Украінцы ўсё яшчэ негатыўна ставяцца да Беларусі пасля пачатку вайны — даследаванне

21/09/2026 - 16:08

Акцыя салідарнасці з Украінай у Вільнюсе, люты 2026 года / LookByMedia

66% украінцаў не лічаць Аляксандра Лукашэнку легітымным кіраўніком Беларусі. І толькі 7,9% рэспандэнтаў лічаць яго легітымным. Пра гэта сведчаць вынікі свежага сацыялагічнага апытання ўкраінцаў, зробленага інстытутам “Палітычная сфера”. Яго вынікі на Форуме Астрожскіх у Кіеве прадставіў аналітык Андрэй Ягораў. 

Еўрарадыё пераказвае самыя важныя высновы даследавання. 

 

Украінцы не ставяць знак роўнасці паміж рэжымам Лукашэнкі і беларусамі

Па словах Ягорава, стаўленне ўкраінцаў да беларусаў таксама змянілася пасля пачатку расійскай агрэсіі супраць Украіны. Асноўнымі прычынамі негатыўнага стаўлення называюцца ваенная і палітычная падтрымка Расіі з боку Беларусі, а таксама ўдзел Беларусі ў расійскай агрэсіі.

Украінцы не ставяць знак роўнасці паміж рэжымам Лукашэнкі і беларусамі. 77,7% падтрымліваюць больш жорсткую палітыку Украіны ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. Адначасова 67,4% выступаюць за актывізацыю супрацоўніцтва з беларускімі дэмакратычнымі сіламі.

Скрыншоты апытання / Euroradio

Пры гэтым 28,6% украінцаў лічаць Беларусь і беларускую дзяржаву вінаватымі ў расійскай агрэсіі супраць Украіны. А большасць рэспандэнтаў лічыць, што Беларусь можа ўдзельнічаць у перамовах аб заканчэнні вайны. За ўдзел Беларусі ў перамовах выступаюць 13%, супраць — толькі 3,6%.

Даследаванне таксама паказала зніжэнне пазнавальнасці Святланы Ціханоўскай ва Украіне. Гэта можа быць звязана, сярод іншага, з недастатковай прысутнасцю інфармацыі пра беларускую палітыку ва ўкраінскіх медыя.

Незаўважнай застаецца і беларуская павестка ва Украіне. Паводле агучаных вынікаў, 41% украінцаў практычна не атрымлівае інфармацыі пра Беларусь з украінскіх СМІ. А 64% рэдка або ніколі не сустракаюць матэрыялаў беларускіх незалежных аўтараў. Значная частка рэспандэнтаў ацэньвае тон паведамленняў пра Беларусь як негатыўны або хутчэй негатыўны.

Даследчыкі адзначаюць, што стаўленне да беларусаў і Беларусі адрозніваецца ў розных краінах. Ва Украіне яно больш негатыўнае, чым, напрыклад, у Польшчы і Літве. Адной з прычын гэтага называецца непасрэдная сувязь Беларусі з расійскай агрэсіяй супраць Украіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі