Мінкульт абвясціў конкурс на кінасцэнар пра "гераізм сілавікоў" у жніўні 2020-га

05/01/2024 - 12:19

У Беларусі хочуць зняць кіно пра "гераізм сілавікоў" у жніўні 2020-га / sb.by

Міністэрства культуры абвясціла конкурс сцэнароў фільмаў і серыялаў для вытворчасці ў 2025 годзе.

Ведамства дала прыкладны пералік тэмаў для сцэнароў. Напрыклад, поўнаметражны гульнявы фільм можа быць зняты на тэму "гераізму супрацоўнікаў праваахоўных органаў падчас падзей жніўня 2020 года ў Беларусі". Працягласць такой стужкі мусіць складаць не менш за 85 хвілінаў.

Іншыя прапанаваныя тэмы выглядаюць так:
ваенна-патрыятычная тэма;
школа і настаўнікі Беларусі;
працаўнікі беларускай вёскі;
беларускія лётчыкі-героі;
героі беларускага спорту;
кінаказка з беларускімі героямі для сямейнага прагляду;
навагодняя гісторыя для сямейнага прагляду, падзеі якой адбываюцца ў Беларусі.

Між тым фільмы пра падзеі ў Беларусі ўжо даўно паказваюць на міжнародных экранах. Гэта, напрыклад, і "Courage" Аляксея Палуяна, і фільм Таццяны Свірэпа "Беларусь 23.34".

Конкурс праводзіцца з 5 студзеня па 20 ліпеня. Арганізатарамі выступаюць Мінкульт і "Беларусьфільм". Заяўкі на ўдзел прымаюцца да 1 сакавіка.

Плануецца вызначыць 10 пераможцаў, па чыіх сцэнарах здымуць стужкі. Таксама пераможцаў конкурсу ўзнагародзяць грашовымі прэміямі ў 50 базавых велічыняў (2000 рублёў).
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі