Пратэсты ў Іране / ABACA / Mahsa / Middle East Images
Ужо каля двух тыдняў іранцы не выходзяць на пратэсты, а ўлады ўвялі неафіцыйную каменданцкую гадзіну. Пасля 18-й вечара на вуліцах могуць знаходзіцца толькі патрулі сілавікоў.
Пры гэтым інтэрнэт у краіне ўсё яшчэ блакіруецца ўладамі, і інфармацыя пра тое, што там адбываецца, прасочваецца з вялікімі цяжкасцямі.
У многіх гарадах Еўропы праходзяць акцыі ў падтрымку пратэстоўцаў у Іране. У Варшаве ў такой акцыі брала ўдзел 37-гадовая Тоска Голамі-Халджыры — іранка, якая жыве ў Польшчы з 2018 года. Паводле яе назіранняў, на апошняй акцыі значна менш іранцаў хавалі свае твары, баючыся пераследу сваякоў на радзіме.
— Таму што цяпер яны павінны баяцца нас, а не мы іх, — кажа Тоска Еўрарадыё. — Мы пратэставалі насупраць іранскай амбасады ў Варшаве. Людзі адкрыта скандзіравалі “Смерць Хаменеі”, “Джавід шах” (“Няхай жыве кароль”. — Еўрарадыё), “Жанчына, жыццё, свабода” — я не магла ўявіць сабе такое яшчэ нават тры гады таму.
І я сказала мужу: а што мы губляем? Адзінае, што робіць гэтая амбасада, — падаўжае пашпарты. Яны скажуць, што больш не будуць?
Еўрарадыё ў адказ заўважае, што менавіта так некалькі гадоў таму зрабілі беларускія ўлады. Тоска пра гэта ведае: у яе ёсць беларускія сябры ў Польшчы. У размове з іранкай мы адзначаем, як шмат у нас агульнага, і з якой жорсткасцю давялося сутыкнуцца жыхарам Ірана ў самым пачатку 2026 года.
У Іране Тоска працавала ў НДА. Яе спецыялізацыя — правы жанчын і дзяцей.
— Мы займаліся навучаннем дзяцей таму, як абараняць сябе ад гвалту, у тым ліку сексуальнага, праводзілі для іх майстар-класы, і нейкі час усё ішло добра. Але потым улады закрылі арганізацыю, усіх, хто быў з ёй звязаны, дапытвалі. Таму можна сказаць, што нешта працуе, а нешта — не, і з кожным годам становіцца ўсё горш.
Пасля гэтага ўсе сябры Тоскі, якія заставаліся ў краіне, апынуліся пад ціскам з боку дзяржавы і спынілі сваю дзейнасць. І цяпер іранка назірае, што ў краіне становіцца ўсё менш актыўных НДА.
Акрамя таго, яшчэ да эміграцыі іранскія ўлады арыштоўвалі яе мужа праз яго актыўнасць у Twitter, нават адабралі ў яго акаўнт.
Выезд на вучобу — самы даступны спосаб эміграцыі для іранцаў, але і ён у апошнія гады становіцца ўсё больш складаным для рэалізацыі. Часта гэта звязана з закрыццём дыпламатычных устаноў падчас абвастрэння сітуацыі ў краіне, што цягне за сабой перанос сумоўяў для атрымання візы або здачы моўных экзаменаў.
Пратэсты ў Іране пачаліся з забастоўкі прадпрымальнікаў на фоне росту інфляцыі і рэзкага аслаблення нацыянальнай валюты, але неўзабаве ахапілі ўсе пласты насельніцтва.
Тоска пастаянна падтрымлівае сувязь з сябрамі, якія жывуць у розных рэгіёнах Ірана. Ну як пастаянна — толькі калі спрацоўвае адзін з мноства VPN-сэрвісаў на тэлефоне. Дзякуючы ім яна даведваецца пра тое, што зараз адбываецца ўнутры краіны.
— Мая сяброўка распавяла, што некаторыя прадуктовыя крамы ўсё ж адкрыты, але ў асноўным базары, рынкі, усё, што звязана з золатам і валютай, — зачынена. Калі ў цябе ёсць бізнес і ты працуеш, да цябе прыходзяць і патрабуюць зачыніцца пасля шостай вечара.
Іншая мая сяброўка распавяла, што ў некаторых раёнах Мешхеда (на паўночным усходзе краіны) па вуліцах ездзяць машыны з гучнагаварыльнікамі — людзей заклікаюць заставацца дома і не выходзіць на вуліцу.
Але, акрамя колькасці ўдзельнікаў, зімовыя пратэсты вылучаліся і маштабам гвалту з боку ўлад.
— Стрыечны брат маёй сяброўкі быў паранены, калі спрабаваў уцячы: спачатку яму ў вока трапілі дзве так званыя гумовыя кулі. Яго адвезлі ў бальніцу, і яна распавядала, што лекары, парушаючы правілы, афармлялі людзей пад выдуманымі імёнамі, стараліся дапамагчы і як мага хутчэй выпісаць.
Яна бачыла ў тую ноч вельмі шмат целаў загінулых. Бальніца нават не магла іх выдаваць, і пад канец ночы ўзброеныя сілы прыязджалі і забіралі целы. Бо потым сем’і прымушаюць плаціць за “кулі”, каб атрымаць целы сваякоў.
Асабліва мяне ўразіла тое, што ў ноч на чацвер паўсюль была кроў, а ўжо ў пятніцу раніцай, прыкладна а 9–10 гадзіне, калі людзі зноў выйшлі на вуліцы, усё было прыбрана: асколкі шкла сабраны, кроў змыта, а камеры назірання, якія напярэдадні разбілі, ужо заменены на новыя.
Але ўсё было арганізавана: мы ведалі, куды ісці, дзе збірацца, што рабіць. А гэтым разам усе былі паўсюль — людзі збіраліся нават у маленькіх раёнах і на далёкіх вуліцах.
Падчас гэтых акцый, паводле назіранняў Тоскі, прагучаў толькі адзін заклік ад палітыка выходзіць на вуліцы — ад Рэзы Пехлеві, апошняга спадкаемца зрынутай іранскай манархіі. І гэта якраз прыпала на самыя гарачыя дні — 8 і 9 студзеня.
Тоска лічыць, што Пехлеві адыграў у гэтым руху не апошнюю ролю, і нясе за гэта адказнасць. Паводле яе назіранняў, большасць людзей пачала яго падтрымліваць, і яго заклік меў значэнне.
Пры гэтым удзельнікаў пратэстаў можна ўмоўна падзяліць на тры групы паводле іх поглядаў.
Сярод прыхільнікаў Пехлеві ёсць тыя, хто падтрымлівае манархію, і тыя, хто выступае за рэспубліку, але бачыць у ім лідара пераходнага перыяду. Але ёсць і тыя, хто яго не падтрымлівае.
— Я пыталася ў сяброў: што вы чулі на вуліцах? Яны казалі, што часцей за ўсё гучалі лозунгі “Смерць дыктатару”, “Смерць Хаменеі”. Але разам з гэтым крычалі і “Гэта апошняя бітва, Пехлеві вяртаецца”.
Я думаю, гэта таму, што ў іранцаў ёсць прыклад, на які можна азірнуцца: да ісламскай рэвалюцыі 1979 года ўладу ў Іране трымаў яго бацька. І, канешне, тады таксама ўсё было неідэальна. Менавіта таму людзі пачалі выступаць супраць. Але цяпер многія думаюць, што, магчыма, тады быў час для рэформаў, а не для рэвалюцыі.
У людзей ёсць мінулае, на якое можна азірнуцца. Там яны бачаць, што жанчыны атрымалі права голасу нават раней, чым у Швейцарыі, што галоўныя ўніверсітэты Ірана былі поўныя жанчын-студэнтак, не было абавязковага хіджаба, жанчыны займалі высокія пасады ў арганізацыях і ва ўрадзе.
Іран быў адкрыты свету. Мы гандлявалі з іншымі краінамі, да нас прыязджала мноства турыстаў. І я думаю, менавіта таму людзі зараз скандзіруюць яго імя.
У асяроддзі Тоскі няма прыхільнікаў Хаменеі, але яна слушна заўважае: “Калі б у рэжыму не было прыхільнікаў, хто б тады трымаў зброю ў руках і забіваў людзей?”
— Паводле майго асабістага пераканання, большасць насельніцтва Ірана з’яўляюцца закладнікамі ўзброенай меншасці.
Рызыка таго, што ЗША могуць нанесці ўдары па Іране, застаецца вельмі высокай. Для жыхароў краіны гэта вельмі адчувальнае пытанне. Калі Тоска задавала яго сваім блізкім, знаходзіліся і тыя, хто супраць, і тыя, хто прасіў дапамогі. У апошнім выпадку важна разумець, чаму.
— Іранскі народ ужо 47 гадоў спрабуе рознымі спосабамі справіцца з гэтым жудасным рэжымам. Спачатку людзі спрабавалі праз пратэсты, праз палітычную актыўнасць, праз розныя партыі. І якая была рэакцыя ўлад? Пакаранні смерцю, турмы.
Потым, у 90-я гады, іранцы абралі прэзідэнта-рэфарматара, які гаварыў пра дыялог паміж цывілізацыямі, пра правы чалавека і гэтак далей. Ён выйграў выбары з 21 мільёнам галасоў — гэта была рэкордная колькасць для прэзідэнта пасля рэвалюцыі.
Я тады была падлеткам, я памятаю, што мы былі поўныя надзеі — думалі, што гэтыя жорсткія абмежаванні ў медыя, у газетах, у выдавецтвах і ўвогуле ва ўсім будуць зняты, што мы зможам больш чытаць, што ў жанчын будзе больш свабоды.
І менавіта ў гэты час яны [улады. — Еўрарадыё] пачалі забіваць многіх актывістаў, пісьменнікаў, паэтаў з апазіцыі — прама ў іх дамах, самымі жорсткімі спосабамі. Гэта называюць “серыйнымі забойствамі 90-х”.
Тоска расказвае, што ў розныя дзесяцігоддзі гэта паўтаралася: людзі галасавалі за рэфарматараў, якія імі не аказваліся. Людзі выходзілі на пратэсты, і іх зноў душылі.
— Мы столькі разоў галасавалі. Мы так стараліся ісці мірным, грамадзянскім шляхам. І гэта не спрацавала.
А цяпер яны забілі дзясяткі тысяч людзей за два дні і ўчынілі крывавую бойню на вуліцах. Іран акупаваны рэжымам, якога народ не хоча і з якім немагчыма змагацца з пустымі рукамі.
Пры гэтым, па словах Тоскі, у іранцаў ёсць разуменне, што ЗША за сваю дапамогу будуць чакаць нешта ўзамен.
— Кажуць, што ЗША прыходзяць па нафту — калі ласка. У нас і так няма нармальнага гандлю. Мы хочам адкрыць рынак для ўсіх.
Ужо 47 гадоў гэты рэжым крадзе нашу нафту, прадае яе Кітаю танней, чым яна сапраўды каштуе, а народ ніколі не атрымліваў ад яе ніякай карысці. Што нам ад гэтага?
— Пратэсты спыніліся, бо працягвалася грамадзянскае непадпарадкаванне. Але цяпер усё змянілася. Людзі наўпрост патрабуюць змены рэжыму. Людзі больш не могуць дазволіць сабе так жыць, а ўрад больш не можа кантраляваць сітуацыю.
Я бачу сітуацыю так, быццам гэты рэжым трымаецца на найтанчэйшай нітцы. І яна можа парвацца ў любы момант. Калі не сёння — дык праз месяц.
У сакавіку — іранскі Новы год. У гэты час людзі звычайна купляюць новае адзенне, падарожнічаюць, у нас два тыдні святочных дзён. Мы збіраемся сем’ямі, накрываем сталы з ежай, садавіной, арэхамі — а кошты зараз вар’яцкія. Большасць людзей не змогуць сабе гэта дазволіць.
Так што гэта гісторыя не скончана. Вуліцы зараз ціхія — але гэта не значыць, што ўсё закончыцца. Гэта як вуголле пад попелам: адна іскра — і ўсё зноў узгарыцца.
Мой народ не ў бяспецы. Яны закладнікі. Але і рэжым больш не ў бяспецы.
To see this content visit the full version of this page.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут