ДЫСКЛЭЙМЕР: У ТЭКСЦЕ СПОЙЛЕРЫ
Выйшаў новы раман самага папулярнага беларускага празаіка Віктара Марціновіча — "Ноч". Сціплая аўтограф-сэсія пройдзе на днях у "Акадэмкнізе". Пісьменнік не ў першы раз чамусьці ігнаруе прыватныя кнігарні. Ці гэта яны яго ігнаруюць? Зрэшты, на прэзентацыю кнігі Марціновіча чарга з фанатаў і ўздыхальніц выстраіцца да любой крамы, незалежна ад формы ўласнасці.
Кніга выйшла на беларускай мове, што дазволіць Віктару Марціновічу зноў ўступіць у штогадовую літаратурную гульню — прэмію Гедройца. Хоць атрымаць адно з трох прызавых месцаў настолькі ж малаверагодна, як Альгерду Бахарэвічу — стаць пераможцам.
Першая асацыяцыя, якая прыходзіць на розум пасля чытання — рвота. Не ў тым сэнсе што прачытанае — гідкае месіва, хоць хтосьці вырашыць і так. А ў тым, што ў мозг чытача паступае паўперавараная кансістэнцыя з цвёрдымі кавалачкамі розных твораў.
Вось толькі тут не атрымаецца выбраць толькі "бульбачку". Або ўсё, або нічога.
Віктар — аўтар-кампілятар. Ён убірае ў свае раманы ўсё, што ўбачыў, пачуў і прачытаў. Яго тэкст заўсёды поўны адсылак, інтэртэкстуальных цытат і творчых перапрацовак.
У работу ідзе ўсё: кнігі (фантастыка нізкай якасці + папулярныя аўтары), мемчыкі, фільмы, камп’ютарныя гульні. Плюс ўстаўкі і жарты з беларускай рэальнасці. Усё гэта замяшана на эстэтыцы постапакаліпсісу і лёгкіх рэлігійных матывах з адсылкамі да індуізму.
Раман "Ноч" — чарговы поп-прадукт ад майстра стылістыкі. Кадаўр масавай культуры ў краіне, дзе яе няма. У гэтага рамана абсалютна няма свайго колеру. Але не ад таго, што Віктар — дрэнны пісьменнік, а з-за празмернасці адценняў. У выніку ўсё змяшалася ў адно невыразнае нешта. Гэта як з фарбамі. Калі змяшаць усе, то атрымаецца няўцямная шэра-бура-малінавая бурда. На жаль, так і тут.
Мінск распаўся на гарады-полісы, якія ўзніклі на месцы гарадскіх раёнаў. Полісы кіруюцца самымі рознымі формамі ўлады. Аўтазам (раён аўтазавода) кіруюць "браткі", і гэта цалкам лагічна. Але матрыярхат ў Зялёным Лузе і народная дыктатура з рабствам ў Кальварыі выглядаюць нацягнута.
Гарады-полісы — не адзіная адсылка да Старажытнай Грэцыі. Свет, апісаны ў кнізе, гэта мэшап з казачнага сярэднявечча і герадотавай "Гісторыі", з прымешкай "Фалаўта" і гульні "Сталкер". Тут герадотаўскія неўры і андрафагі існуюць нароўні з дэманічнымі "казланогімі" з нейкага прыдуманага Сярэднявечча, нібы узятага з другаснага фэнтэзі, накшталт Ніка Перумава.
Большую частку часу не знікае адчуванне, што аўтар піша фанфік па існуючых сетынгах фантастыкі, але ў беларускім антуражы.
Галоўны герой не мача-баявік. Не страляе з дзвюх рук і вавёрку са ста крокаў у вока не б'е. Ён наогул не любіць зброю. Ён Кніжнік. Пацыфіст, рамантык, пісака. Жанчыны да яго так і ліпнуць, але ён верны толькі адной. Кніжнік жудасна ўдачлівы. Усе паміраюць, а ён застаецца. Свет, воляй аўтара, падладжваецца пад яго, каб герой жыў і выжываў. Гэта гісторыя ўцёкаў. Герой стаміўся ад мясцовай фантасмагорыі і ўцякае да сваёй любові ў Індыю.
Свет беларускай постапакаліптыкі прадстаўлены страката, але быццам бы ў спешцы. Аўтар нібыта баяўся спыніцца і пачаць апісваць занадта падрабязна. Герой тут не мяняецца. Як быў кніжнікам-пацыфістам на пачатку, так і застаўся ім у канцы. Ён упарта адмаўляецца неяк успрымаць і абдумваць тое, што адбываецца навокал — застаецца сляпым, нягледзячы на тое, што перад ім спрабуюць усё асвятліць гіганцкім пражэктарам.
Беларускі літаратурны свет бянтэжыць сваімі рэаліямі. Кнігі публікуюцца дрэнна. Выдаўцы выжываюць выключна за кошт грантаў. Чытачоў мала, але нават тыя, што ёсць, маглі б купляць беларускую літаратуру лепш. Аўтарскіх ганарараў няма, або яны мізэрныя. Прэса амаль не піша пра літаратуру. Літаратурных перыядычных выданняў практычна няма, або там публікуюцца такія людзі, з якімі ў адным полі гарбату піць не сядзеш. А прэміі, кажуць, выдаюцца па кумаўстве, а не па вартасці.
У нудных інтэрв'ю літаратары, якія ўсім надакучылі, у чарговы раз разважаюць пра “літаратуру” і распавядаюць рэдактарам сваіх кніг, як нясуць крыж пісьменніцтва, пакутуюць дзеля нас і культуры. У прэсы скулы зводзіць ад нуды і аднастайнасці прэзентацый, якія амаль заўсёды ператвараюцца ў папойкі, дзе абмяркоўваюць апошнія чуткі.
Трэба прызнаць: сучасны беларускі літаратар — нудны. У ім няма агеньчыка. Затое поўна пафасу. Рэдкія пісьменнікі здольныя стабільна выдаваць цікавы прадукт. І зрабіць нешта большае, чым накідаць чарговую кніжку і надрукаваць наклад у 200 асобнікаў. Усе нібы забыліся, што літаратура і рух вакол яе можа быць драйвовым і рок-н-рольным. А можа, ніколі пра гэта і не ведалі.
Віктар Марціновіч — фігура вядомая. Масавы пісьменнік з налётам начытанасці і надзённасці. Масавы, наколькі гэта магчыма ў рэаліях беларускай літаратуры. Яго кнігі нават не трэба чытаць, хвалі "Фэйсбука" усё роўна прынясуць водгукі і рэцэнзіі. Вы даведаецеся пра яго новую кнігу, нават калі нічога не хочаце пра яе ведаць.
Марціновіч сціплы, стрыманы і спакойны. І зручны (магчыма, нават у побыце). Добразычліва раздае інтэрв'ю і каментарыі. Піша надзённыя калонкі на. Трымаецца навідавоку і на плыву, хоць паклёпнікі пагаворваюць, што ён проста не тоне. Растыражаваны. У іншай краіне фанаты прасілі б яго распісацца на грудзях. Але, камон, мы ж у Беларусі.
Маркетолагі, якія робяць з ім платныя творчыя вечарыны, ставяць яго ў адзін шэраг з Караткевічам, Быкавым і Алексіевіч. Пры гэтым літаратурны істэблішмент яго не тое што любіць. Ад крытыкаў Віктар лаўраў не атрымлівае, а то і зусім ігнаруецца.
Прэміямі ў Беларусі Марціновіч таксама ветліва не прыняты, калі не лічыць самотнага "Дэбюту" у 2012 годзе за кнігу "Сцюдзёны вырай". Дарэчы, гэта першая апублікаваная кніга Віктара на беларускай мове (гэта відавочна, бо атрымала “Дэбют”). Ён нават ні разу не ўваходзіў у шорт-ліст прэміі Гедройца — пралятаў міма яго, як героі Шагала над Віцебскам.
Раман-блокбастар "Мова" так і застаўся боўтацца ў лонг-лісце, пакінуты за бортам баржы "Сучбелліт". Пагаворваюць, гэта з-за таго, што кніга была першапачаткова напісаная на рускай мове. Але гэта чуткі.
У сітуацыі, калі няма пастаянных схем прасоўвання кнігі, кожны раз трэба пракладваць новую лыжню. Адсутнасць інстытута літаратурных агентаў і ўстойлівага літаратурнага маркетынгу прыводзіць да таго, што аўтар павінен самастойна займацца прасоўваннем кнігі. Шукаць рэцэнзентаў, рассылаць анонсы, прабіваць інтэрв'ю. Прапаноўваць кнігу крытыкам у надзеі, што яны яе прачытаюць і што-небудзь напішуць. А мы ж не ў бардэлі.
Хтосьці дамаўляецца з піцэрыяй, каб яны давалі буклеты са зніжкай на яго кнігу. Хтосьці выбірае жыццё медыйных асоб, пастаянна нагадвае пра сябе ў "Фэйсбуку". Хтосьці піша на заказ эсэ і калонкі, раздае каментарыі і інтэрв'ю, ператвараючыся ў "інфлюэнсера".
У нармальнай літаратурнай сітуацыі такіх, як Віктар Марціновіч, павінна быць шмат. Элегантных, з добрай адукацыяй і поп-культурным багажом з Муракамі, Пялевіна, Хайдэгера, Кафкі, серыі "Фантастыка-82" і фільмаў катэгорыі "В". І без прэтэнзій на "інтэлектуальную літаратуру" у 900 старонак. Гэтакіх непасрэдных дэндзі, што гойсаюць у пошуках стаячых авацый у венскім тэатры, ядуць аленіну пад бруснічным соусам у віленскіх рэстарацыях і разважаюць пра гарадскія кавярні. Моднікаў, што раскідваюцца іранічнымі цытатамі з папулярных кніжак з паліцы "бестселеры". Тых, хто пастаянна ўзбіраецца на хвалю чарговага трэнду.
Але ў нас ёсць толькі Марціновіч. І ён імкнецца працаваць для ўсіх і за ўсіх. Выдае фантастыку самага рознага кшталту, ад антыўтопіі і джанк-рамана да постапакаліпсісу са шчаслівым канцом. Ад бандыцкага эпасу ў рэаліях беларускай хтоні да гісторый лёсу беларускіх жанчын.
Такіх раманаў, як "Ноч", павінна быць процьма. Але ў нас ён адзін.
Марціновіч выдае стабільна сярэдні прадукт, які з радасцю спажывае чытач і грэбліва жуе крытык. Гэта бургер ў свеце літаратуры, дзе булачка ад Макдональдса, катлета з Бургер Кінга, соус з Карлс Джуніара, а салёны агурочак ад бабулі з Палесся. Смак пры гэтым як у мамінага бургера.
Кніга Марціновіча — гэта лёгкі інтэлектуальны прадукт. Абястлушчаны, засвойваецца без астатку. Склад: банальная начытанасць ўсім запар і павярхоўнае веданне масавай культуры. Пачынаючы ад мема пра калена і заканчваючы алюзіямі на тую ж "Кысь". Тут і Харукі Муракамі, такі нелюбімы ў іншага беларускага літаратара — Бахарэвіча. Верагодна, ён яго не любіць, таму што баіцца ў выніку ім стаць. А мы не баімся. Мы чакаем.
Там-сям ў апавяданне урываюцца рэальныя людзі, напрыклад, Risky Guys, якія на роварах праехалі па Беларусі. І тут жа з імі жорстка распраўляюцца. Напэўна, фільм Марціновічу не спадабаўся.
Дарэчы пра смерці: веласіпедыстаў, гандляроў, сабакі. Іх мэта — выгадаваць героя і паказаць вар'яцкую жорсткасць новага свету. Але выглядаюць яны нязграбна. Каб усвядоміць драматычнасць смерці сабакі (ой, спойлер!), прыйшлося некалькі разоў перачытаць. Віктар, хочаце, каб душу раздзірала — прачытайце сцэну пахавання эльфа Добі ў "Гары Потэры". Ну ці хаця б паглядзіце такую ж сцэну ў фільме "Я — легенда" з Уілам Смітам. Хоць, я думаю, вы бачылі.
"Ноч" — разадзьмутая аповесць, набітая мноствам сцэн без сэнсу. Пад канец аўтарская фантазія станчаецца і пачынаюцца самапаўторы. Логіку не шукай, тут руліць Харыхары. І раптоўнае прагаворванне ў лоб канцэпцыі новага свету і прычын катаклізму ад местачковага deus ex machina, які называецца то Самуэлем, то Пастухом, то Геолагам, то аватарам індуісцкага бога.
Стракаты свет, які вымалёўвае Віктар Марціновіч, складаецца з мноства лапікаў, якія так-сяк пашытыя ў коўдру. Добрая ідэя абломваецца праз нязграбную рэалізацыю і недапрацаванасць прыдуманага свету. Аўтарская бездапаможнасць вылілася ў адкрытае прагаворванне канцэпцыі свету мясцовым "богам з машыны".
Герой плыве па Эрыдане, на фоне грае The Doors — “This is the End”.