Суд па справе "эскадрона смерці" адмовіўся далучаць доказы з боку пацярпелых

22/09/2026 - 14:14

Юрый Гараўскі па дарозе на суд / DW

22 верасня ў судзе Швейцарыі пачаўся разгляд апеляцыі на апраўдальны прысуд Юрыю Гараўскаму. Гэта былы баец Спецыяльнага атрада хуткага рэагавання (САХР), які прызнаўся ва ўдзеле ў выкраданні апанентаў Лукашэнкі ў 1999 годзе.

Як паведамляе DW, адвакат пацярпелых Севярын Вальц папрасіў далучыць да матэрыялаў справы і разгледзець экспертызу прафесара славістыкі ўніверсітэта Санкт-Гален наконт праўдзівасці паказанняў Гараўскага і дадатковыя звесткі, сабраныя бокам пацярпелых. Таксама ён папрасіў суд апытаць членаў сям'і зніклых палітыкаў і даць ім магчымасць расказаць пра падзеі ў тыя дні, калі зніклі Захаранка, Красоўскі і Ганчар.

Абарона Гараўскага папрасіла адхіліць абодва хадайніцтвы. Адвакат мяркуе, што дадатковыя доказы былі сабраныя незаконна, бо рэжым Лукашэнкі ніколі б іх не перадаў і, верагодна, засакрэціў. Апытваць сваякоў зніклых адвакат лічыць немэтазгодным, бо іх не было на месцы злачынства, а сам Гараўскі ўжо даў сведчанні. Суд пагадзіўся з абаронцам Гараўскага.
 
Пасля гэтага пачалося апытанне самога Гараўскага. Высветлілася, што ў Швейцарыі ён ажаніўся, працуе на поўную стаўку. Суддзя пацікавіўся, ці вярнуўся б Гараўскі ў Беларусь пры змене палітычнай сітуацыі. "Магчыма, але нават калі б змянілася ўлада, мяне так ці інакш там затрымаюць і расстраляюць", — кажа той.

Ён прызнаўся, што падчас службы ў САХР быў асуджаны і ўцёк з Беларусі ў тым ліку праз пагрозу яшчэ аднаго крымінальнага пераследу. На пытанні адваката пацярпелых Гараўскі адказваць адмовіўся.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі