома ва Украіне" Віталь Шышоў не звяртаўся да ўкраінскіх праваахоўніках з паведамленнм, што за ім могуць сачыць. Пра гэта заявіў кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Украіны Ігар Кліменка, паведамляе hromadske.ua.

Па яго словах, паліцыя праверыла ўсе звароты Шышова і не знайшла заяваў аб сачэнні за ім ні раней, ні сёлета.

Таксама Кліменка паведаміў, што эксперты выявілі невялікія траўмы на целе беларускага актывіста. Гэта ранкі на левым калене і грудзях, садраная скура на носе і невялікія пацёртасці на левай частцы верхняй губы.

Кіраўнік Нацпаліцыі заявіў, што яны маглі з'явіцца пры падзенні: "Гэта характэрна для разавага падзення, як сказалі эксперты".

Асноўнымі версіямі следства цяпер з'яўляюцца самагубства і наўмыснае забойства, імітаванае пад суіцыд, дадаў Клменка.

Тым часам грамадзянская жонка Шышова Бажэна Жолудзь заявіла журналістам, што не верыць у самагубства мужа. Яна падкрэсліла, што апошнім часам псіхалагічны стан Віталя быў нармальным. Па яе словах, Віталь пастаянна пільнаваў, ці не сочаць за ім.

Як распавядала Еўрарадыё, Віталь Шышоў знік у Кіеве зранку 2 жніўня, калі пайшоў на штодзённую прабежку. Яго знайшлі павешаным недалёка ад дому зранку 3 жніўня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі