25 лютага ў Мінску ў Палацы Незалежнасці прайшла двухбаковая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Як мяркуецца, сярод іншага, гаворка ішла і пра выдзяленне Беларусі крэдыту. Наша краіна спадзяецца атрымаць ад Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця 2 млрд долараў.
Як інфармуе БЕЛТА, Лукашэнка падзякаваў Пуціну за падтрымку і дапамогу. Расійскі прэзідэнт выказаўся пра саюзную дзяржаву. Ён лічыць, што яна "развіваецца паспяхова" і становіцца "драйверам інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы".
Сёння ў Мінску пройдзе паседжанне Вышэйшага дзяржаўнага савета саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. У ім возьмуць удзел і прэм'ер-міністры Андрэй Кабякоў і Дзмітрый Мядзведзеў. У парадку дня паседжання больш за дзясятак пытанняў. Між іншым, будзе зацверджаны саюзны бюджэт на 2016 год.