Мінабароны не плануе праводзіць пазапланавы пераагляд юнакоў, якія раней былі прызнаныя не прыдатнымі да службы і цяпер знаходзяцца ў запасе. Пра гэта на прэс-канферэнцыі 7 лютага заявіў начальнік ваенна-медыцынскага ўпраўлення Мінабароны Дзмітрый Альховік, перадае БЕЛТА.
Як распавядала Еўрарадыё, у Беларусі абнавіліся патрабаванні да здароўя прызыўнікоў. Шмат дыягназаў, па якіх раней прызыўнікі прызнаваліся непрыдатнымі для службы, цяпер сталі прызыўнымі.
Па словах Альховіка, пераагляд "запаснікаў" будзе праводзіцца ў планавым парадку. Узброеныя Сілы, патлумачыў падстаўнік міністэрства, зусім не зацікаўленыя набіраць юнакоў, непрыдатных да праходжання праграмы баявой падрыхтоўкі.
Журналісты пацікавіліся, ці шмат людзей атрымаецца дадаткова прызваць у войска пасля зменаў заканадаўства. "Колькасць людзей нязначная. Больш дакладную лічбу зможам агучыць пасля вясновага прызыву", — адказаў Альховік.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.