Касым-Жамарт Такаеў / Akorda.kz
— Абмеркавання не было — быў маналог дзяржавы... Канстытуцыю ў нас перапісваюць, як школьны сшытак, — кажа Еўрарадыё журналіст Казахстанскага міжнароднага бюро па правах чалавека і захаванні законнасці Андрэй Грышын.
Рэферэндум па праекце Канстытуцыі прайшоў у Казахстане 15 сакавіка. Паводле папярэдніх даных ЦВК, яўка склала больш за 73 %, а 87 % тых, хто галасаваў, падтрымалі змены.
Сам Андрэй Грышын, як і некаторыя незалежныя назіральнікі, называе гэтыя лічбы “спушчанымі зверху”, тлумачачы, што большасць грамадзян краіны даўно перастала ўспрымаць падобныя рэферэндумы як магчымасць кардынальна змяніць жыццё да лепшага.
— Новая Канстытуцыя Казахстана павінна пашырыць паўнамоцтвы прэзідэнта, а кантроль з боку парламента, наадварот, зменшыцца. Парламент стане аднапалатным, а ў краіне з’явіцца пасада віцэ-прэзідэнта. Як вы лічыце, навошта ўладам былі патрэбны гэтыя змены ў Канстытуцыі, і як прайшоў рэферэндум?
— Рэферэндум прайшоў, як звычайна, без нейкіх асаблівых перагібаў. Усё было зроблена па той мадэлі, якая склалася яшчэ ў савецкі час, потым перайшла ў эпоху Назарбаева і фактычна працягваецца цяпер. Выкарыстоўваўся адміністрацыйны рэсурс, прапаганда, былі спробы абмяжоўваць назіральнікаў.
То-бок усё адбывалася прыкладна так жа, як і раней. Раз за разам паўтараецца адна і тая ж схема, і нічога асабліва не змяняецца.
А вось навошта ўсё гэта было зроблена — вялікае пытанне. Насамрэч ніхто дакладна гэтага не ведае. Такаеў казаў, што даўно задумваў канстытуцыйную рэформу, але ў выніку рэферэндум правялі ў спешцы, напаказ. Навошта — незразумела.
— А ў вас ёсць нейкія ўласныя версіі, навошта трэба было змяняць Канстытуцыю менавіта цяпер?
— Шчыра кажучы, нейкай адной выразнай версіі ў мяне няма. Тут можа быць усё што заўгодна. Улада ў Казахстане працуе даволі адасоблена ад грамадства, таму цяжка зразумець, што менавіта ў яе на розуме і якія рэальныя планы былі.
Але ёсць некалькі магчымых тлумачэнняў.
Першая версія — прэзідэнт усё ж можа планаваць сыход са сваёй пасады. У такім выпадку патрэбны пераемнік, прычым такі, які не падвядзе. Калі ўзгадаць звязку Назарбаеў — Такаеў, многія лічаць, што Такаеў у пэўным сэнсе ўсё ж падвёў свайго палітычнага настаўніка.
Другая версія — гэта асабістыя амбіцыі прэзідэнта. Ён спрабуе пазіцыянаваць сябе як рэфарматара, як кіраўніка новага “азіяцкага дракона”. Для такога вобраза патрэбна сур’ёзная інстытуцыйная рэформа, у тым ліку змяненне Канстытуцыі.
Ёсць і трэцяя версія, якая кажа пра тое, што амбіцыі Такаева выходзяць на міжнародны ўзровень, і ён можа паспрабаваць вылучыцца на пасаду генеральнага сакратара ААН. Калі разглядаць такі сцэнарый, яму трэба будзе пакінуць пасаду прэзідэнта, а значыць патрэбны пераемнік, які працягне яго палітычную лінію і не будзе падымаць нязручныя тэмы.
Любая з гэтых версій можа аказацца праўдай, а можа і не аказацца. Тое, што адбываецца на палітычным Алімпе, вельмі мала судакранаецца з жыццём звычайных людзей, таму даводзіцца абапірацца хутчэй на здагадкі і чуткі.
— Вы глядзелі праект новай Канстытуцыі? Ці ёсць там нешта прынцыпова новае або спрэчнае?
— Праект я глядзеў, але не вывучаў яго дэталёва. І гэта, дарэчы, даволі паказальна. Большасці людзей у Казахстане ўвогуле не вельмі цікава, што адбываецца з Канстытуцыяй. Людзі жылі з папярэдняй Канстытуцыяй, якая працавала даволі ўмоўна, і многія разумеюць, што прынцыпова сітуацыя не зменіцца.
Тым не менш некалькі момантаў можна адзначыць.
— Якія парушэнні зафіксавалі незалежныя назіральнікі на рэферэндуме?
— Гэтым разам незалежных назіральнікаў было значна менш, чым на папярэдніх прэзідэнцкіх выбарах. Таму і зафіксаваных парушэнняў аказалася менш.
Тым не менш некаторыя выпадкі былі. Напрыклад, людзей уключалі ў дадатковыя спісы, часам назіральнікаў не дапускалі на ўчасткі або выводзілі, калі яны занадта прынцыпова спрабавалі сачыць за працэсам.
Але ў цэлым усё адбывалася ў звыклых рамках.
На мінулых прэзідэнцкіх выбарах, калі назіральнікаў было больш, фіксавалася значна больш парушэнняў і канфліктаў. Цяпер маштабы проста меншыя.
— Былі паведамленні пра ціск на назіральнікаў і пагрозы? Гэта праўда?
— Пагрозы і рэальныя фізічныя наступствы — гэта розныя рэчы. Пагрозы ў палітычным жыцці Казахстана даволі распаўсюджаныя, і, шчыра кажучы, многія ўжо перасталі звяртаць на іх увагу.
Напрыклад, былі выпадкі, калі тэлефоны назіральнікаў публікавалі на сайтах бясплатных аб’яў. Пасля гэтага ім пачыналі масава тэлефанаваць, забіваючы тэлефон званкамі.
Некаторыя назіральнікі пасля такога сапраўды вырашылі не прыходзіць на ўчасткі. Але гэта ўспрымаецца хутчэй як дробныя гадасці, якія перыядычна адбываюцца.
— Ці былі выпадкі, калі ў назіральнікаў забіралі тэлефоны за відэаздымку?
— Так, такія выпадкі таксама былі. Але зноў жа — нічога прынцыпова новага. За трыццаць гадоў незалежнасці першыя выбары яшчэ былі адносна адкрытымі, а потым усё паступова пайшло па накатаным.
Таму падобныя інцыдэнты ўжо нікога асабліва не здзіўляюць. Галоўнае, што гэтым разам не было сур’ёзнага гвалту.
— А што можна сказаць пра парушэнні правоў выбарцаў?
— З правамі выбарцаў сітуацыя асаблівая. На практыцы яны часта адыгрываюць хутчэй ролю масоўкі.
Напрыклад, Цэнтральная выбарчая камісія спачатку апублікавала ў Telegram папярэднія даныя пра яўку і вынікі. Потым гэты допіс выдалілі і пазней апублікавалі іншыя лічбы, якія адрозніваліся прыкладна на 30 %.
Таму складаецца ўражанне, што спачатку вызначаюцца патрэбныя паказчыкі, а потым пад іх падганяюцца лічбы.
У такой сістэме правы выбарцаў парушаць нават не абавязкова. Галоўнае, каб чалавек прыйшоў на ўчастак. Як ён прагаласаваў — “за” ці “супраць” — вялікага значэння не мае.
— Паведамлялася пра затрыманні людзей да рэферэндуму. Гэта так?
— Так, прынамсі каля дваццаці чалавек дагэтуль знаходзяцца пад адміністрацыйнымі арыштамі. У некаторых выпадках падставай сталі іх пасты або крытыка ў сацыяльных сетках.
Часам абвінавачанні фармальна іншыя, але мэта адна — нейтралізаваць актыўных людзей на перыяд рэферэндуму.
— А як ідуць справы з ціскам на журналістаў і медыя?
— Ціск пачаўся яшчэ да таго, як грамадства даведалася пра планы змяніць Канстытуцыю.
Як мінімум два незалежныя медыя сутыкнуліся з сур’ёзнымі праблемамі: іх галоўныя рэдактары знаходзяцца пад хатнім арыштам паводле абвінавачання ў распаўсюджванні “загадзя ілжывай інфармацыі”. Гэта даволі распаўсюджаны артыкул, які часта выкарыстоўваюць супраць журналістаў.
Цікава, што адзін з сайтаў пасля арышту рэдактара рэзка змяніў рэдакцыйную палітыку і пачаў публікаваць матэрыялы ў падтрымку новай Канстытуцыі і заклікі прыйсці на рэферэндум.
Акрамя таго, ужываліся і больш мяккія формы ціску: скаргі на публікацыі ў сацыяльных сетках, выдаленне пастоў, блакіроўкі старонак. Усіх, вядома, не саджаюць, але стараюцца абмежаваць іх уплыў на аўдыторыю.
— Як вы думаеце, што будзе далей пасля прыняцця новай Канстытуцыі?
— Шчыра кажучы, большасць людзей ставіцца да гэтага досыць па-філасофску. Калі папярэдняя Канстытуцыя не працавала так, як павінна была, то чаму новая раптам пачне працаваць?
Акрамя таго, у Казахстане Канстытуцыю ўжо шмат разоў змянялі. Часам сур’ёзныя папраўкі прымаюцца літаральна за суткі. Напрыклад, Такаеў у свой час хутка прыбраў з Канстытуцыі асаблівы статус Назарбаева і яго гарантыі.
Таму ніхто не ўспрымае цяперашні варыянт як канчатковы. У любы момант можа прыйсці новы палітык і зноў усё змяніць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут