Мінсувязі распрацавала новы дакумент для блакавання сайтаў у Беларусі

07/09/2017 - 08:27

Міністэрства сувязі і інфарматызацыі распрацавала праект указа прэзідэнта “Аб удасканаленні парадку выкарыстання інфармацыйнай прасторы”. Пра гэта паведамляецца ў лісце Аператыўна-аналітычнага цэнтра (ААЦ) пры прэзідэнце Беларусі на зварот прэс-сакратара Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыса Гарэцкага. Ліст падпісаў намеснік начальніка цэнтра Генадзь Бялкоў.

У адказе гаворыцца, што новы дакумент прадугледжвае парадак абмежавання доступу да інтэрнэт-рэсурсаў, якія размяшчаюць інфармацыю, забароненую або абмежаваную да распаўсюду заканадаўчымі актамі.

На сёння парадак абмежавання інтэрнэт-рэсурсаў рэгулюецца пастановай ААЦ ад 2015 года. Згодна з ёй, зачыняюцца сайты, якiм на працягу года вынесеныя два і больш пісьмовых папярэджанняў Міністэрства інфармацыі; якія змяшчаюць матэрыялы, накіраваныя на абарот наркотыкаў, а таксама іншую інфармацыю, забароненую або абмежаваную для распаўсюду ў Беларусі. Таксама падставай для закрыцця сайта могуць стаць невыпраўленыя парушэнні заканадаўства, на якія звярталі ўвагу дзяржорганы.

Між тым, цяпер усе забароненыя рэсурсы часткова адчыняюцца. 

Беларуская асацыяцыя журналістаў звярнулася ў Мінсувязі, каб азнаёміцца з тэкстам дакумента, а таксама даведацца, на якім этапе знаходзіцца яго ўзгадненне. Аднак чыноўнікі міністэрства заявілі, што нічога не ведаюць пра падрыхтаваны ўказ.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі