"Беларуськалій"
Ніводная краіна Еўрасаюза не можа быць часткай пагаднення пра імпарт беларускіх угнаенняў, якое ўзгадняецца ЗША. Пра гэта заявіў літоўскі міністр замежных спраў Кястуціс Будрыс, перадае LRT.
Напярэдадні Дональд Трамп у сваіх сацсетках заявіў, што Белы Дом працуе над буйным пагадненнем, каб імпартаваць калійныя ўгнаенні з Беларусі.
"Тое, што адбываецца паміж ЗША і Беларуссю – гэта двухбаковыя адносіны. Тое, якія санкцыі здымаюць ЗША, наўпрост не звязана з дзеяннямі Еўрапейскага Саюза і яго санкцыйнай палітыкай. Таму мы разглядаем гэтую заяву як пытанне двухбаковых адносін, якое нас наўпрост не закранае", — пракаментаваў кіраўнік літоўскага замежнапалітычнага ведамства.
Будрыс пракансультаваў афіцыйных асоб ЗША, што цяперашні рэжым санкцый Еўрасаюза забараняе краінам не толькі імпартаваць беларускія ўгнаенні, але і ствараць умовы для іх транзіту праз тэрыторыі краін блока. І няважна, чые кампаніі займаюцца іх адпраўкай: "Калійныя ўгнаенні, здабытыя ў Беларусі, не могуць апынуцца на тэрыторыі ЕС".
Дыпламат нагадаў, што санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі былі ўведзеныя за парушэнні правоў чалавека, падаўленне апазіцыі, падтрымку Расіі. У гэтым плане нічога не змянілася, таму няма падставаў для перагляду санкцый.
Раней у СМІ неаднаразова з'яўляліся паведамленні, што афіцыйныя асобы ЗША просяць Літву, Польшчу і Украіну зняць санкцыі з беларускіх калійных угнаенняў і дазволіць транзіт гэтай прадукцыі праз іх тэрыторыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут