Украіна адновіць удары па расійскіх НПЗ — Зяленскі

15/10/2026 - 09:05

Уладзімір Зяленскі / t.me/V_Zelenskiy_official

Украіна адновіць удары па расійскіх нафтаперапрацоўчых заводах. Пра гэта Уладзімір Зяленскі сказаў у інтэрв'ю Financial Times.

"Забарона знятая. З нас дастаткова", — заявіў прэзідэнт Украіны.

Ён падкрэсліў, што Украіна тры дні не біла па расійскай энергетыцы, а Расія працягвала атакі, ад якіх за апошні тыдзень загінулі больш за 100 цывільных асобаў.

Пры гэтым Злучаныя Штаты не папярэдзілі Украіну пра запускі расійскіх балістычных ракет. Таксама ЗША, верагодна, абмежавалі працу спадарожнікавых тэрміналаў Starlink, што ўскладніла дзеянні на фронце. Зяленскі згадаў, што амерыканцы пагражалі Украіне заблакаваць разведданыя, калі ўдары па расійскай энергетыцы не спыняцца. Потым у Штатах усё патлумачылі "тэхнічным збоем". Але ўкраінскі прэзідэнт мяркуе, што "гэта была не тэхнічная праблема, гэта была воля".

Ён дадаў, што Украіна можа спыніць атакі на расійскую энергетыку толькі ў абмен на дадатковыя ракеты да комплексаў Patriot.

Украіна спыняла ўдары па расійскіх НПЗ пасля таго, як прэзідэнт ЗША Дональд Трамп дамовіўся з РФ пра пастаўкі дызельнага паліва. Пасля гэтага Трамп заявіў, быццам дамовіўся пра "энергетычнае замірэнне" паміж Масквой і Кіевам. Аднак расіяне працягнулі атакаваць украінскую энергетычную сістэму і жылыя раёны ўкраінскіх гарадоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі